Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Валгаградзкай вобласьці працягваецца пяцідзённая жалоба па загіблых у тэрактах 29 і 30 сьнежня. Жалоба працягнецца да 3 студзеня 2014 года.

Усяго ў выніку двух тэрактаў, якія адбыліся ў Валгаградзе за адны суткі, у нядзелю днём і ў панядзелак раніцай, загінулі 34 чалавекі, пацярпелых больш за 70.

У рэгіёне па-ранейшаму назіраецца павышаны ўзровень тэрарыстычнай пагрозы. Вуліцы Валгаграда патрулююць больш за пяць тысяч паліцэйскіх і вайскоўцаў унутраных войск.

У сераду спэцбортам ў Маскву на лячэньне ў Расейскую дзіцячую клінічную бальніцу былі дастаўленыя дзьве дзяўчынкі — трох месяцаў і дзевяці гадоў, пацярпелыя пры выбуху ў тралейбусе. У маскоўскіх шпіталях знаходзяцца 18 пацярпелых у тэрактах, 46 чалавек застаюцца ў лячэбных установах Валгаграда.

Жыхары горада моцна напалоханыя, многія пазьбягаюць грамадзкага транспарту, зачыненыя некалькі забаўляльных устаноў і гандлёвых комплексаў, навагодняя ноч прайшла без фэервэркаў.

Мэр Валгаграда Ірына Гусева выступіла з ініцыятывай, каб над горадам праляцеў верталёт з абразом Найсьвяцейшай Багародзіцы «памякчэньня злых сэрцаў». Акцыя, якая прайшла сёньня, арганізавана сумесна з Валгаградзкай эпархіяй. Як патлумачыла супрацоўніца гарадзкой адміністрацыі Марына Крыгер, «гарадзкія ўлады вырашылі, што абраз Найсьвяцейшай Багародзіцы дапаможа перш за ўсё ў душэўным лячэньні параненых ад тэракту, у суцяшэньні і памякчэньня сэрцаў сваякоў загінуўшых у Валгаградзе на вакзале і ў тралейбусе». Улады горада ўзгадалі легенду, што ўвосень 1942 года, калі ў Сталінградзе ішлі самыя кровапралітныя баі, па сакрэтным загадзе Сталіна на самалёце горад абляцела Казанская ікона Божай Маці.

Нягледзячы на тое, што ўлады дэманструюць усё большую занепакоенасьць аб мерах бясьпекі і барацьбы з тэрарызмам, жыцьцё пад пагрозай сьмерці і ў жалобе па некалькі разоў на год працягваецца для расейцаў ўжо дзесяцігодзьдзі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG