Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нягледзячы на аўта-акцыі, а таксама збор віртуальных і рэальных подпісаў супраць увядзеньня дзяржпошліны на допуск аўтамабіляў да дарожнага руху, з 1 студзеня ўсе, хто праходзіць тэхагляд, мусяць заплаціць ад 3 да 10 базавых велічыняў у адпаведнасьці з масай машыны.

Ініцыятар пасьпяховых акцыяў «Стоп-бэнзін», якія праходзілі ў Менску ўлетку 2011 году, Арцём Шаркоў лічыць, што правал змаганьня супраць дзяржпошліны быў прадказальны:

Арцём Шаркоў

Арцём Шаркоў

«Подпісы, якія зьбіраліся пад электроннай пэтыцыяй, ня маюць ніякага значэньня, таму што зьбіраліся з парушэньнем дзейнага заканадаўства аб зваротах грамадзянаў і не на імя той асобы, якая прымае рашэньне наконт дзяржпошліны. Што да вулічнай акцыі, дык тут важна тое, што не было асобы, якая б узяла на сябе адказнасьць за арганізацыю. Калі арганізатар — віртуальны, то вядома, што і даверу да гэтай акцыі, і жаданьня ў ёй паўдзельнічаць у людзей будзе нашмат менш. Таму калі пасьля першай акцыі людзей даволі моцна запалохалі, то ахвотных атрымаць па шапцы і па кішэні і выехаць на другую акцыю амаль не засталося. У выніку паўторна акцыя практычна не адбылася. І можна сьцьвярджаць, што такі ж лёс напаткае і наступную акцыю, калі яна будзе заплянаваная».

Дзьмітры Прыгараў, аўтамабіль якога забралі на экспэртызу падчас першай акцыі «Стоп-падатак», якая прайшла ў Менску 20 сьнежня, паведаміў Радыё Свабода, што аўто яму ўжо вярнулі:

Дзьмітры Прыгараў

Дзьмітры Прыгараў

«Аддалі 31 сьнежня. З машынай усё ў парадку. Цэлая і непашкоджаная. Аднак вынікі экспэртызы будуць вядомыя толькі праз 2 тыдні. Мы прыехалі на экспэртызу, там з машыны ў месцы нанясеньня він-нумару зьнялі фарбу, зараз будуць рабіць экспэртызу нумару. Машыну адразу вярнулі.

Але тое, што з боку ўладаў не было нават ніякіх спробаў перагледзець працэдуру сплачваньня гэтага падатку, чарговым разам пацьвярджае, што ўлады да нас не прыслухоўваюцца і робяць, што яны хочуць. А тое, што мы зьбіралі подпісы, тое, што мы выяжджалі на знак пратэсту, было дарэмна, таму што нас ніхто не пачуў. Я думаю, што пабушавалі людзі і будуць зараз спакойна плаціць дзяржпошліну. Я раблю такую выснову, таму што другі раз практычна ніхто ўжо ня выехаў. Усе напужаныя. У нас такі мэнталітэт. Ня можам мы доўга змагацца. Ня можам адстойваць сваё. Вельмі крыўдна, вядома».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG