Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пойдуць улады на падвышэньне пэнсійнага ўзросту?


Міхал Залескі

Міхал Залескі

Працоўная пэнсія цяпер будзе налічвацца толькі тым беларусам, хто плаціў унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ня менш за 10 гадоў. Такое норма прадугледжаная ў адпаведным указе прэзыдэнта Беларусі, які ўступіў у сілу 1 студзеня 2014 году.

Чаму ў Беларусі, у адрозьненьні ад іншых эўрапейскіх краінаў, улады не ідуць на падвышэньне пэнсійнага ўзросту? Ці хопіць у бюджэце грошай на пэнсіі без рэформы пэнсійнай сыстэмы?

На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

Цыганкоў: Рашэньне ўладаў выглядае даволі лягічным, паколькі ў бюджэце грошай на пэнсіі не хапае, і даводзіцца знаходзіць ўсё новыя крыніцы. Але – ці азначае гэта, што на цяперашні момант улады вырашылі не падымаць пэнсійны ўзрост, а рознымі іншымі шляхамі знаходзіць грошы для выплаты пэнсіяў?

Залескі: Пэнсійная сыстэма ў нас салідарная – атрымліваем заробкі, і з іх выплачваюцца пэнсіі. І сума пэнсіяў не павінна быць меншая за тую долю, якую працоўныя з сваіх заробкаў аддаюць у пэнсійны фонд. І тут ствараецца небясьпека – бо пэнсіянэраў становіцца ўсё болей, а заробак не расьце тымі тэмпамі, якія патрэбныя, каб гэты фонд не зьядаўся інфляцыяй.

Цыганкоў: У многіх краінах ёсьць гэтая праблема – працуючых усё менш, пэнсіянэраў усё больш. І большасьць эўрапейскіх краінаў вырашае яе ў тым ліку і падвышэньнем пэнсійнага ўзросту. На сёньня беларускіх пэнсійны ўзрост самы маленькі ў Эўропе – 55 для жанчынаў, 60 для мужчынаў. Ці правільна гэта?

Залескі: Абсалютна правільна. Бо працягласьць жыцьця ў нас адна з самых маленькіх у Эўропе. Цыганкоў: Аднак з гэтага пункту гледжаньня (пункту гледжаньня працягласьці жыцьця) – жанчыны ў Беларусі жывуць нашмат даўжэй за мужчынаў. Чаму яны раней выходзяць на пэнсію? Залескі: Так, разрыў паміж працягласьцю жыцьця паміж мужчынамі і жанчынамі ў нас адзін з самых вялікіх у сьвеце. Але жанчынам нашым дастаецца – яны болей працуюць, возяцца з дзецьмі, атрымліваюць заробак меншы. Трэба хоць чым іх аддзячыць.

Цыганкоў: У многіх постсавецкіх краінах варыянты пэнсійнай рэформы прадугледжваюць у тым ліку і пэнсійныя ашчаджэньні, фонды, куды людзі самі адкладаюць свае грошы. Чаму гэтага няма ў Беларусі? Няўжо ўлады баяцца, што большасьцю насельніцтва гэта ня будзе ўспрыняты большасьцю? Залескі: Зуб на гэта нашыя ўлады востраць даўно, году з 2000-га. Але бяда ў тым, што ніяк не атрымліваецца стабілізаваць фінансавую сыстэму. Каб я упэўнена адкладваў сябе на пэнсію, я павінен быць упэўнены, што гэтыя грошы захаваюцца. А ў чым у нас яны захаваюцца? Можна, вядома, ствараць нейкія авантурныя фонды, і яны будуць зьбіраць грошы ў насельніцтва. Але дзяржава не гатовая пакуль што прыняць на сябе гарантыйную адказнасьць па гэтых фондах у поўным аб’ёме.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG