Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сямёрка-плюс Свабоды-2013

  • Аляксандар Лукашук

Дырэктар Радыё Свабода Аляксандар Лукашук пра найбольш значныя здабыткі Свабоды ў 2013 годзе.

Ня ведаю нават, што больш цяжка: выбраць толькі сем вартых рэчаў з цэлага году ці расставіць іх у правільным парадку. Першае невыканальнае, другое немагчымае, і таму – сямёрка з плюсам.

1. «Картатэка Сталіна» – упершыню ў гісторыі мы апублікавалі больш за 60 тысячаў імёнаў і біяграмаў людзей, якія загінулі за савецкім часам ад рук савецкай улады. «Знайдзі сваіх!», зьвярталіся мы да чытачоў, і шмат хто знаходзіў, прысылаў свае папраўкі і дапаўненьні. Гэта адрэдагаваная, вывераная публікацыя – плён больш чым дзесяцігадовай падрыхтоўчай карпатлівай працы, якая пачалася сябрамі Мартыралёгу Беларусі і была цалкам даведзеная да ладу Сяргеем Дубаўцом. У сьпісах – свае. Шукайце і знойдзеце.

2. Конкурс імя Францішка Аляхновіча – разам з Пэн-цэнтрам мы абвясьцілі новы літаратурны конкурс і зьбіралі, публікавалі, чыталі ў эфіру творы, створаныя зьняволенымі. Дванаццаць фіналістаў на падставе ўласнага турэмнага досьведу таленавіта засьведчылі каштоўнасьці свабоды і чалавечага духу. У ліку пераможцаў і дзьве кнігі «Бібліятэкі Свабоды»: «Турма і здароўе» Юрыя Бандажэўскага і «108 дзён у і начэй у засьценках КДБ» Анатоля Лябедзькі. Усе ўдзельнікі конкурсу былі героямі перадачаў Свабоды ў 2013-м, не было тыдня, калі б іх імёны не гучалі ў эфіры, не публікаваліся на сайце. Гэта ваша, паважаныя героі, Свабода.

3. «Бібліятэка Свабоды» ў 2013-м папoўнілася шасьцю новымі назвамі: апроч кніг Юрыя Бандажэўскага і Анатоля Лябедзькі, пабачылі сьвет «Справа Бяляцкага» Валера Каліноўскага, «Хто ўзарваў менскае мэтро?» Алега Грузьдзіловіча, «Жывая мова» Юрася Бушлякова, «Дзевяноста першы» Сяргея Навумчыка. «Справу Бяляцкага» перадалі яе герою за краты і ўручылі прэзыдэнту Польшчы; Пракуратура Беларусі ўважліва прачытала кнігу Алега Грузьдзіловіча і вынесла яму афіцыйнае папярэджаньне за падрыў даверу да судовай сыстэмы Беларусі. Юрась Бушлякоў не дачакаўся месяца да выхаду сваёй кнігі, якая за паўгода, што мінулі з часу яго заўчаснай сьмерці, стала адной з самых запатрабаваных за ўсю гісторыю «Бібліятэкі». Дакумэнтальная гісторыя 1991-га – году незалежнасьці выклікала такі ажыятаж і эмоцыі сярод удзельнікаў падзеяў і чытачоў, што Сяргея Навумчыка закідалі просьбамі аб працягу, і не ў адным томе. Хочаце атрымаць новыя кнігі – запісвайцеся ў бібліятэку!

4. «Каляндар Бахарэвіча» – 365 дзён запар – штодня! – гучалі ў эфіры і друкаваліся на сайце свабоды эсэ, прысьвечаныя гістарычнай асобе ці падзеі. Калі Google злучыць з Мантэнем, атрымаецца Альгерд Бахарэвіч: беларускацэнтрычны агульначалавечы кантэкст, іранічны і балючы, здольны выклікаць сьлёзы, лаянку, гнеў, сьмех, і нярэдка ўсё гэта – адначасна. Ня меншы клясычны – цыкль фэерычных ілюстрацыяў ад нашага мастака BRicoleur, якія здольныя як увесьці ў ступар, гэтак і адправіць душу ў палёт. Наш каляндар – найлепшы дар.

5. Сацыяльныя сеткі – адбыўся сапраўдны выбух Свабоды Ўкантакце і ў Facebook (апошнія лічбы сяброў вы можаце самі паглядзець на сайце, рост за год у шмат разоў. Статыстыкі сьцьвярджаюць, што ў 2013-м Свабода выйшла на першае месца сярод СМІ ў Беларусі (і ня толькі беларускамоўных) па колькасьці і інтэнсіўнасьці сеткавай працы. Гэта новая маладая аўдыторыя (пераважна да 24 гадоў) – крыніца натхненьня для беларускай рэдакцыі і прадмет творчай зайздрасьці нашых калег сярод іншых рэдакцыяў Свабоды.

6. Жывыя відэатрансьляцыі – упершыню сёлета мы пачалі весьці жывое відэавяшчаньне зь месцаў падзеяў: чатыры гадзіны запар з Чарнобыльскага шляху, потым з канцэртаў і кніжных прэзэнтацыяў, з круглых сталоў («Свабода бяз гальштукаў») і з кіеўскага Майдану. Глядзіце Свабоду!

7. Тры праграмы адразу займаюць тэматычны радок «сямёркі»: «Сталкеры Свабоды» – відэамікрафільмы пра нашых сучасьнікаў, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, аптымізмам і верай ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. «Жыцьцё пасьля раку» – беспрэцэдэнты для закрытых беларусаў цыкль адкрытай размовы пра асабістае жыцьцё пад пагрозай сьмерці. Моцныя людзі, крыніца сілы і сьвятла. «Варта» – адважныя рэкамэндацыі ад кампэтэнтных асобаў, як атрымаць асалоду ад кніг, музыкі, жыцьця. Свабода як «мастацтва жыцьця»!

Плюс – плюс былі ня толькі плюсы. Мы трацілі дарагіх і блізкіх людзей, не заўсёды ўсё ўдавалася, мы памыляліся. Але мы ня трацілі надзеі і йшлі далей – дзякуючы вам, паважаныя сябры свабоды. У новым годзе мы адзначым 60-я ўгодкі Радыё Свабода – спадзяемся зрабіць гэта разам з вамі. Заставайцеся са Свабодай!

З Новым годам!
XS
SM
MD
LG