Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У першы дзень 2014 году, сярод іншага:

– уводзіцца «транспартны» падатак;

– даражэюць цыгарэты;

– падвышаецца падатак на здачу жытла;

– пачынае працу новая сыстэма судоў агульнай юрысдыкцыі – аб'яднаньне агульных і гаспадарчых судоў;

– уваходзіць новы памер мінімальнага заробку– 1,66 млн рублёў;

– траса М-4 Менск-Магілёў становіцца платнай;

– Латвія пераходзіць на эўра.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1919 – былі апублікаваныя маніфэст аб стварэньні Беларускай ССР і асноўныя палажэньні яе дзяржаўнага статусу.

1919 – у Вільні адчынілася беларуская гімназія (працавала да 1944 году).

1927 – савецкія карныя органы арыштавалі беларускага драматурга Францішка Аляхновіча і на 10 гадоў выслалі яго на Салаўкі. Але ў 1933-м Аляхновіча абмянялі на вязьня польскай турмы, палітыка і мовазнаўцу Браніслава Тарашкевіча. Пра сваё знаходжаньне ў ГУЛАГу Аляхновіч напіша кнігу «Ў капцюрох ГПУ», якая адразу будзе перакладзеная на эўрапейскія мовы і стане першым публічным сьведчаньнем сталінскага палітвязьня.

1929 – у Менску адкрылі Акадэмію навук БССР. Яе стварылі на базе Інстытуту беларускае культуры, заснаванага ў 1922 годзе.

1956 – адбылася першая перадача тэлевізійнага цэнтру ў Менску.

1967 – заснавана галоўная рэдакцыя Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі.

У гэты дзень нарадзіліся:

1861 – Яўхім Карскі, беларускі філёляг-славіст, заснавальнік беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства.

1938 – Данута Бічэль-Загнетава, беларуская паэтка.

1945 – Вольга Іпатава, беларуская пісьменьніца.

1952 – Юры Захаранка, беларускі палітык, зьніклы ў 1999 годзе.

1961 – Ігар Гермянчук, беларускі журналіст, выдавец, грамадзкі дзяяч.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Сплю спакойна.
Восень у маім спакоі.
Цішыня нячутна
ходзіць па пакоі.

Мой гадзіньнік цікае прыглушаную ноту –
адзіноту, адзіноту,
адзіноту, адзіноту.


Данута Бічэль-Загнетава

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG