Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чак Норыс зь віншаваньнем па-беларуску


Пакуль яшчэ ў паветры лунае водар сьвятаў ды набліжаецца праваслаўнае Раство, Свабода знаёміць з цікавымі сьвежымі сьвяточнымі відэа па-беларуску, якія зьявіліся ў інтэрнэце гэтымі днямі.

Некалькі дзён назад Свабода падрыхтавала падборку фільмаў на Новы год у беларускім дубляжы, сярод гэтых фільмаў быў і знакаміты «Адзін дома».

Тым часам супольнасьць «Futubela» за некалькі гадзін да новага году прэзэнтавала на сваёй старонцы ў беларускім шматгалосным дубляжы другую частку «Адзін дома 2: Згублены ў Нью-Ёрку»!



Чак Норыс павіншаваў беларусаў з Нараджэньнем Хрыста і Новым годам па-беларуску! Такую неспадзяванку перад Калядамі падрыхтавала ініцыятыва «Кінаконг», якая таксама займаецца перакладамі вядомых фільмаў і трэйлераў на беларускую мову. Гэтым разам яны пераклалі нашумелы ролік, у якім вядомы кінаактор Чак Норыс даў свой адказ шпагату Жан-Клода Ван Дама.

У якасці каляднага падарунка Чак чытае вытрымку з «Гамлета». На беларускую мову агучыў ролік Аляксандр Памідораў.



Навагодні фільм-канцэрт «Бывай, Зямля!» / «Снежны завулак 14», аўтарам якога, як і папярэдніх навагодніх шоў тэлеканала «Белсат», зьяўляецца Лявон Вольскі, таксама пасьля сьвяточнага эфіра цяпер дасяжны ў інтэрнэце. Галоўныя дзейныя асобы — вядомыя ў Беларусі творчыя людзі: Ганна Хітрык, Павел Харланчук, Наста Шпакоўская, Раман Падаляка, Глеб Лабадзенка ды іншыя. Жанр навагодняга шоў на «Белсаце» — асарці ад камэдыі да містыкі-фантастыкі. Сюжэт — выкраданьне кіраўніка адной краіны на фоне ўварваньня іншаплянэтнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG