Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чачэнскі журналіст: Гэта справа рук рускіх мусульман


Ліома Чабаеў

Ліома Чабаеў

У панядзелак раніцай у расейскім Валгаградзе быў падарваны тралейбус. Загінулі ня менш за 14 чалавек, 28 параненыя. Гэта ўжо другі тэракт у горадзе менш чым за суткі і трэці за апошнія два месяцы. Ахвярамі тэракту, які адбыўся ўчора на валгаградзкім чыгуначным вакзале, сталі 17 чалавек, 45 атрымалі раненьні.

Пакуль што ніхто не ўзяў на сябе адказнасьць за гэтыя выбухі, але ўлады ня маюць сумневаў, што гэта былі тэрарыстычныя атакі і што яны, хутчэй за ўсё, былі зьвязаныя адна з адной. У кожным разе, такую вэрсію адпрацоўвае Сьледчы камітэт Расеі. Паводле словаў прадстаўнікоў сьледзтва, на месцы выбуху шмат фрагмэнтаў чалавечых целаў, таму колькасьць ахвяраў будзе ўдакладняцца. Паведамляецца, што ў горадзе назіраюцца панічныя настроі.

Новую хвалю тэрарыстычнай актыўнасьці на расейскім поўдні мы папрасілі пракамэнтаваць супрацоўніка чачэнскай рэдакцыі Паўночна-Каўкаскай службы нашага радыё Ліому Чабаева. Найперш я спытаўся ў яго, чым кіруюцца арганізатары і выканаўцы гэтых тэрактаў?

Чабаеў: Мяркуючы з тлумачэньняў тых, з кім даводзіцца дачыняцца, гэта паводзіны загнанага ў кут зьвярка. Нават ня зьвера, а зьвярка. Апошні аргумэнт, апошняя магчымасьць супраціўляцца. Натуральна, ніхто ня лічыць, што гэта панацэя ад усіх хвароб, што гэтым самым іслам ад чагосьці выратуецца, тым ня менш, гэта як бы помста і ўсё. А ў помсты, як яе разумеюць гэтыя людзі, шукаць праведнасьць, шукаць, для чаго, у гонар чаго, у імя чаго, марна. Сама помста ў імя помсты.

Абламейка: А помста за што?

Чабаеў: За цкаваньне. У першую чаргу тлумачэньне рускіх мусульман – гэта цкаваньне вернікаў, цкаваньне мусульман з рускіх у Расеі, у Маскве, у Санкт-Пецярбургу, у Татарстане. У фэйсбуку, у аднаклясьніках маецца аграмадная супольнасьць без разбору на нацыянальныя прыкметы вернікаў-мусульман, якія выказваюць вось гэты пратэст і крайне рэдка сустракаеш людзей, якія б не апраўдвалі выбухі, не апраўдвалі тэракты. Погляд на тэракт мірнага чалавека і погляд на тэракт мусульманіна – яны розныя.

Абламейка: Дык вы лічыце, што карані апошніх выбухаў у тым, што яны паходзяць з асяродзьдзя рускіх мусульман? Рускіх паводле нацыянальнасьці.

Чабаеў: Натуральна. І справа ў тым, што апошнія дзесяць гадоў у Расеі ўлада не дае сабе поўнай справаздачы ў тым, што імкліва расьце колькасьць тых, хто прымае іслам з рускіх. І ў самім ісламскім асяродзьдзі ў Расеі адбылася пэўная трансфармацыя – вернікі-мусульмане сталі «безнацыянальнымі», яны сёньня не падзяляюць сябе паводле нацыянальных прыкметаў. Першасны іслам, другасная твая нацыянальная прыналежнасьць. Вось такія падыходы заўважаюцца і з боку каўкаскіх мусульман.

Абламейка: Калі іх цкуюць, а яны забіваюць – атрымліваецца неадэкватны адказ.

Чабаеў: Вядома. Любая ўчыненая сьмерць не апраўдваецца нічым. Тут няма ніякага апраўданьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG