Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падае давер да ўлады?


Цягам году ў грамадзкай думцы назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі. Ці адчувае насельніцтва крызісныя зьявы ў эканоміцы? Ці падае давер да ўлады? Якіх тэндэнцыяў у грамадзкай думцы варта чакаць наступным годам?

Удзельнікі: экспэрт Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Сяргей Нікалюк і сацыёляг, экспэрт Лібэральнага клюбу Васіль Корф.


Ці адчувае насельніцтва крызісныя зьявы ў эканоміцы?


Валер Карбалевіч: «Гэтым годам незалежныя мэдыі, блогасфэра даюць вельмі нэгатыўную карціну сацыяльна-эканамічных працэсаў у Беларусі. Маўляў, усё дрэнна, а будзе яшчэ горш, нас чакае амаль што апакаліпсіс.

А якія настроі ў грамадзтве? Ці адчувае народ, што сытуацыя ў эканоміцы дрэнная? Заробкі ж цягам году вырасьлі амаль на 20%. Можа, мы ў пастцы мітаў? Можа, сацыяльныя сеткі, блогасфэра даюць скажоную карціну сьвету? Як у Расеі мінулым годам, калі чыталі сацыяльныя сеткі, то здавалася, што ўвесь народ супраць Пуціна, а на выбарах ён без асаблівых фальсыфікацыяў перамог у першым туры. Дык што насамрэч думае маўклівая большасьць, якая не жыве ў інтэрнэце?»

Сяргей Нікалюк: «Беларускае грамадзтва не адзінае, яно расколатае. Большасьць гэты год пражыла нармальна, панікі не было. Хоць канец году агульную карціну сапсаваў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у верасьні зафіксавана падзеньне рэальных заробкаў, у кастрычніку захавалася статус-кво, а ў лістападзе — зноў падзеньне. І гэта ня можа не адбіцца на настроях большасьці. Думаю, сацыялягічныя апытаньні пакажуць іх зьніжэньне».

Васіль Корф: «Насельніцтва адчувае крызісныя зьявы, але нельга казаць пра настроі апакаліпсісу. Кожны год кажуць, што вось нешта здарыцца, будзе эканамічны абвал, усё разваліцца, аднак гэтага не адбываецца. Насельніцтва прызвычаілася, што крызіс стабілізаваўся, сытуацыя не пагаршаецца і не паляпшаецца. Паводле НІСЭПД, у верасьні каля 50% насельніцтва лічыла, што эканамічная сытуацыя ня зьменіцца».


Ці сапраўды насельніцтва чакае дэвальвацыі?


Карбалевіч: «Вось калі чытаць незалежныя мэдыі, то здаецца, што ўвесь народ чакае дэвальвацыі. А можа, гэтым цікавіцца толькі тая частка насельніцтва, якая мае банкаўскія дэпазыты, а такіх ня так і шмат? А большасьць пра гэта і ня думае?»
Большасьць насельніцтва чакае аднамомантнай дэвальвацыі. І не зважае на тое, што дэвальвацыя адбываецца, толькі паступова

Корф: «Паводле НІСЭПД, большасьць насельніцтва Беларусі сочыць за абменным курсам беларускага рубля. І чакае аднамомантнай дэвальвацыі. І не зважае на тое, што дэвальвацыя адбываецца, толькі паступова. Нядаўна даляр каштаваў 8500 рублёў, а цяпер — 9500».

Нікалюк: «Мысьленьне большасьці беларусаў далярызаванае. Калі вы будзеце размаўляць з расейцамі, то высьветліце, што яны дрэнна ўмеюць пераводзіць свае цэны ў даляры. А для беларуса дарагія пакупкі, кшталту кватэры ці аўтамабіля, не ўяўляюцца ў беларускіх рублях. У верасьні 63% беларусаў сачылі за абменным курсам рубля. А ў Расеі такіх толькі 35%. Беларусы ня могуць выжыць, ня сочачы за абменным курсам.

Узгадайце гісторыю, якую расказаў сам Лукашэнка. На ягоны загад Нацбанк дасьледаваў, хто купляе валюту. І высьветлілася, што асноўныя пакупнікі — гэта пэнсіянэры».


Ці падае давер да ўлады?


Карбалевіч: «З сацыяльным самаадчуваньнем людзей зьвязаны давер да ўлады. Якія тут тэндэнцыі назіраліся? У іншых краінах, калі страчваецца давер да ўлады, то расьце давер да апазыцыі. А як у Беларусі?»

Нікалюк: «Шмат гадоў узровень даверу да ўлады нагадваў арэлі. Але гэта ніяк не ўплывала на ўзровень даверу да апазыцыі. Бо асноўныя хістаньні рэйтынгу даверу да ўлады зьвязаныя са зьменай настрою большасьці, якая падтрымлівае наяўную сацыяльную мадэль. Гэта людзі, якія ня маюць рэсурсаў, каб выжыць ва ўмовах рынкавай эканомікі. І калі эканамічная сытуацыя пагаршаецца, то ўзровень падтрымкі ўлады падае. Але яны ня могуць перайсьці на другі бераг, дзе трэба самастойна выбудоўваць сваё жыцьцё. Ня могуць адаптавацца да рынкавых умоваў. Таму, як толькі зьяўляецца надзея, што зноў пачнецца рост даходаў, падтрымка Лукашэнкі вяртаецца».

Корф: «Сёлета захоўвалася стабільнасьць. Паводле ацэнак НІСЭПД, электаральны рэйтынг Лукашэнкі ўзрос толькі на 3% — з 32% да 35%. А рэйтынгі апазыцыі не ўзрасьлі. Большасьць беларусаў ня лічаць сябе апазыцыянэрамі, нават калі не падтрымліваюць палітыку ўладаў».

Карбалевіч: «Калі сацыяльныя адчуваньні зьніжаюцца, то чаму давер да ўлады застаецца стабільным, ня падае?»

Корф: «Бо эканамічных абвалаў, як у 2011 г., сёлета не было».


Якіх тэндэнцыяў у грамадзкай думцы варта чакаць наступным годам?


Карбалевіч: «Паводле экспэртных ацэнак, наступны год у сацыяльна-эканамічным пляне будзе нялёгкі. Як гэта адаб’ецца на грамадзкіх настроях? А ў 2015 годзе — прэзыдэнцкія выбары. Ці хопіць у Лукашэнкі электаральнага рэсурсу, каб атрымаць рэальную электаральную большасьць?»

Нікалюк: «Пытаньне складанае. У Лукашэнкі няма ўнутраных рэсурсаў, каб захаваць падтрымку. Уласна кажучы, іх не было і ўчора, і пазаўчора. Але толькі нафтагазавы грант Расеі складае каля 10 мільярдаў даляраў. Іншая справа, што для захаваньня сацыяльнага самаадчуваньня насельніцтва і ўтрыманьня ўлады патрэбная ня проста вялікая расейская падтрымка, а такая, каб увесь час расла. Але бліжэйшымі гадамі, пакуль сытуацыя ў Расеі кардынальна не зьмянілася, Расея не дапусьціць сацыяльнага, эканамічнага, палітычнага абвалу і хаосу ў Беларусі.
Ці будзе ў Лукашэнкі сапраўды 50% электаральнай падтрымкі, ва ўмовах нашых выбараў ня мае значэньня

Ці будзе ў Лукашэнкі сапраўды 50% электаральнай падтрымкі, ва ўмовах нашых выбараў ня мае значэньня. Але ажыцьцявіць пераможны сцэнар ва ўладаў ёсьць усе шанцы».

Корф: «Важным чыньнікам будзе Чэмпіянат сьвету па хакею. З часоў старажытнага Рыму публіка патрабуе хлеба і відовішчаў. І вось наступным годам беларусам пакажуць мэгавідовішча. А яно можа станоўча паўплываць на рэйтынг прэзыдэнта. І дзякуючы гэтаму Лукашэнка можа атрымаць 50% электаральнай падтрымкі».

Нікалюк: «Сацыяльная памяць насельніцтва кароткая. Чэмпіянат сьвету сапраўды можа падняць рэйтынг Лукашэнкі. Але на кароткі час. Калі дзякуючы гэтай падзеі падвышэньне рэйтынгу ўтрымаецца больш за месяц, то я буду зьдзіўлены.

Наступным годам мы будзем чакаць пагаршэньня сацыяльных настрояў грамадзтва, нават калі ўлада зможа рэалізаваць свае эканамічныя пляны, што сумнеўна. А пляны прадугледжваюць рост даходаў насельніцтва толькі на 6%. Для беларусаў гэта нязвыкла мала.

Але калі за некалькі месяцаў да выбараў даходы пачнуць расьці звычайнымі двузначнымі лічбамі, то гэта пераломіць сытуацыю. Сацыяльная памяць распаўсюджваецца толькі на некалькі месяцаў».

Карбалевіч: «Як паўплывалі на грамадзкія настроі спробы ўладаў увесьці новыя падаткі? Часткова гэтыя спробы зьдзейсьніліся. Падатак на аўтамабіль (ужо ўведзены), прапанова ўвесьці падатак на непрацоўных, падатак на выезд за мяжу. Ці гэты чыньнік служыць раздражняльнікам для масавай сьвядомасьці?»
Думаю, улада ўжо выпрацавала сцэнар на прэзыдэнцкія выбары 2015 году. І ў ім 2014 год разглядаецца як нейкая ахвяра

Нікалюк: «Цалкам чакана, што гэтыя падаткі не атрымаюць падтрымкі большасьці насельніцтва. Але тут важна, што гэтыя падаткі накладаюцца на трэнд зьніжэньня даходаў, які пачаўся зь верасьня. Гэта дадатковы чыньнік, які дзейнічае ў кірунку галоўнага чыньніка. Таму сваю ролю яны адыграюць, хоць і не галоўную.

Думаю, улада ўжо выпрацавала сцэнар на прэзыдэнцкія выбары 2015 году. І ў ім 2014 год разглядаецца як нейкая ахвяра. Таму што рэсурсаў для і 2014, і 2015 году няма. Таму 2014 год будзе годам і зьніжэньня ўзроўню жыцьця, і зьніжэньня рэйтынгаў улады. Для ўлады задача на наступны год — гэта не дапусьціць далейшых дысбалянсаў у эканоміцы. Ліквідаваць гэтыя дысбалянсы ўвогуле немагчыма. Галоўнае для ўлады, каб выбарчая кампанія не наклалася на падзеньне даходаў».

Карбалевіч: «З гэтага гледзішча было б лягічна правесьці дэвальвацыю цяпер. А раптам ня ўдасца ўтрымаць сытуацыю і дэвальвацыя здарыцца ў 2015 годзе?»

Нікалюк: «Дык дэвальвацыя, як ужо тут казалі, адбываецца і будзе працягвацца. А тэмпы яе будуць залежаць ад вонкавага чыньніку. То бок — колькі дасьць Расея, калі і іншае».

Корф: «Тут шмат казалі пра тое, як будзе паводзіць сябе ўлада. Але таксама цікава: што ва ўмовах падзеньня даверу грамадзтва да ўлады будзе рабіць апазыцыя?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG