Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўленьне беларусаў да Эўропы паступова цяплее, разам з гэтым назіраецца пагаршэньне стаўленьня да Расеі.

Пра гэта сьведчаць вынікі агульнанацыянальнага апытаньня, якое правёў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў у сьнежні.

Калі б сёньня праходзіў рэфэрэндум па пытаньні аб’яднаньня Беларусі і Расеі, «за» прагаласавалі б 23,9%, супраць — 51,4% апытаных. У верасьні гэтыя паказьнікі былі 27,6% і 46,9% адпаведна. Падчас рэфэрэндуму па пытаньні ўступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз у сьнежні 2013 году «за» прагаласавалі б 35,9%, супраць — 34,6%.

Ацэньваючы арышт генэральнага дырэктара расейскай кампаніі «Ўралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра, амаль 43% апытаных палічылі гэта справядлівай і законнай мерай (супрацьлеглае меркаваньне выказалі 25,2% рэспандэнтаў), а тых, хто лічыць, што «калійны канфлікт» узьнік па віне расейскага боку, удвая больш, чым тых, хто ўказаў на Беларусь.

«Пахаладаньне» стаўленьня да Расеі адбываецца на фоне ўпэўненасьці большасьці насельніцтва ў эканамічнай выгадзе ад супрацоўніцтва з усходняй суседкай. Так, Расея выйшла на другое месца сярод сіл, зь якімі апытаныя зьвязваюць свае спадзевы на выхад Беларусі з крызіса: з прэзыдэнтам — 36,8%, з Расеяй — 27,8%, з прадпрымальнікамі — 25,7%.

У той жа час, ініцыятывы Эўразьвязу, скіраваныя на збліжэньне зь Беларусьсю, усё больш станоўча ўспрымаюцца беларусамі. Так, ацэньваючы вынікі Саміту Ўсходняга партнэрства ў Вільні, большая частка апытаных (44,5%) сказалі, што «наша краіна павінна мяняць сваю палітыку і таксама збліжацца з Эўразьвязам», нязгодных з гэтым толькі 21,7% .
XS
SM
MD
LG