Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы год на Майдане

абноўлена

Шэсьце нацыяналістаў у Кіеве на дзень нараджэньня Бандэры
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:34 0:00
Наўпроставы лінк

Шэсьце нацыяналістаў у Кіеве на дзень нараджэньня Бандэры

Карэспандэнт «Свабоды» сустрэў Новы год на майдане ў цэнтры Кіева, дзе тысячы ўкраінцаў дамагаюцца адстаўкі ўраду і прэзыдэнта сваёй краіны ды патрабуюць вяртаньня на шлях эўраінтэграцыі.

Колькі зарабляюць удзельнікі майдана?

Як аказалася, пытаньняў пра грошы на Майдане не баяцца. Ва ўсякім разе ніхто з суразмоўцаў не адказваў на мае распытваньні пра грашовае ўтрыманьне майданаўцаў альбо маўчаньнем, альбо завучанымі сказамі, кшталту «не-не, нам ніхто даляраў не плаціць, гэта ўсё брэша Януковічава прапаганда».

Вось Анатоль Казьлюк з Адэсы. Працуе ў заацырку, даглядае і дрэсіруе жывёл. Некалькі гадоў папрацаваў у Грэцыі. Зарабіў, а зараз пакрыху, як кажа, растрачвае заробленае тут, на Майдане, прыяжджаючы сюды на тыдзень-два разам з групай адэсітаў. На паездку яны скінуліся разам, а пакуль тут майданяць, ў Адэсе аднадумцы зьбіраць грошы, дасылаюць сюды, каб іх прафінансаваць. А наконт таго, што тут ён нешта заробіць і гаворкі не было адразу. Кажа, што прыехаў праз пазоў сэрца. «Мы прыехалі ў Кіеў каб адстойваць нашы правы. Мы змагаемся, каб было добра на Украіне, каб ўсе ўкраінцы жылі добра. Хто гэта ўсё фінансуе? Захад? Ды не. Мы ўсе самі скідваемся, людзі даюць ад свайго шчырага сэрца, колькі хто можа. Вось я патраціў у апошні раз недзе 400 грывень (каля 50 даляраў — А. Г.), хтосьці болей, хтосьці меней. У нас няма абавязковых унёскаў, хто колькі можа. Нашых з Адэсы тут адначасова каля 50 чалавек, вось падлічыце нашы фінансы. Людзі мяняюцца, адны зьяжджаюць, на іх месцы прыяжджаюць іншыя. Наш штаб клапоціцца пра гэтыя перавозкі, замаўляе аўтобус».

Анатоль Казьлюк з Адэсы
Анатоль Казьлюк з Адэсы




Паводле Анатоля Казьлюка, харчаваньне людзей на майдане было б немагчыма, калі б не дапамога кіеўлянаў і людзей з навакольных гарадоў, якія ўвесь час прывозяць сюды харчы. Як сьвежыя прадукты, гэтак і кансэрвы. Сьведчу: за два дні знаходжаньня на майдане не бачыў тут каўбас, але хапала сала з часныком, гарбаты з самым розным варэньнем, хлеба, гарачага кампоту, каш і супоў, кшталту харчо. Гарачае можна было паесьці толькі ў пэўны час, а вось гарбату і гарачы кампот прапануюць амаль бесьперапынна. Чаго не хапае на майдане, дык гэта кавы.

Майдан стаіць ужо месяц, і колькі яшчэ гэта можна цягнуцца? Анатоль кажа, што яны маюць намер стаяць на майдане «пакуль ўся навалач — гэтыя Януковіч, Медзьвядчук, Пшонка, Азараў — ня сыдуць». Цікаўлюся, а дзе, на ягоную думку гарантыя, што ад іх ўлада пяройдзе да сапраўды сумленных людзей, а не да чарговых «прадажных палітыканаў». Гарантыя няма, пагаджаецца Анатоль і спадзяецца на народ, на тое, што калі не спадабаецца новы кіраўнік, яго гэтаксама заменяць на іншага, лепшага. У дадзены момант Анатоль з аднадумцамі падтрымлівае партыю «Удар» Віталя Клічка і верыць яму. «А там паглядзім, што будзе».

Ахоўнік зь «ліхтаром пад вокам»

​У Доме прафсаюзаў, які фасадам выходзіць на Майдан, разьмясьціліся структуры абслугі плошчы: кухары, мэдыкі, ахоўнікі, валянтэры іншых службаў, ў тым ліку тыя, хто вядзе запіс ў грамадзкае аб’яднаньне «Майдан» і прымае ўнёскі ад прыхільнікаў. (31 сьнежня, яшчэ за некалькі гадзінаў на Новага году стаялі чэргі людзей, каб запісацца ў гэтае аб’яднаньне.)




Кіраўніка аховы Палацу прафсаюзаў завуць Аляксандр Лаўрэнка. Ён з гораду Белая Царква, што непадалёк ад Кіеву. Паводле прафэсіі Аляксандр трэнэр фізычнай культуры. Сіняк пад вокам выдае ў ім чалавека, які не баіцца прыгодаў. Сам гэта пацьвярджае — гэты майдан для яго другі, на першым ён стаяў за Юшчанку, пра якога зараз кажа, што той «іх ўсіх кінуў». Пра «ліхтар» тлумачыць коратка — у адну з начэй адбіваўся ад правакатараў. Аляксандр кажа, што ня спаў ўжо некалькі начэй, але знаходзіць час на інтэрвію і на тое, каб ўладкаваць карэспандэнта «Свабоды» на начлег.





Спачатку пытаюся пра заробкі ды фінансаваньне. Паводле Аляксандра, сам ён нічога не атрымлівае, але харчуецца з агульнага катла ды сьпіць, калі давядзецца, тут, на коўдрах, што прынесьлі людзі. Вось гэта і ёсьць ягоны заробак. Узяць ў нас грошы ў якасьць фінансавай дапамогі Аляксандр адмовіўся. Сказаў, што калі хочам падтрымаць, дык можам укінуць грошы у пэўную скрыню. Перад намі стаяла скрыня з надпісам «На паліва». Аляксандр, як мне падалося, зьдзівіўся, што мы не сфатаграфаваліся, калі ўкідвалі ў яе грошы. «Звычайна замежнікі ў такі момант фатаграфуюцца», — быў ягоны камэнтар.



Паводле Аляксандра, за дзень скрыня напаўняецца напалову. Такіх скрыняў некалькі. Зь іх трэба аплачваць паліва для шматлікіх генэратараў, якімі сілкуюцца электрапрыборы на майдане, а таксама плаціць за арэнду Доме прафсаюзаў. Унёскаў, паводле Аляксандра, ледзь-ледзь, але хапае. Ці ёсьць фінансаваньне з іншых крыніц? Аляксандр гэтага не выключае, кажа пра мясцовых бізнэсмэнаў. Згадвае, як на ягоных вачах «адна людына кінула цэлы "прэс грывен", а другая — ахвяравала 4 тысячы даляраў». Пытаюся, можа ён што ведае пра гэтых жанчын? Суворы твар галоўнага вартаўніка штабу рэвалюцыі асьвятляе дзіцячая ўсьмешка: людына па-ўкраінску гэта чалавек...

Але збольшага ў фінансавых праблемах ён не знаўца — бо сам адказвае толькі за ахову. З чаго складаюцца ягоныя абавязкі? Найперш гэта падабраць зьмены дзяжурных ахоўнікаў, наладзіць іх папераменную працу, забясьпечыць іх неабходным для дзяжурства. Паколькі людзі ўвесь час мяняюцца, то шмат высілкаў ідзе на тое, каб закрыць «вакансіі». Таму Лаўрэнку даводзіцца і самому, як шарагоўцу, стаяць на ўваходзе ў палац ды правяраць пашпарты ці любыя іншыя дакумэнты. Што гэта не фармальныя захады бачыў сам — да мяне Лаўрэнка не пусьціў у Палац прафсаюзаў хлопца без дакумэнтаў.



