Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую сьвініну зноў пусьцяць у Расею


Рассельгаснагляд зьняў часовыя абмежаваньні на пастаўкі сьвініны з найбуйнейшых мясакамбінатаў Берасьцейскай вобласьці Беларусі.

Эмбарга ў дачыненьні да беларускай сьвініны дзейнічала ад 30 жніўня 2013 года з-за пагрозы распаўсюджваньня афрыканскай чумы сьвіней.

Гэта ўжо другі этап зняцьця абмежаваньняў. Рассельгаснагляд з 17 кастрычніка 2013 таксама зьняў забарону на імпарт сьвініны з трох прадпрыемстваў Менскай вобласьці — зь Менскага, Барысаўскага і Слуцкага мясакамбінатаў.

І вось — своеасаблівы навагодні падарунак Рассельгаснагляду. Ад 9 студзеня абмежаваньні будуць зьнятыя для Берасьцейскага, Пінскага мясакамбінатаў і Бярозаўскага мясакансэрвавага камбіната. Забароны таксама адменены ў дачыненьні да буйных сьвінагадоўчых комплексаў — «Белавескі», «Белдан» і " Ружаны — Агра" .

Прадукцыю гэтых прадпрыемстваў Рассельгаснагляд працягне трымаць пад узмоцненым кантролем, але ведамства асьцерагаецца, што гэтыя мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы могуць выкарыстоўваць прадукцыю сьвінагадоўчых гаспадарак іншых абласьцей Беларусі, дзе ўсё яшчэ дзейнічаюць часовыя абмежаваньні.

Расея — асноўны рынак збыту для беларускай мясной прадукцыі. У 2012 годзе
Беларусь паставіла ў Расею 60 тысяч тон сьвініны на суму каля 200 мільёнаў даляраў — такія лічбы прыводзіць генэральны дырэктар нацыянальнай мясной асацыяцыі Расеі Сяргей Юшын .
XS
SM
MD
LG