Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарагія нашы!

Ня буду гаварыць аб тым, што тыдні-месяцы-гады ляцяць, як віхор. Гэта – тэма для старых (духам). А мы – духам маладыя. Наша мала-досьць у тым, што нам усё мала, каб было досьць. Вечна нечага ўсё хочацца: новых вестак, новых адчуваньняў, новых намераў... Казыча думка пра ўвесь наступны год: якімі сюрпрызамі ён нас пачастуе? Што новага мы адчуем, пабачым, зразумеем? Куды нас завядуць новыя сьцежкі? І пакуль гэты абнаўленчы сьверб у галаве сядзіць, мы – маладыя.

Але напярэдадні Новага году трэба прыгадаць і перажытае ў Старым.

Нам з Надзяй ён быў шчодрым. Па-першае, скончыліся нарэшце пакуты (і ня толькі нашыя, а й Ірэны ды Мікалая Дуткоў) з рыхтаваньнем да друку й распаўсюджваньнем фэстывальнае кнігі. Уфффф!!! Далася яна ў знакі! А па-другое, нам хапіла адвагі выбрацца летам ў далёкае падарожжа, каб адведаць дарагіх сваякоў у Беларусі ды сяброў у Беластоку.

Было прыемнае і ў спалучэньні з сумным. Шчасьлівым выпадкам пазнаёміліся мы зь сям’ёй Андрэя й Дашы Сьмерціных. Жыхары Бабруйску, яны прывезьлі сваю дачушку, чатырохгадовую Жэнечку, лячыць ад раку мозгу ў новазбудаваны каля нас цэнтар пратоналячэньня. З цэнтру нас папрасілі дапамагчы ім ангельскай мовай, інфармацыяй ды іншымі паслугамі на час іхняга побыту. Знаёмства сталася сяброўствам. Жэнечка, мілы клубочак радаснай энэргіі, вярнулася з бацькамі дамоў падлечанай, але страшная хвароба не пакінула яе. Пасьля колькіх месяцаў пазваніў нам Андрэй са страшнай весткай: дачушка памерла, пражыўшы на гэтым сьвеце крышку больш за пяць годзікаў. Сэрца шчыміць ад болю, а галава кажа: доля зь нядоляй – ня наша воля...

Зь нядоляй спаткаўся й малады жыцьцярадасны Сяргей Саўчыц – Надзін сваяк, родам з Жыткавічаў, жыў у Менску. Наведаў нас, калі мы сёлета былі там. Прынёс з сабой пачастунак, расказаў пра сваю працу, у тым ліку пра заняткі спортам. Сяргей у ліпені сёлета ўдзельнічаў у беларуска-летувіскім маратоне з Горадні да Друскенікаў. Атрымаў за гэта мэдаль. Падарыў яго нам на памяць, як «найдаражэйшую» сваю трафэю. А ў лістападзе – званок зь Жыткавічаў: Сяргея Саўчыца забілі! – Ударам па галаве, калі йшоў з працы дамоў. Хто й за што?! Пакуль што нічога няведама. Суровая рэальнасьць зямнога быту...

Успамінаецца песьня кампазытара Міколы Куліковіча, якую некалі мы, маладыя, любілі сьпяваць: «Жыцьцё наша быццам чаўны сярод мора, што бураю гоніць бязьлітасны лёс – то кіне у радасьць, то кіне у гора, то сьмехам частуе, то хвалямі сьлёз».

Аглядаючыся на пражыты год, думаем з удзячнасьцю пра тых, з кім трымалі лучнасьць, абменьваліся навінамі, думкамі, жартамі, а іншы раз і спачуваньнямі. Жыцьцё – салодка-горкая мікстура. Каб яна не здавалася вам лішне горкай, падаю выказваньне францускага гісторыка Алексіса дэ Токвіля: «Ведайце, што жыцьцё – гэта ані суцэльная пакута, ані суцэльная прыемнасьць, а паважная справа, якою трэба займацца з адвагай і ў духу самаахвярнасьці». Будзьма ж самаахвярнымі адно да аднаго.

Мы з Надзяй шчыра віншуем вас з Новым годам і Хрыстовым Нараджэньнем, зычым добра правесьці іх ды заставацца ў моцным здароўі й духовым камфорце.

Самэрсэт, Нью-Джэрзі, ЗША
  • 16x9 Image

    Янка Запруднік

    Янка Запруднік (нарадзіўся у 1926 годзе) гісторык і публіцыст, адзін з самых актыўных дзеячоў беларускай дыяспары ў ЗША, найстарэйшы супрацоўнік Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG