Лінкі ўнівэрсальнага доступу

...А з далікатэсаў — галава палтуса


Навагодні шопінг пачынаецца зь ялінкі

Навагодні шопінг пачынаецца зь ялінкі

Наступны год абвешчаны годам гасьціннасьці.Тым часам расейскі амбасадар Сурыкаў ацаніў узровень беларускіх цэнаў: «Па асобных відах прадукцыі, асабліва рыбапрадуктах, у Беларусі атрымліваецца даражэй, чым на Рублёўцы ў Маскве». Рэпартаж з Гомеля пра кошт навагодняга стала для звычайнага жыхара.

Хоць 30 сьнежня — працоўны дзень, але ў крамах і на рынках — перадсьвяточны ажыятаж. Чэргі паўсюль. У павільёне морапрадуктаў на Цэнтральным рынку ў кожнай вітрыне чырванее тлустая сёмга — 165 тысяч за кілё. Фарэль — на пару дзясяткаў тысяч меней. Таньней каштуюць мінтай, хек, марскія акуні, траска, пангасіюс....

Гараджанка Валянціна кажа, што сёлета на навагодні стол сям’я ашчадзіла 2 мільёны рублёў, у тым ліку й на рыбу, якая ў спэцыялізаваным павільёне крыху таньнейшая, чым у супэрмаркетах:

«У крайнім выпадку, таньней, чым у вялікіх крамах. Вось я ўчора была ў „Гіпа“, дык там нашмат даражэй. Я тут купіла фарэль — 123 тысячы кіляграм. Мы не ядзім кіляграмамі, а крышачку можна купіць. Пакуль муж працуе, можна сабе дазволіць. Дзеці рыбку любяць. 2 мільёны на наш стол. Мы сьціпла, сям’я ў нас невялікая».
Цэнтральны гомельскі рынак 30 сьнежня

Цэнтральны гомельскі рынак 30 сьнежня

Суразмоўца кажа, што марскую рыбу часьцей за ўсё замяняе рачная, якую сын прыносіць з рыбалкі:

«У мяне сын — рыбак. У нас шчупак, судак пастаянна — рачная рыба не пераводзіцца ў лядоўні. Ловіць на рэчцы, у Сажы, сьпінінгам — ён спрытны рыбак зь дзяцінства. Нават сёньня паехаў на рыбалку».

Чарговы пакупнік рыбы — 53-гадовы гамяльчук Рыгор. Ён апавёў, што траціць на навагодні стол мільён рублёў:

«Роўна мільён — так прыкінуў, каб купіць прадукты. Менавіта прадукты — каўбасу, маянэз, рыбу. Я ня ведаю, колькі там рыба каштуе на Рублёўцы, каб параўнаць. А ў нас, вы ж бачылі, звычайная скумбрыя — па 30–40 тысяч. Фарэлі 300 грамаў запакаванай я ўзяў амаль за 70 тысяч нашых беларускіх рублёў. Дарагавата, вядома. Але ж такое ня часта бывае — Новы год ці дзень народзінаў».

Гамяльчук Рыгор ня супраць таго, што 2014 год Аляксандар Лукашэнка абвясьціў годам гасьціннасьці. Але каб пачуваць сябе гасьцінным гаспадаром, аднаго ўказу мала:

«Гэта пытаньне складанае — адразу так і не адкажаш. Бо, напрыклад, як мы будзем атрымліваць заробак — з затрымкамі ці не? Там, дзе я працую, затрымліваюць. Які будзе ўзровень заробку? Ад гэтага залежыць, ці мы зможам прымаць розных гасьцей».

Дзьве сяброўкі-пэнсіянэркі кажуць, што рыба ў гарадзкіх крамах ня толькі дарагая, але і часта ляжыць застарэлая, перамерзлая:

«Нясьвежая яшчэ рыба. Такая ўжо старая й перамерзлая, што немагчыма. Да сьвята хочацца штосьці смачнейшае купіць, што па нашых грашах. Галаву купілі палтуса, каб пасмажыць. Будзем клікаць сваякоў, сябровак, суседзяў — будзем жыць!»

У дзяржаўнай краме «Асарці», што на праспэкце Перамогі, у продажы сёньня наагул няма курыных яек. Маладая прадавачка прапануе купляць перапяліныя — 22 тысячы за два дзясяткі.

Побач пэнсіянэрка Ала ў вітрыне-лядоўні выбірае прадукты да навагодняга стала:

«Да Новага году выбіраю курачку. Традыцыйны студзень зраблю. Як заўсёды, аліўе. Скажу, што дорага гэта ўсё будзе. Самае таннае шампанскае цяпер — 43 тысячы. Торт — тысяч 70–80. Палічыце, калькі гэта будзе. Рыба таксама ня танная. Калісьці гэтая скумбрыя каштавала 1 рубель 45 капеек, а цяпер яна ўжо пад 100 тысяч за кіляграм».

Сталая пакупніца крамы «Асарці», якая назвалася Тацянай Дзям’янаўнай, дадае пра свой досьвед сёлетніх паходаў па прадукты:

«Раней пойдзеш — і за 100 тысяч два дні жывеш. А зараз 100 тысяч выкінеш — і нічога. Дзякуй Лукашэнку, што мы мільянэры. Пэнсіянэры сталі мільянэрамі. Радасьці няма, але ж гучыць гэтае слова — мільянэр!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG