Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі 2013 году ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Расеяй? Ці чакаюцца новыя «войны» ў 2014 годзе? Ці ёсьць прыкметы таго, што будуць зьмены ва ўладзе ў Беларусі?

На гэтыя пытаньні карэспандэнту Свабоды адказаў палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

«Нягледзячы на тое, што беларускія дзяржаўныя мэдыі вельмі ўслаўлялі Лукашэнку за нібыта перамогу ў калійнай вайне, параўноўвалі яго з былінным асілкам, які паклаў на лапаткі, спляжыў гэтых прагных расейскіх алігархаў, — цяпер, калі нават беларускія чыноўнікі мусілі прызнаць, што татальная шкода ад калійнай вайны гэта 1,7 мільярда даляраў, то бок калясальная шкода, становіцца зразумелым: нягледзячы на амбіцыі, на пыху, на фронду, беларускі кіраўнік прайграе Расеі.

І наагул, гэтая гульня ў так званую братнюю інтэграцыю апрыёры асуджаная на паразу і на здачу кавалкамі беларускага сувэрэнітэту.

Гэты год як на далоні паказаў, што беларуская мадэль — несучасная, датацыйная, ёй з кожным годам патрабуюцца ўсё большыя ўліваньні, усё больш расейскага допінгу.

А Расея праплочвае вялікадзяржаўныя амбіцыі. І нейкі час Лукашэнка яшчэ будзе гуляць на патрэбе Пуціна стварыць эўразійскі саюз. Таму Пуцін 2 мільярды даляраў дадатковых пазыкаў на 2014 год паабяцаў.

І трэба гадаць, што папросяць узамен. У Баранавічах ужо зьявіліся расейскія зьнішчальнікі, ужо ў 2014 годзе расейцы абяцаюць стварыць сваю авіябазу ў Лідзе. Ідзе ціхая экспансія Расеі. Гэтая эўразійская інтэграцыя выглядае пасткай, у якую скочваецца Беларусь, бо няма альтэрнатывы, няма разблякаваньня эўрапейскага вэктару.

Таму беларусаў чакае яшчэ вельмі цяжкі пэрыяд стагнацыі, заняпаду і агоніі гэтага рэжыму».

Карэспандэнт:«А ці ёсьць некія падставы для новых «войнаў» паміж Беларусьсю і Расеяй у наступным годзе?"

Класкоўскі: «2014 год будзе таксама супярэчлівы. Ня будзе такіх бітваў, як „калійная вайна“, але супярэчнасьці будуць. Расея, з аднаго боку, мусіць праплочваць эўразійскую інтэграцыю, але, зь іншага боку, яна пераканалася, што гэтую падтрымку трэба вельмі дазаваць, іначай беларускае кіраўніцтва абяцае ды не выконвае.

То бок Масква будзе падвешваць Беларусь, змушаючы падпісаць дакумэнты аб стварэньні эўразійскага саюзу.

А Лукашэнка будзе ўпірацца, вытаргоўваць максымум прэфэрэнцыяў. Ён проста ня хоча аддаваць кавалкі беларускай уласнасьці, бо разумее, што гэта страта і ягонай палітычнай улады.

Таму ён будзе часамі дэманстраваць непакорлівасьць, дэмаршы, але калі і будуць такія ўзбрыкі, то лякальныя. Бо ў Лукашэнкі сёньня няма эканамічных рэсурсаў, каб супрацьстаяць Маскве, і няма палітычнай волі, каб зьмяніць курс і ажывіць заходні вэктар».

Карэспандэнт: «А ці былі ў 2013-м нейкія прыкметы таго, што будуць зьмены ва ўладзе і Лукашэнка ня будзе ў 2015 годзе прэтэндаваць на прэзыдэнцкую пасаду?»

Класкоўскі: «Гэта нерэальна. Лукашэнка не аднойчы дэманстраваў, і гэты 20-гадовы пэрыяд яго кіраваньня паказвае, што гэта чалавек, які ірацыянальна любіць уладу, гэта для яго наркотык. І пакуль у яго будзе рэшта фізычнай моцы, ён будзе трымацца за гэтае крэсла. Наўрад ці ён сёньня, пакуль яшчэ бегае і гуляе ў хакей, сур’ёзна думае пра нейкага пераемніка і нейкі варыянт перадачы ўлады. У такой сытуацыі, калі кіраўнік толкам не разумее, што адбываецца ў краіне, у эканоміцы, у палітыцы, у настроях соцыюму, а зь іншага боку, фанатычна трымаецца за ўладу, могуць адбыцца драматычныя і нават трагічныя падзеі. То бок сёньня гэты рэжым пэрсанальнай улады стаў галоўным тормазам разьвіцьця Беларусі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG