Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Крэбс: Важна не рабіць уражаньня псыхічна хворага фанатыка


Радыё Свабода публікуе анкеты, у якіх нашы чытачы распавядаюць, як прыйшлі да беларускай мовы, і што яна значыць у іх жыцьці. Дасылайце вашы адказы!

Анкета «Жывая мова»

1. Чаму і як вы пачалі гаварыць па-беларуску?
2. Дзе і як вы карыстаецеся мовай?
3. Як мова дапамагла вам ў працы, жыцьцёвых сытуацыях?
4. Якія цяжкасьці стварыла?
5. Што б вы параілі «Свабодзе»?




1. На беларускую я пачаў пераходзіць у пачатку-сярэдзіне 1990-х на хвалі пратэстаў супраць лукашэнкаўскай палітыкі; таксама дзякуючы тагачаснай «Нашай Ніве», газэце «Свабода»; дзякуючы неверагодным артыкулам Сяргея Дубаўца, што перавярнулі маю нацыянальную сьвядомасьць; дзякуючы выкладчыкам беларускай у «ін'язе», што пачалі выкладаць на тарашкевіцы. У той час я паспрабаваў пісаць на мове, размаўляць з людзьмі на дэманстрацыях. На пытаньне «чаму» магу адказаць: менавіта ў той час я зразумеў, што я беларус.

2. Са сваімі дзецьмі я размаўляю выключна на беларускай; таксама ў «сваім» асяродку, г.зн. з аднадумцамі, журналістамі, беларускамоўнымі сябрамі дый увогуле з тымі, хто разумее яе. Пішу ў блогах, у фэйсбуку, на рыбалоўным форуме, камэнтую, вершы, пераклады – усё на мове. Я зараз лекуюся ад раку ў Ізраілі, таму ў паўсядзённасьці не выкарыстоўваю беларускую, але да ад'езду сюды выкарыстоўваў час ад часу ў «звычайных» жыцьцёвых абставінах – у крамах, установах і г.д. – у асноўным у залежнасьці ад асабістага настрою. Па працы (якой у мяне больш няма, дрэваапрацоўка) карыстаўся кропкава, з асобнымі людзьмі. Мае прапорцыі – беларуская/расейская = прыкладна 60/40.

3. Я заўважыў, што беларуская мова выклікае станоўчую рэакцыю і выдзяляе сярод іншых. І гэтым я актыўна карыстаўся – у размовах з выбарцамі падчас палітычных кампаніяў, зь беларускімі партнэрамі па працы, у жыцьцёвых сытуацыях, у афіцыйных установах. Пры гэтым заўсёды было важна не рабіць уражаньня псыхічна хворага фанатыка, а карыстацца мовай натуральна і размаўляць на ёй ветліва, выклікаць станоўчыя рэакцыі.

4. У прынцыпу ніякіх. Дадавала турботаў, калі змагаліся за стварэньне беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку, напрыклад. Але гэта ня цяжкасьці – гэта была асалода ад жыцьця))

5. Напэўна хацеў бы параіць перарабіць сайт. Сёньняшні сайт добры тым, што калі хочаш знайсьці аналіз падзеяў ці даведацца пра думкі вашых аўтараў, блогераў – ідзеш на яго. Але калі хочаш прачытаць навіны, даведацца пра апошнія падзеі – ідзеш некуды яшчэ, напрыклад на nn.by, хаця ён падае матэрыялы на значна ніжэйшым інтэлектуальным узроўні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG