Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў асудзілі за шпіянаж на карысьць Літвы


Беларускі вайсковы суд на пасяджэньні 30 сьнежня прызнаў грамадзян Беларусі А.Фензеляў і Е.Качуру вінаватымі ў шпіёнскай дзейнасьці ў інтарэсах Літвы і прысудзіў іх да 10 і 8 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу аб здрадзе дзяржавы.

Інфармацыя пра тое, што супрацоўнікамі КДБ Беларусі была «спыненая шпіёнская дзейнасьць беларускіх грамадзян, якая ажыцьцяўляецца імі ў інтарэсах спэцслужбаў Літоўскай Рэспублікі», зьявілася на афіцыйным сайце КДБ ў ліпені 2012 году. Тады паведамлялася, што супрацоўнікі КДБ падчас «агентурнай акцыі» злавілі з доказамі злачынства «рэзыдэнта вайсковай разьведкі Літвы грамадзяніна Ф.». У паведамленьні таксама гаварылася, што «адначасова па факце перадачы замежнай спэцслужбе сакрэтных зьвестак былі затрыманыя асобы, якія знаходзяцца ў яго на агентурнай сувязі».

Паводле КДБ, шпіёнская дзейнасьць затрыманых была скіраваная «на атрыманьне сакрэтнай інфармацыі ў вайсковай сфэры, у тым ліку ў рамках адзінай сыстэмы бясьпекі Саюзнай дзяржавы».

Затрыманьні адбыліся ў сакавіку 2012 году.

Асноўны фігурант гэтай крымінальнай справы ў 2002 годзе звольніўся з Узброеных сіл Беларусі і зьехаў у Літву, дзе жыў у прадмесьці Вільні.

Прэс-сакратар КДБ Артур Стрэх ў 2012 годзе заяўляў, што «ад літоўскай вайсковай разьведкі гэтым беларусам было атрымана заданьне на стварэньне на тэрыторыі Беларусі агентурнай сеткі, здольнай ажыцьцяўляць збор зьвестак аб функцыянаваньні Вайскова-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны».

У той час МЗС Літвы назваў паведамленьне аб затрыманьні літоўскіх шпіёнаў у Беларусі «інсынуацыяй».

«Што тычыцца двухбаковых адносін паміж нашымі дзяржавамі, то я магу сказаць, што зьяўленьне такіх інсынуацый на інтэрнэт-сайце беларускага КДБ не дапамагае паляпшаць двухбаковыя дачыненьні» – сказаў нашаму радыё прэсавы сакратар МЗС Літвы Міндаўгас Лашас.
XS
SM
MD
LG