Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часопіс Forbes, які назваў Уладзімера Пуціна самым уплывовым чалавекам 2013 году, выступіў супраць параўнаньня Расеі з Савецкім Саюзам.

На думку выданьня, ёсьць як мінімум сем фундамэнтальных адрозьненьняў, якія нельга ігнараваць, ня будучы палітычна ангажаваным, перадае InoPressa.

1. Былыя рэспублікі Савецкага Саюзу цяпер зьяўляюцца членамі НАТА і ЭЗ. Відавочна, што Расея незваротна пазбавілася ня толькі сваіх дзяржаў-сатэлітаў у Цэнтральнай Эўропе, але і некалькіх рэспублік, якія зьяўляліся неад'емнай часткай СССР.

2. Расейская Фэдэрацыя зьяўляецца ў большай ступені расейскай, чым Савецкі Саюз. Прадстаўнікі Захаду прывыклі выкарыстоўваць словы «расейскі» і «савецкі» як сынонімы, але яны такімі не былі. У канцы 1980-х расейцы складалі крыху больш за 50% насельніцтва Савецкага Саюзу. Цяпер жа каля 80% насельніцтва Расейскай Фэдэрацыі – гэта расейцы.

3. Ні адна палітычная партыя не валодае поўнай манаполіяй улады, якую мела Камуністычная партыя Савецкага Саюзу. Уплыў «Адзінай Расеі» істотны, але не вытрымлівае параўнаньня з уплывам КПСС.

4. У Расеі няма ваеннай дыктатуры. СССР быў адным з найбольш ваенізаваных грамадзтваў у гісторыі і траціў на ўзброеныя сілы ад 20% да 30% свайго ВУП, у той час як Расея, паводле зьвестак Стакгольмскага міжнароднага інстытуту, траціць на вайсковыя патрэбы ад 4% да 5% ВУП.

5. У Расеі ёсьць свабодна канвэртоўная валюта. Кошт рубля можа вагацца, і цяпер ён відавочна аслабеў, але людзі могуць свабодна купляць і прадаваць рублі на сваё жаданьне, што было вельмі праблематычна ў СССР.

6. Расейская эканоміка – гэта ў цэлым свабодны рынак. Пры ўсёй сваёй недасканаласьці, яна не пакутуе ад таго, ад чаго пакутаваў Савецкі Саюз – адхіленняў у разьвіцьці, выкліканых дзяржаўным субсыдаваньнем і відавочным дыктатам дзяржавы. Цэны на спажывецкія тавары лібэралізаваныя, рынак працы лібэралізаваны, і значная доля эканомікі абапіраецца на прынцыпы свабоднага рынку.

7. Межы Расеі адкрытыя. «Жалезная заслона» – гэта ня проста паэтычная мэтафара, гэта было рэальным і неверагодна жорсткім спосабам абмежаваць перасоўваньне людзей. Цяпер тысячы расейцаў штогод выяжджаюць са сваёй краіны без асаблівых праблем – яны проста атрымліваюць візу і садзяцца на самалёт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG