Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асобы і брэнды, якія «захварэлі» на беларускасьць


2013 год адзначыўся аб’ектыўным падвышэньнем інтарэсу да беларускай мовы з боку ня толькі асобных індывідуўмаў, але і шэрагу папулярных брэндаў. Чаму вядомыя людзі і кампаніі загаварылі па-беларуску, зацікавіліся сапраўднай, а не фальшаванай гісторыяй краіны?

Як і належыць чэмпіёнам, тон беларусізацыі сёлета задалі спартоўцы. Плыўчыха Аляксандра Герасіменя, лёгкаатлетка Аліна Талай, футбаліст Віталь Радзівонаў, тайбаксёр Віталь Гуркоў ды іншыя засьведчылі паважлівае стаўленьне да нацыянальнай гісторыі, культуры, мовы.


Аляксандра Герасіменя пра Васіля Быкава, бел-чырвона-белы сьцяг і ВКЛ


Так, беручы ўдзел у Дні беларускай пісьменнасьці ў Быхаве, алімпійская прызэрка Аляксандра Герасіменя прызналася, што захапляецца творамі айчынных літаратараў:

Аляксандра Герасіменя
Аляксандра Герасіменя
«З сучасных пісьменьнікаў люблю Натальлю Батракову — прачытала ўсе яе кнігі, ганаруся знаёмствам. Гэтак жа, як і з Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным: гэта надзіва сумленны і добры чалавек, кантакты зь якім даюць мне вельмі многае. Ён літаральна закахаў мяне ў Васіля Быкава. Нядаўна перачытала „Абэліск“. Мне здаецца, гэтая ваенная аповесьць Быкава вельмі сучасная і актуальная. Яна пра сапраўднага мужчыну, які, не задумваючыся, аддаў жыцьцё за сваіх вучняў, за тых, каго вучыў добраму і вечнаму. Гэта кніга пра выбар, пра перамогу абавязку і гонару над уласным страхам, пра тое, што чалавечая сутнасьць у любы час застаецца аднолькавай. Быкаў заўсёды ставіць сваіх герояў у экстрэмальныя абставіны, і калі чытаеш яго, раз-пораз пытаесься ў сябе: як ты паступіў бы на іхнім месцы?».

Таксама Аляксандра выказала сваё стаўленьне да бел-чырвона-белага сьцяга:
«З пункту гледжаньня эстэтыкі бел-чырвона-белы сьцяг, вядома, больш сымпатычны. Дый гісторыя ў яго багатая і насычаная: Вялікае Княства Літоўскае, Наваградак, Мір, Нясьвіж», — падкрэсьліла спартоўка, дадаўшы: «У нашай гісторыі ёсьць нямала слаўных дат: давайце ня будзем забываць, што ў свой час ВКЛ было адной з самых уплывовых дзяржаў Эўропы!»


Аліна Талай пра нацыянальныя колеры


Падтрымала сяброўку прызэрка эўрапейскіх і ўсясьветных першынстваў у бар’ерным спрынце Аліна Талай.

Аліна Талай
Аліна Талай
У апошніх інтэрвію яна падкрэсьлівала, што яшчэ ў школьныя гады захапілася гісторыяй. Прычым асабліва яе цікавіла тая гісторыя, якая не падаецца ў сучасных падручніках.

«Давайце ня будзем падманваць адзін аднаго: наш колер — бел-чырвона-белы. Куды падзець гісторыю краіны да 1917 году? Трэба забыць пра тое, што нашыя прадзеды стагодзьдзямі палівалі гэтую зямлю сваёй крывёю? Якая нам тады будзе цана?» — задае рытарычнае пытаньне Аліна.

Нядаўна спартоўка зьнялася ў кліпе белрускага гурта «AMAROKA»



Спартоўцы: размаўляць па-беларуску модна


Пра важнасьць адчуваць сябе беларусам гаварыў сёлета чэмпіён сьвету ў тайскім боксе Віталь Гуркоў. Пра абсурднасьць перасьледу заўзятараў, якія падтрымліваюць сваіх куміраў нацыянальнымі сьцягамі, разважаў хакейны агент Андрэй Грум-Гржымайла. У відэароліках, якія прапагандуюць беларускую культуру і гісторыю, зьняліся форвард БАТЭ Віталь Радзівонаў і хакеіст менскага «Дынама» Андрэй Стась.

Віталь Гуркоў – чалавек, які любіць тайскі бокс па-беларуску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:26 0:00
Наўпроставы лінк


Калі б публічныя людзі прапагандавалі нацыянальныя вытокі ўласным прыкладам, ці быў бы разварот у маштабах краіны больш адчувальны? Віталь Радзівонаў адказаў так:

«Мне здаецца, што эфэкт ужо ёсьць: шмат вядомых людзей выказалі сваё стаўленьне да беларускай мовы, падтрымліваюць яе, а значыць — прапагандуюць. Адпаведна, іншыя людзі таксама зьвяртаюць на гэта ўвагу. Больш за тое, сёньня сярод моладзі размаўляць па-беларуску нават становіцца модным. На жаль, сам я „варуся“ ў расейскамоўным асяродзьдзі, дзе месца для беларускай мовы абмежаванае. Але калі чую, як нехта гаворыць па-беларуску, узьнікае пачуцьцё гонару за людзей, якія не забываюцца на родную мову, ёй карыстаюцца. СМІ, журналісты адыгрываюць вялізную ролю ў прапагандзе мовы. Тым ня менш яны, як і я, больш круцяцца ў расейскамоўным асяродзьдзі і, мабыць, лепш свае думкі выказваюць па-расейску. Хоць беларуская мова зь іхніх вуснаў гучыць прыемна і прыгожа. Як на мяне, дык гэта здорава. Буду гэта толькі падтрымліваць».

Віталь Радзівонаў: Размаўляць па-беларуску модна
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:29 0:00


velcom па-беларуску


Годна ў 2013 годзе папрацавалі на папулярызацыю беларускай мовы і некаторыя кампаніі. Некалькімі іміджавымі ролікамі адзначыўся апэратар мабільнай сувязі velcom. Кіраўнік аддзелу прасоўваньня брэнду Зьміцер Курловіч расказвае, якія сілы былі задзейнічаныя ў маштабным праекце:

Зьміцер Курловіч
Зьміцер Курловіч
«Гэта ўсё беларусы, здымкі таксама праходзілі ў Беларусі. У Менску ёсьць кампанія „Куба-студыя“, якая здымае для нас ролікі, падбірае людзей для рэклямных сюжэтаў. Таму ўсе героі мясцовыя: хтосьці прафэсійны актор, хтосьці мадэль, а кагосьці ў літаральным сэнсе знайшлі на вуліцы ці ў сваім асяродку. Так, у апошняй іміджавай кампаніі ёсьць сцэна, дзе маладыя людзі граюць на пляншэтах, смартфонах. Усе яны — сапраўдныя музыкі. Напрыклад, Іна Малаковіч з гурту „Dzivasil“ сядзіць і як быццам грае на віялянчэлі. Таксама там задзейнічаныя яе сябры зь іншых гуртоў ці аркестраў. Менавіта „Куба-студыя“ знаходзіць людзей для нашых кампаніяў».

Карэспандэнт: «Ёсьць намер працягваць рухацца ў такім жа кірунку?»

«Я думаю, што так. Прынамсі, ёсьць такое жаданьне. Пакуль я ня ведаю, што менавіта і калі мы арганізуем, бо цяжка нешта спрагназаваць. Але ўсё ж паспрабуем і далей рабіць беларускамоўныя кампаніі. Калі нам падабаецца, то чаму б гэта ня зьдзейсьніць? Тым больш, усе мае супрацоўнікі мяне ў гэтым падтрымліваюць, вітаюць тое, што мы робім нашу рэкляму па-беларуску. То бок няма тых, хто быў бы ў нейкім сумневе — навошта мы гэта робім? Не, усе тут да гэтага вельмі добра ставяцца».


iPad загаварыў па-беларуску


Сёлета па-беларуску загаварыў нават iPad. Дзякуючы высілкам праграмісткі Надзеі Сьцепанчук створаная першая казка па-беларуску, адаптаваная для мабільных прыстасаваньняў сямейства Apple. Віртуальная «Зайкава хатка» — гэта сымбіёз інтэрактыўных ілюстрацыяў і тэксту. Прадукт адрасаваны тым, хто толькі асвойвае кніжна-кампутарную грамату — дзеткам ад 1,5–2 гадоў. Увагу прыцягвае найперш інтэрактыўнасьць: варта дакрануцца да экрану — і героі «ажываюць», падпарадкоўваючыся волі маленькага карыстальніка:

Надзея Сьцепанчук
Надзея Сьцепанчук
«Спачатку такія кніжкі зьявіліся ў ЗША, потым у Расеі; нават украінцы маюць сваю вэрсію. Таму вырашылі выправіцца. Гэта і ёсьць галоўная ідэя: каб не былі горшыя за суседзяў. Усё створана маімі рукамі і за мае грошы. Калі зьявіцца фінансавая магчымасьць, то будзе і працяг гісторыі. Пакуль гэта пішацца пад Apple, але ў хуткім часе плянуем зрабіць нешта і пад Android. Безумоўна, трэба браць у разьлік фінансавыя ўкладаньні: калі праграмаваньне робім самі і гэта для нас як быццам бясплатна, то малюнкі, гукі, іншае патрабуе грошай. Тым больш што хочам дадаць гульні — каб была ня толькі анімацыя, ня толькі тэксты, а яшчэ і гульня. А за тое, што ўжо зроблена, хацела б выказаць падзяку ілюстратару Натальлі Чатковай, безь якой не было б такіх цудоўных малюнкаў, а таксама Ўладзімеру Няхаю, які напісаў код. Вялізная ўдзячнасьць усім, хто дапамагаў ствараць тэксты, перакладаў, рэдагаваў».


«Вінны склеп» па-беларуску


Зьявілася беларускамоўная ніша і для больш «загартаванай» публікі. У «Фэйсбуку» прырастае аднадумцамі група «Віно пладовае», арганізаваная культуролягам Ягорам Сурскім. Гэта, бадай, адзіная ў Беларусі калекцыя такога маштабу, у якой сабраныя сотні ўзораў пладова-ягаднай прадукцыі — і цэлыя бутэлькі, і толькі этыкеткі. На перакананьне спадара Сурскага, у так званым «чарніле» сканцэнтраваны ўвесь беларускі калярыт пэрыяду індустрыялізацыі і стабільнасьці:

Ягор Сурскі
Ягор Сурскі
«Насамрэч я стаўлюся да гэтага як да своеасаблівага індустрыяльнага фальклёру. Гэта і зьява, і артэфакт, і пэўная традыцыя. Калі я толькі пачынаў калекцыянаваць, увага да калекцыі, да гэтай зьявы ўзьнікла ў тым ліку сярод адмыслоўцаў. Таму што дызайн гэтага віна, дызайн этыкеткі робяць, як правіла, непрафэсійныя дызайнэры. Але менавіта гэтым яно прываблівае адмыслоўцаў: а што, калі гэта і ёсьць сапраўдны беларускі дызайн? Калі ён зроблены менавіта такім чынам і яму ў прынцыпе няма аналягаў у сьвеце? Калі напой якасны, гэта відаць і па дызайне бутэлькі, па дызайне этыкеткі. Зразумела, што да такога прадукту будуць ставіцца інакш ад самога пачатку. Ну, а тут дызайн такі, які ёсьць: наіўны, своеасаблівы, але цікавы. Чаго толькі не сустрэнеш: трапляюцца нават творы ўсясьветнага мастацтва, якія ня кожны мастацтвазнаўца ведае. Даводзіцца шукаць, гартаць альбомы, каб знайсьці аўтарства. Гэта сапраўды цікавае хобі, якое вельмі выяўляе і адлюстроўвае Беларусь».

Ці застанецца МАЗ беларускім?


Але для некаторых брэндаў 2013-ты можа стаць апошнім. Цягам усяго году беларускія ўлады спрабавалі вытаргаваць дывідэнды ад продажу Менскага аўтазаводу, але цяпер паўсталі перад фактам, што разам з прадпрыемствам саюзьнікі з Набярэжных Чаўноў могуць прысабечыць і шыльду МАЗ. Эканамічны аглядальнік Валянцін Лопан аналізуе, якія шанцы ў аднаго з самых пазнавальных прамысловых брэндаў застацца на плыву:

«Ня выключана, што яны хочуць набыць і сам брэнд. З гледзішча рынкавага мысьленьня ліквідаваць яго зусім ня мае вялікага сэнсу: калі ёсьць прыхільнікі такога брэнду, то чаму не прадаваць МАЗ надалей? Напрыклад, „Сканія“ ці „МАН“ сёньня ў большай ступені належаць „Фальксвагену“. Але ж „Фальксваген“ не зьмяняе шыльды, не называе ўсіх спрэс „Фальксвагенамі“. Хоць у „Фальксвагена“ ёсьць свае грузавікі, яны іх робяць у Бразыліі пад сваёй маркай. Пакуль ёсьць прыхільнікі маркі, ёсьць кампаніі, якія на іх даўно працуюць, ёсьць звыклыя рынкі, то ўсё нармальна. Але што насамрэч меў на ўвазе кіраўнік КамАЗу Кагогін — трэба высьвятляць. Расейцы зрабілі так, што ад 1 студзеня 2014-га наагул невядома, як МАЗ будзе канкураваць на іхнім рынку, бо за ўтылізацыйны збор расейскія вытворцы, у тым ліку КамАЗ, атрымаюць кампэнсацыю зь бюджэту. А нам гэтай кампэнсацыі ніхто не заплаціць».



Разам з тым чарговы год, які паступова становіцца гісторыяй, ня стаў пераломным для беларускага чынавенства, якое так і не заклапацілася станам беларускай мовы. Сыстэма адукацыі, службы дзяржаўнага пратаколу, міністэрствы і ведамствы па-ранейшаму націскаюць на «двуязычие», ня бачачы насамрэч альтэрнатывы «вялікаму і магучаму». Гэтаксама і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка пераходзіць на беларускую мову (дакладней, на трасянку) хіба што тады, калі хоча абразіць ці прынізіць кагосьці з ідэйных апанэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG