Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мітрапаліт абяцае вучыць мову і апраўдваецца за «чарнобыльскі кранік»


Напярэдадні сьвята Божага Нараджэньня ў Менск прыедзе новы кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, мітрапаліт Разанскі і Міхайлаўскі Павел. У нядзелю ён правёў апошнюю службу ў Разані. Уладыка Павел — рускі, нарадзіўся ў Казахстане, куды саслалі яго бацькоў, шмат гадоў прапрацаваў на Захадзе, апошнія дзесяць з паловай гадоў служыў у Разані. Напярэдадні прыезду ў Менск ён даў інтэрвію «Комсомольской правде в Беларусі».

«Я ня ведаю, што мяне будзе чакаць у Беларусі»

— Для нас вялікі навіной было ваша прызначэньне 25 сьнежня. Для вас таксама?

— Вядома, былі намёкі. Сьвяцейшы Патрыярх (Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл) чалавек дыпляматычны, можа свае здагадкі не выказваць, але нейкія сустрэчы арганізоўваць. Нібыта для мяне выпадковыя, а для яго не. Думаю, буду яшчэ перамотваць стужку свайго жыцьця апошніх месяцаў, апошніх гадоў. Можа быць, знайду кропку, зь якой ён пачаў мяне правяраць. Усё роўна да апошняга, да 25-га чысла, спадзяваўся, што нават калі і адбудзецца гэта прызначэньне, то, можа, у будучыні, а не цяпер.

— Цяжка зьяжджаць з Разані ?

— Шчыра сказаць, з сумам еду. Я ня ведаю, што мяне будзе чакаць у Беларусі. Сьвяцейшы мне казаў: «Выдатны народ, выдатная краіна. Уладыка, вы ніколькі шкадаваць ня будзеце». Я яму кажу: «Сьвяцейшы, я так прырос да Разані. Мне так падабаецца народ тут, я палюбіў гэта месца, палюбіў народ гэты». Ён кажа: «Уладыка вы яшчэ палюбіць Беларусь. Гэта выдатная краіна. Вы ведаеце?» — «Ды не, ня ведаю. Я ўсяго два разы быў. Адзін раз у 1988 годзе, і другі раз сёлета некалькі дзён быў на канфэрэнцыі толькі ў Менску». Ён кажа: «Вы даведаецеся яе і палюбіце. Паверце мне ».

— Дык чаму сумуеце ?

— Для таго, каб зразумець гэтую думку, трэба засвоіць адно паняцьце — любоў. Усе гэтыя дні было шмат званкоў-віншаваньняў. Тэлефанавалі мае былыя парафіяне з Ерусаліму, зь Нью-Ёрку, Аўстрыі, Будапэшту, зь Пячораў пскоўскіх. Вы ведаеце, мне адусюль было цяжка і сумна зьяжджаць! Я прыкіпаў да гэтых людзей. Але гэта ня значыць, што ідзе адрынаньне Беларусі — не, сябры мае. Наша хрысьціянская любоў валодае гэтай якасьцю: сэрца можа зьмясьціць ня толькі аднаго чалавека, ня толькі адну паству, а ўсіх людзей. Я еду з надзеяй, як казаў наш Сьвяцейшы, што ў Беларусі сапраўды выдатныя людзі. Калі мы навучымся ў кожным чалавеку бачыць вобраз Божы, мы зможам палюбіць ўсіх. Я еду з такім настроем. І ў надзеі, што сапраўды палюблю і аддам усе свае веды, любоў, сілы і здароўе.

«Уладыку Філарэта адрозьнівае неверагодная вытрымка і такт»

— Вы будзеце мець зносіны зь мітрапалітам Філарэтам у Менску?

— Думаю, так. Ён вельмі паважаны чалавек — сапраўдны добры пастыр. Таму яго і народ любіць, і пастыры. Мне, вядома, будзе пасьля яго цяжкавата. Буду спадзявацца на паблажлівасьць вашу і народу. Пад яго кіраўніцтвам я нёс послух у Ерусаліме, калі ён быў старшынём аддзелу зьнешнецаркоўных сувязяў, вельмі часта зь ім меў зносіны. Для мяне гэта самы аўтарытэтны чалавек. Я яго вельмі паважаю і люблю. У параўнаньні зь ім я неспрактыкаваны чалавек, непісьменны і малады. А ён сапраўды масьціты архіпастыр. Будзем спадзявацца на ласку вернікаў, на іх паблажлівасьць. Што яны патрываюць мае немач і слабасьць. Патрываюць і памоляцца.

— Пры Ўладыку Філарэце службы ў Беларусі пачалі весьці на беларускай мове. Вы будзеце вучыць мову ?

— Наколькі ўдасца, вядома. Там, дзе я нёс царкоўны послух, трэба было вучыць мовы. Трэба было і ангельскую вучыць, каб мець зносіны зь людзьмі. Вядома, паспрабую, наколькі змагу. Буду старацца. Наколькі гэта будзе магчыма.

«У мяне няма нянавісьці ні да камуністаў, ні да каго-небудзь іншага»

— Ці бачылі рэакцыю на ваша прызначэньне ў нашай краіне?

— Трохі. Мяне ўжо называюць кансэрватарам, кажуць, што я ненавіджу Захад і камуністаў. Вядома, з аднаго боку, я сьмяюся, кажу дзякуй за камплімэнт, за тое, што мяне назвалі кансэрватарам. У нас у царкве кансэрватар — гэта не адмоўны герой, а станоўчы. Лічыцца вельмі нават выдатна, калі чалавек умее захаваць добрае. А што тычыцца нянавісьці — дарэмна. Таму што я імкнуся ня мець нянавісьці да людзей. Трэба не людзей судзіць, а грэх і заганы. Вось заганы мы павінны асуджаць, але ні ў якім разе не чалавека. У мяне няма нянавісьці ні да камуністаў, ні да каго-небудзь іншага. Я ведаю шмат прыстойных і добрых людзей — і камуністаў, і лібэралаў, і дэмакратаў. Ведаю і дрэнных праваслаўных хрысьціян. Усюды ёсьць розныя людзі.

— Пра вас пакуль судзяць па аднаму відэа з інтэрнэту, у якім вы пагражаеце Захаду адкрыцьцём «чарнобыльскага краніка». Што вы мелі на ўвазе?

— Вырвалі з кантэксту мой выступ, і ён гучыць неяк трошкі дзікавата. Гаворка ішла пра тое, што з Расеяй нельга гаварыць з пазыцыі сілы, навязваць тое, чаго мы ня хочам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG