Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя шукае ўдзельнікаў суполак «Стоп страх» і «Стоп падатак-2»


Антон Касцоў

Антон Касцоў

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Антон Касцоў, які адседзеў трое сутак адміністрацыйнага арышту — за, як палічыў суд, парушэньне правілаў арганізацыі масавай акцыі, — абскарджвае вырак Кастрычніцкага суду Магілёва ў абласным судзе.

Касцоў таксама паскардзіўся ў гарадзкую пракуратуру на адміністрацыю турмы.

Касцоў кажа, што пасадзілі яго ў камэру з грамадзянінам Украіны, які меў крымінальную судзімасьць за разбой і чакаў дэпартацыі на радзіму. Беларускае ж заканадаўства забараняе ўтрымліваць вязьняў, якія адбываюць адміністрацыйныя пакараньні, з тымі, каго пакаралі паводле крымінальных артыкулаў.

«Тое, што я сядзеў з крымінальнікам, — я дапускаю, што так зрабілі наўмысна, каб мяне правучыць. Але ж дапускаю і тое, што кіраўніцтва ізалятара наагул ня ведае законаў. Інцыдэнтаў з тым крымінальнікам не было ніякіх. Ён наагул не разумеў, за што мяне пасадзілі», — заявіў Антон Касцоў Радыё Свабода.

Падставай для адміністрацыйнага перасьледу сябра АГП сталіся ягоныя допісы ў суполках «Стоп страх» і «Стоп падатак-2», створаных у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце». Удзельнікі суполак заклікалі да штотыднёвых акцыяў пратэсту. Першую такую акцыю меліся правесьці аўтамабілісты 27 сьнежня.

24-га Антона выклікалі ў міліцыю і склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня як на ўдзельніка масавага мерапрыемства. У гэты жа дзень пратэстныя суполкі былі ліквідаваныя, а ў Касцова супрацоўнікі Кастрычніцкага аддзелу міліцыі Магілёва забралі кампутар, нібыта для праверкі перапіскі.

26 сьнежня яго зноў выклікалі ў міліцыю ды перапісалі пратакол з новай фармулёўкай абвінавачаньня — «арганізацыя масавага мерапрыемства». Пасьля чаго завезьлі ў суд і пакаралі трыма суткамі арышту.

Акрамя Антона Касцова, у парушэньні парадку арганізацыі масавага мерапрыемства вінавацяць яшчэ аднаго жыхара Магілёва. У справе супраць актывіста ёсьць рапарт маёра міліцыі Зайцава супрацоўніку абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму палкоўніку Кавальчуку. У ім фігуруе магілёвец Аляксандар Сімановіч.

Паводле міліцэйскай распрацоўкі, Сімановіч распаўсюджваў у сацыяльнай сетцы анкету, празь якую паведамляў спосабы каардынацыі дзеяньняў падчас пратэстных акцыяў. Дзеяньні Касцова і Сімановіча міліцыя кваліфікавала як дэструктыўныя і небясьпечныя для грамадзкага парадку. Удзельнікамі суполак, паводле міліцыянтаў, былі больш за семдзесят чалавек.

Лёс Сімановіча высьвятляюць магілёўскія праваабаронцы.
XS
SM
MD
LG