Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пачаткам гэтага году ў шмат якіх міжнародных інстытуцыях палітычнае старшынёўства, якое мяняецца на ратацыйнай аснове, перайшло ў новыя рукі. Аглядальнікі зьвяртаюць увагу на чатыры сёлетнія зьмены такога старшынёўства — у Эўразьвязе, «вялікай васьмёрцы», СНД і Радзе Эўропы.

Грэцыя — Эўразьвяз

Апошнія тры гады Эўразьвяз разам зь Міжнародным валютным фондам ратавалі Грэцыю ад банкруцтва, зацьвердзіўшы ёй крэдыты і фінансавую дапамогу на агульную суму 320 мільярдаў даляраў.

І вось цяпер Грэцыя пераняла на шэсьць месяцаў старшынёўства ў Эўразьвязе, які будзе вырашаць, ці заслугоўвае краіна таго, каб працягваць ёй фінансавую дапамогу і выдзеліць чарговы пакет фінансавай дапамогі.

У нядаўнім выступе ў парлямэнце прэм’ер-міністар Грэцыі Антоніс Самарас заклікаў заканадаўцаў працягваць рэформы, сьцьвярджаючы, што краіна «ўжо ўстала на ногі і рухаецца ўперад».

Некаторыя назіральнікі ўсё ж выказваюць сумнеў у тым, ці ўраду Самараса ў пэрспэктыве бліжэйшых шасьці месяцаў удасца захаваць сацыяльна-эканамічную стабільнасьць у краіне з 30-адсоткавым беспрацоўем. У гэтым кантэксьце яны прыгадваюць старшынёўства Чэхіі ў Эўразьвязе ў 2009 годзе, калі ўнутраны палітычны канфлікт давёў да падзеньня чэскага ўраду — і краіна змарнавала непаўторны шанец узьняць свой імідж на міжнароднай арэне.

Расея — «вялікая васьмёрка»

«Вялікая васьмёрка» — гэта ЗША, Канада, Вялікабрытанія, Нямеччына, Італія, Францыя, Японія і Расея.

З 1 студзеня старшыняваць гэтай групе дзяржаваў на працягу 12 месяцаў будзе Расея.

«Вялікую васьмёрку» найчасьцей разглядаюць у якасьці інструмэнту для выпрацоўкі кансэнсусу адносна актуальных глябальных пытаньняў — прыкладам, адносна вайны ў Сырыі, барацьбы зь беднасьцю або пацяпленьня клімату. Старшынёўства ў гэтай групе самых моцных эканомік сьвету дае таксама шанец прасоўваць свае нацыянальныя інтарэсы.

Прэзыдэнт Расеі даў зразумець, што старшынёўства ягонай краіны ў «вялікай васьмёрцы» будзе галоўным чынам прысьвечанае барацьбе зь міжнародным тэрарызмам і кантрабандай наркотыкаў — абодва пытаньні служаць яму як апраўданьні для прасоўваньня рэпрэсіўных і абмежавальных захадаў як ва ўнутранай палітыцы, так і на постсавецкай прасторы.

Украіна — СНД

Шмат хто з украінцаў спадзяваўся, што іх краіна ўвойдзе ў 2014 год з падпісанай дамовай аб асацыяцыі з Эўразьвязам, якая адкрыла б Украіне шырэйшы шлях для інтэграцыі з Эўропай. Замест гэтага, Украіна будзе старшыняваць у Садружнасьці незалежных дзяржаваў — інстытуцыі, якая разглядаецца як адзін з інструмэнтаў Масквы для ўтрыманьня свайго палітычнага ўплыву ў васьмі постсавецкіх дзяржавах. Нечаканым у гэтым старшынёўстве — факт, што Ўкраіна насамрэч не зьяўляецца паўнапраўнай удзельніцай СНД, а ўсяго дзяржавай-назіральніцай.

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч заявіў, што прыярытэтам для СНД у 2014 годзе будзе гандлёвае і эканамічнае супрацоўніцтва. Ня выключана, што Януковіч схоча скарыстаць старшынёўства Ўкраіны ў СНД дзеля свайго пераабраньня прэзыдэнтам на выбарах 2015 году.

Азэрбайджан — Рада Эўропы

Азэрбайджан будзе старшыняваць у Камітэце міністраў — выканаўчым органе Рады Эўропы — з 1 траўня 2014. У Раду Эўропы ўваходзяць 47 краінаў. Беларусь, з увагі на выкананьне сьмяротнага пакараньня, у гэтую інстытуцыю не ўваходзіць.

Разам з Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы, Камітэт міністраў Рады Эўропы лічыцца «захавальнікам і ахоўнікам» эўрапейскіх каштоўнасьцяў — правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону ў палітычным працэсе ў Эўропе.

Парадокс у тым, што Камітэт міністраў Рады Эўропы да апошняга часу быў адным зь нешматлікіх рычагоў націску на Баку адносна парушэньня правоў чалавека ў гэтай аўтарытарнай краіне. Паводле азэрбайджанскіх праваабаронцаў, у іхнай краіне каля паўтары сотні палітвязьняў, уключна са значнай групай журналістаў. Пакуль невядома, якія пытаньні будуць узьнімацца ў Камітэце міністраў Рады Эўропы пад кіраўніцтвам Азэрбайджану.
XS
SM
MD
LG