Якую праграму пераходу дзяржаўнай ўлады да майдана бачыць Аляксандр?

«Тут галоўнае не грошы, а дух майдана. Мы можам не спаць днямі. Вось я ўжо 4 дні не спаў, ўсё ў працы, і нічога, адчуваю сябе нармальна. Колькі мы яшчэ пратрымаемся? Пакуль прэзыдэнта не перабярэм. Нам трэба прыбраць Януковіча і гэтую банду. Банда будзе аказваць супраціў, але мы іх культурна, маральна, законным шляхам прыбярэм. Ад Януковіча мы зараз патрабуем зрабіць часовы ўрад, які будзе легітымным, з новым кіраўніком ўраду. Міліцыя ўжо хоча перайсьці да нас, бо ня хочуць больш ахоўваць Януковіча, якога ўсе лічаць зэкам».


Украінскі пэнсіянэр пра «ахвяраваньні вэтэранам СБУ»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:16 0:00
Наўпроставы лінк

Юры Бобрышаў, пэнсіянэр з Запарожжа


Сыстэма калідорная

Знаёмы журналіст з Беларусі гэтак сама прыехаў на сустрэчу Новага году ў Кіеў і спыніўся ў гатэлі «Украіна», які ўзвышаецца над майданам. Пра ўражаньні ад начоўкі сказаў каротка: «Відовішча было кляснае».



Мы з жонкай вырашылі прынцыпова начаваць у навагоднюю ноч менавіта на майдане. Было два варыянты: альбо намёт, альбо проста не класьціся спаць і ўсю ноч танчыць каля эстрады. У большасьці намётаў стаяць печкі-«буржуйкі», унутры поўна коўдраў, — то бок умовы мінімальныя, але прымальныя. Праблема была ў іншым — вольных месцаў у намётах няшмат. Бо на сустрэчу Новага году папрыяжджалі знаёмыя сталых жыхароў майдана, а гэта значыць, што кожны начальнік «кураню» задумаецца, ці браць цябе на начоўку. Танчыць да раніцы пад завадныя гуцулкі — сілаў ня хопіць, ня той ўзрост. І тут зьявіўся трэці варыянт. Начальнік аховы палаца прафсаюзаў прапанаваў нам месцы ў сваім «завядзеньні» — на падлозе ў калідоры. Усяго такіх калідораў у палацы — 7, за выключэньнем першага паверха. На кожным магло ўмясьціцца да 100 чалавек. Прынцып засяленьня прыкладна аднолькавы на ўсіх паверхах. У нішы каля ліфта — склад коўдраў і падсьцілак, прынесеных кіеўлянамі. Выбірай, знаходзь вольны квадратны мэтар і залягай. Нам асабіста дастаўся пятачок ля прыёмнай прафсаюзнай «спілки працівників рыбної промисловості».





Ляжалі, як сказаў адзін з майданаўцаў, «як бычкі ў тамаце». Збольшага на цісканіну ніхто не скардзіўся, але адзін канфлікт на нашых вачах ўсё ж адбыўся: жанчына вярнулася да раней прыгатаванай на падлозе ляжанкі, а тая занятая. Пацярпелая падняла вэрхал, які спынілі такія ж, як яна «пастаяльцы»: Тут вам не гатэль, кладзіцеся побач, пакуль яшчэ ёсьць куды. Скарылася і моўчкі лягла.

Аднак, каб у такіх умовах заснуць, пры ўсёй стомленасьці, трэба было пастарацца: сьвятла не выключаюць, па калідоры ўздоўж сьцяны ўвесь час нехта прабіраецца (па тваіх нагах), вартаўнікі кагосьці праганяюць, кагосьці разьмяшчаюць. Яшчэ дакучалі мабільныя тэлефоны. Прыкладам, суседка, скрыпачка са Львову, якая ўдзень выступала перад купкай майданаўцаў, сярод ночы гучна распавядае пра свой «выдатнейшы» посьпех перад шматтысячнай аўдыторыяй. Добра што ад падлогі паднялася галава і без выкрутасаў прапанавала «вялікай артыстцы» заткнуцца. Маэстра, праўда, не пакрыўдзілася, а хуценька сьцішыла размову да шэпту.

Пасьля 3-й гадзіны навагодняй ночы вольнага месца ў калідоры зусім не застаецца, а людзі ўсё падцягваюцца. Што было рабіць? Хто сыходзіў зусім, хто чакаў на лесьвіцы, пакуль не вызваліцца які закуточак. Адказныя за паверх рэгулярна абыходзілі сваю тэрыторыю з просьбай да тых, хто ўжо паспаў хоць пару гадзінаў, даць магчымасьць адпачыць іншым. Некаторыя падымаліся і такім чынам зьмена пастаяльцаў сапраўды адбывалася. Але ў 9 раніцы з калідору паднялі ўсіх — пачалася прыборка. Праз 5 хвілінаў мы зноў былі на майдане. Прычым ўжо даволі чыстым — сьмецьце вакол эстрады было большасьцю прыбранае, нават падмялі канфэці, якое падчас навагодняга салюту сыпалася з неба на галовы больш як 100 тысяч майданаўцаў.



Ці парушалі майданаўцы «сухі закон»?

На праходах праз барыкады да майдану вісяць папярэджаньні, што гэта зона без алькаголю і без наркотыкаў. Пра другое нічога не скажу, бо ніколі не ўжываў, а пра алькаголь засьведчу, што на самім майдане яго не бачыў зусім. (Акрамя як ў сваім заплечніку ў бутэльцы з-пад лідзкага квасу было якіх два кубкі чырвонага віна). Гэтае віно мы з жонкай выпілі пасьля за новы год. Але гэта было ўжо каля двух гадзінаў ночы і не на самім майдане, а на яго пэрыфэрыі. Пад салат аліўе, які раздавалі ўсім жадаючым, было вельмі смачна. Пакуль прабіраліся да «месца злачынства», бачыў пару пустых бутэлек з-пад шампанскага. Чэсна — гэта ўся навагодняя шклотара, якую бачыў.



А ўвогуле, ці можна было выпіць, як ў нас прынята, «пад бой курантаў»? У гэты запаветны момант мы з жонкай стаялі ў натоўпе, які, паводле некаторых пазьнейшых падлікаў, налічваў ад 100 тысяч да паўмільёна. Стаялі шчыльна, але не да такой ступені, каб зусім не паварушыцца і пры жаданьні не дастаць з кішэні бутэльку і кілішак. Аднак вакол ніхто у кішэню не палез. Людзі проста віншаваліся, абдымаліся, падпявалі песьням Русланы, танчылі. Мне падалося, што пра алькаголь у такі момант ўсе проста не думалі — эўфарыі хапала і без яго.

Назаўтра, ўвечары 1 студзеня, калі мы прабіраліся праз майдан да выхаду на Крышчацік, назіраў за такім інцыдэнтам: на зямлі ляжаў малады хлопец, якому аказвалі дапамогу лекары. Хлопец варушыўся. Людзі казалі, што яму стала блага, але ад чаго, ніхто ня ведаў. Праз 5 хвілінаў хуткая, відаць з гэтым хлопцам, абагнала нас на вуліцы. Гэта ўсе інцыдэнты, якія мы назіралі.



Далікатная тэма

Але — хлушу. Яшчэ быў адзін. Бліжэй да вечара 31 сьнежня вядучы з эстрады абвясьціў, што ў майданаўцаў працягваецца канфлікт з дарожнай інспэкцыяй
міліцыі. Маўляў, міліцыянты зноў затрымалі аўтамабіль, які ехаў на майдан на дапамогу, дык патрэбныя 100 валанцёраў, каб «яго адбіць». На нашых вачах пацяклі чалавечыя ручайкі з усіх куткоў плошчы і хутка больш як тысячны натоўп пабег ўгору па адной з радыяльных вуліц. Засьведчу, што ў натоўпе былі ня толькі маладыя хлопцы, але і жанчыны, нават бабулі. Адна кульгала побач ды ўсе кляла «таго Януковіча за тое, тое ды тое...» На пуп гары мы з бабуляй гэтак і не падняліся. Праз 10 хвілін натоўп ужо каціўся назад нам насустрач. Наперадзе, як калясніца трыюмфатара падчас шэсьця ў Рыме, ехала зялёная асэнізатарская помпа. З дапамогай гэтакіх бочак майданаўцы прачышчаюць свае «аўгіевы стаўні» — біяпрыбіральні вакол майдану. Кіеўскае пераможнае шэсьце адбывалася пад дружнае «Банду-гець!», «Банду-гець!».

Паколькі закрануў туалетную тэму, то распавяду пра гэта крыху больш. Колькі лазіў па лябірынтах сярод намётаў на самім майдане, ніколі не адчуваў паху мачы. Хаця палова намётаў стаіць на зямлі клюмбаў і невялікіх газонаў, але, відаць, майданаўцы ўстрымліваюцца ад выкарыстаньня яе пад чалавечыя патрэбы. Дзеля гэтага па пэрымэтры майдану ў розных месцах стаяць кабінкі біятэалетаў. Праблема, аднак, ў тым, што пасьля масавых сходаў гэтыя прыбіральні актыўна выкарыстоўваюць і таму потым стаяць зачыненыя, чакаючы чарговай «помпы». Таму нават у звычайны час каля тых прыбіральнаў, што працягваюць дзейнічаць, стаяць чэргі. За навагоднюю ноч правілы санітарыі, канешне, маглі парушацца часьцей. Груба кажучы, нехта мачыўся і на асфальт. Але з наступствамі ночы майданаўцы змагаліся неадкладна. Увечары 1 студзеня «пахучы» кавалак на ходніках ужо быў засыпаны апілкамі.

Міліцыя з народам?

Гэты лёзунг мы чулі падчас мітынгу на майдане, але хутчэй гэта ўсё ж палітычны заклік, чым рэчаіснасьць. Па-першае, ніводнага міліцыянта на майдане няма. Спачатку мы думалі, што яны не паказваюць сюды носу, бо па-першае, баяцца, па другое, там ім няма чаго рабіць. За парадкам жа сочаць самі майданаўцы, а загаду разганяць ці хапаць ўлада міліцыі не дае, бо цяпер баіцца справакаваць яшчэ большы майдан. Але, верагодна, сытуацыя больш складаная. Калі ўдзень 1 студзеня мы адышлі ад майдану ў бок да Эўрапейскай плошчы, то ўбачылі за ёй шчыльны кардон зь міліцэйскіх аўтобусаў і супрацоўнікаў са шчытамі ды ў касках. Ну адзін да аднаго нашы амапаўцы ў поўнай баявой вопратцы 19 сьнежня 2010 году! Такія ж «ніндзя» сустрэліся нам на падыходзе да будынку Вярхоўнай рады, пачынаючы ад Марыінскага парку і да Дняпра.



Мы якраз шукалі Ўладзімірскую горку і калі спыталі афіцэраў-міліцыянтаў, як да яе прайсьці, то нечакана пачулі ў адказ, што яны самі ня ведаюць, бо не мясцовыя. Вось як! А на пытаньне, адкуль яны — маўчаньне. Стала зразумела: з розных месцаў Украіны пазвозілі міліцыянтаў на ўзмацненьне кіеўскай дружыны.

Пакуль аб’яднаныя сілы трымаюць на падыходах да самых істотных дзяржаўных будынкаў, а што будзе далей — пакажа час. Майданаўцы кажуць, што ў іх мірны шлях да ўлады, але ўлада баіцца, што гэта толькі словы. Сама ўлада пасьля канфузу 30 лістападу публічна заяўляе, што людзі маюць права на мірныя сходы і ім ніхто не будзе перашкаджаць, але майдан гэтаму ня верыць і мае рацыю: «Беркут» тады кінулі ноччу на некалькі соцень студэнтаў, каб зьнішчыць з плошчы Незалежнасьці зародак народнага супраціву. Па-мойму, канат ў гэтым двубоі пакуль туга нацягнуты і не бачна, чый бок перамагае.


Праціўнікі майдану і тыя, хто захоўвае нэўтралітэт

Паколькі мітынг праціўнікаў майдану ў Марыінскім парку згарнуўся яшчэ да Новага году, знайсьці тых, хто актыўна супрацьстаіць майданаўцам, аказалася нялёгка. Але крытыкі майданаўскага руху ўсё ж самі давалі пра сябе знаць.

31 сьнежня мы затрымаліся каля сьцяны з дошак, на якіх прыхільнікі майдану пішуць назвы сваіх гарадоў. У асноўным гэта гарады Ўкраіны, але хапае назваў і зь іншых краін сьвету. Вельмі хацелася знайсьці там і наш Менск, хай і пад назвай Мінск.

Раптам да нас наблізіліся два модна апранутыя хлопцы. Відаць, убачылі на жонцы шалік са словамі «Жыве Беларусь».

«А вы, што, зь Беларусі?!» — не хавалі яны зьдзіўленьня. Мы пачалі былі адказваць, ажно прагучала ўдакладненьне: «Дык вы гэты эўрабардак падтрымліваеце? Ну і ....» (далей — лаянка па-расейску, дакладней — па-інтэрнацыянальнаму).

Пагутарыць з хлопцамі даўжэй не ўдалося — яны зьніклі ў натоўпе.

Наступным разам з крытыкам майдану я сутыкнуўся прыкладна за гадзіну да Новага году, у шчыльным натоўпе ў цэнтры плошчы. Пасьля выступаў лідэраў апазыцыі Клічко, Цягнібока і Яцанюка хлопец побач са мною пачаў крытыкаваць тое, што палітыкі-апазыцыянэры казалі пра вялікую падтрымку майдану па ўсёй Украіне.

«Вось я з Запарожжа, і там мае знаёмыя зусім не падтрымліваюць майдан, а з былой сваёй дзяўчынай наконт майдану я зусім пасварыўся», — паведаміў малады чалавек, якому яўна карцела выказаць свае сумненьні.

Паводле яго, курс на Эўразьвяз небясьпечны для буйных прадпрыемстваў Запарожжа разрывам адносінаў з расейскімі партнэрамі, а гэта будзе азначаць эканамічны каляпс рэгіёну.

«Мае знаёмыя, хто хоча, і так могуць езьдзіць у Эўропу на заробкі, тут няма праблемы. Але зусім уступаць у Эўразьвяз нам ня трэба», — даводзіў суразмоўца.

Наконт Клічко, Цягнібока і Яцанюка ён мяркуе, што тыя ня маюць зразумелай палітычнай праграмы, таму і не прапануюць яе людзям на Майдане.

Потым ён «кінуў пробны каменьчык» зь іншага боку: сказаў, што дарма прыхільнікі эўрапейскага курсу робяць нацыянальнага героя са Сьцяпана Бандэры, які змагаўся ў тым ліку з Чырвонай Арміяй.

«Вось мой дзед і бабуля былі ў Чырвонай Арміі, а што зараз выходзіць? Яны ворагі? Трэба шукаць фігуры, якія прыміраюць, а не разьядноўваюць. Таго ж Багдана Хмяльніцкага», — прывёў прыклад малады чалавек.

А што ён сам робіць на майдане, калі ня згодны зь ягонымі ўдзельнікамі?

Гэтаму пытаньню малады запарожац не зьдзівіўся і патлумачыў: тут такіх шмат, хто ў нечым нязгодны, але збольшага падтрымлівае рух супроць улады:

«Яны толькі багацеюць і нічога для народу ня робяць», — казаў ён пра ўрад і дэпутатаў Вярхоўнай Рады.

Але на майдан ён прыехаў ня толькі з палітычных прычын. Не прывабіў яго варыянт сустрэчы Новага году, прапанаваны сябрамі.

«Яны нанялі кватэру ў горадзе, накупілі на два дні гарэлкі ды ежы. Мне гэта нецікава», — сказаў мой суразмоўца на разьвітаньне.



Што кажуць кіяўляне?

А каго больш — прыхільнікаў ці праціўнікаў Майдану — сярод жыхароў украінскай сталіцы Кіева?

У мэтро нам здаралася лавіць на сабе (а мы былі з заплечнікамі і выглядалі як майданаўцы) ня толькі пазытыўныя, але і асуджальныя позіркі. Зрэшты, можна зразумець і тых кіяўлянаў, каму майданаўскія падзеі проста замінаюць у побыце — уявіце, што цэнтар гораду ўжо месяц перакрыты для нармальнага руху. І ўсё ж, што для кіяўлянаў важнейшае: зручны і стабільны побыт — ці лёс роднай краіны?

Увечары 1 студзеня ў кавярні «Два гуся» на Крашчаціку мы сустрэлі прыстойную, салідную сямейную пару. Сівы мужчына зьняў дублёнку і застаўся ў махеравым швэдры пад старую камізэльку. Адразу стала зразумела: яны таксама прыйшлі сюды пагрэцца і пад’есьці з майдану.

Васіль Іванавіч — кіяўлянін у чацьвёртым калене, былы намесьнік старшыні аднаго зь дзяржкамітэтаў УССР. Цяпер яму за 60, мае чатырох сыноў, унукі ўжо дарослыя. Ягоная жонка сама нарадзілася ў Расеі, а ў савецкім Кіеве таксама была адказнай чыноўніцай. Цяпер — заўзятая ўкраінская нацыяналістка.

«Сваякі клічуць жонку бандэраўкай. Яна большая нацыяналістка, чым нават я», — пажартаваў Васіль Іванавіч і пачаў апавядаць пра сваё бачаньне сытуацыі. Паводле яго, майдан у Кіеве падтрымлівае большасьць гараджанаў. Асабліва гэта бачна ў нядзелю, калі на плошчу на народнае веча зьбіраюцца сотні тысяч.

«Усе мае дзеці і ўнукі падтрымліваюць і прыходзяць. Нават тыя сваякі, хто зь нечым нязгодны, яны ўсе супроць Януковіча».



Асобе прэзыдэнта Ўкраіны ад Васіля Іванавіча і ягонай жонкі дасталося напоўніцу. Згадалі, што ў маладосьці той двойчы быў судзімы, што ня мае досьведу кіраваньня, апроч пасады кіраўніка аўтабазы, што атачыў сябе людзьмі з крымінальнай біяграфіяй і паўсюль рассаджвае сваіх.

Кульбіт з разваротам ад Эўропы да Расеі спадар Васіль тлумачыць тым, што на Януковіча ў Крамлі ёсьць кампрамат, а далей пазыкамі яго прыцягнуць да Расеі гэтак, што ўжо ня вырвецца.

Як былы гаспадарнік Васіль Іванавіч нэгатыўна ацэньвае магчымасьць мадэрнізаваць украінскую эканоміку з дапамогай Расеі. «Яны хочуць нашу трубу, як узялі ўжо вашу. Зараз Януковіч прадасьць расейскім алігархам буйныя заводы, а тыя разваляць усё, што яшчэ засталося, бо не зацікаўленыя ў канкурэнтах», — згодная зь ім жонка.

Вось каб гэтага не адбылося, спадар Васіль з жонкаю другі месяц прыходзяць на майдан, нясуць сюды закаткі, прыгатаваныя для ўнукаў, за свае пэнсійныя грыўні купляюць коўдры для жыхароў намётаў.

«Але з намі, як зь беларусамі, у Расеі ня выйдзе. Украіна іншая, нас яны не праглынуць», — запэўнівае перад разьвітаньнем спадар Васіль.

Мы сьпяшаемся на бульвар Шаўчэнкі, дзе мае прайсьці факельнае шэсьце ў гонар 105-х угодкаў нараджэньня Сьцяпана Бандэры. Колькі там будзе народу?

Тое, што мы ўбачылі на бульвары, яшчэ раз пераканала ў рацыі спадара Васіля — «Украіна іншая, яе не праглынуць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG