Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць ахвяраў выбухаў у Валгаградзе ўзрасла да 34


У Валгаградзе памёр яшчэ адзін паранены пры выбуху ў тралейбусе 30 сьнежня. Такім чынам, у выніку двух тэрактаў, якія адбыліся ў горадзе 29 і 30 сьнежня, загінулі 34 чалавекі.

У шпіталях знаходзяцца больш за 60 пацярпелых, 15 зь іх былі перавезеныя на лячэньне ў Маскву.

29 і 30 сьнежня ў Валгаградзе адбыліся два выбухі – у будынку чыгуначнага вакзалу і ў тралейбусе. Паводле сьледзтва, абодва тэракты былі зьдзейсьненыя сьмяротнікамі і зьвязаныя між сабой. Бомбы былі начынены ідэнтычнымі паражальнымі элемэнтамі, паведамілі ў Сьледчым камітэце Расеі. Акрамя таго, не выключаецца і сувязь зь яшчэ адным выбухам у Валгаградзе ў кастрычніку. Тады сьмяротніца падарвала гарадзкі аўтобус. Загінулі шэсьць чалавек.

Вуліцы Валгаграду ў апошні дзень году патрулююць больш за пяць тысяч паліцыянтаў і вайскоўцаў унутраных войскаў.

У Валгаградзкай вобласьці аб'яўленая пяцідзённая жалоба па загінулых. Спачуваньні паступаюць з розных краінаў сьвету ад палітыкаў, міжнародных арганізацый і грамадзкіх дзеячоў. З асуджэньнем тэрактаў у Валгаградзе выступілі ААН, Эўразьвяз, НАТО, лідэры многіх дзяржаваў.
XS
SM
MD
LG