Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белы сьпіс беларускай мовы» ад Глеба Лабадзенкі


Журналіст Глеб Лабадзенка апублікаваў у сваім блогу дасланыя чытачамі прыклады ўжываньня беларускай мовы ў гандлі і сфэры паслугаў.

«Некаторыя кампаніі ці тавары маюць толькі беларускую назву. Некаторыя — беларускія анатацыю ці зьмест. Недзе напісана дасканала, недзе — з памылкамі, недзе ўвогуле на трасянцы. Усе пункты сьпісу аб’ядноўвае адно — яны зрабілі крок у бок беларускай мовы», — піша Глеб Лабадзенка.

У сьпісе, які можна пабачыць тут, — тавары і паслугі ад харчоў да рамонту тэхнікі і продажу аўтамабіляў.

Складальнік сьпісу прызнаецца, што не вядзе статыстыкі, колькі прыкладаў яму даслалі чытачы за апошнія гады, але на цяперашні момант у сьпісе больш за 250 пунктаў.


Глеб Лабадзенка

Глеб Лабадзенка

«Я лічу, што вельмі важна адзначаць такія памкненьні публічна — і мэтанакіравана падтрымліваць такія месцы і брэнды. Я сам карыстаюся гэтым сьпісам — у крамах купляю тавары, дзе ёсьць беларуская мова. Пішу лісты падзякі на такія прадпрыемствы, — заявіў Глеб Лабадзенка ў інтэрвію Радыё Свабода. — Перакананы, што нават на ўзроўні шыльдаў і назваў — гэта вельмі важна! Бо калі чалавек прамаўляе: „Дайте мне, пожалуйста, творог „Калі ласка““, альбо „Встретимся около „Гаспадарчых дробязяў““ — мова патрапляе ў ягоную душу, нагадвае пра сябе».

Адказваючы на пытаньне, ці зьбіраецца блогер стварыць «чорны сьпіс» беларускай мовы, Лабадзенка заявіў:

«Пра „чорны сьпіс“ думаў, але ён выйдзе занадта вялікі, на жаль. Аднак варта будзе і за яго ўзяцца. Бо адна справа, калі фірма не ўжывае беларускую мову — такіх 90%, такая рэчаіснасьць. Але ёсьць такія, якія ставяцца пагардліва — „Савушкін прадукт“, „Гарадзейскі“ цукар, кавярня „Чердак“ у Менску... Управу на іх знайсьці цяжка, бо недасканалае заканадаўства. Але зьвяртаць увагу праз сацыяльныя сеткі варта, каб людзі не падтрымлівалі падобныя ўстановы рублём. У кожным разе, найперш варта падтрымліваць тых, хто робіць крок у бок беларускай мовы».
XS
SM
MD
LG