Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму апазыцыя ня стала чыньнікам перамен?


2013 год стаў яшчэ адным выпрабаваньнем для апазыцыйных структураў. Ці павялічылася моц апазыцыі? Што перашкаджае апанэнтам рэжыму заваяваць падтрымку грамадзтва? Ці ўдасца выпрацаваць адзіны сцэнар на прэзыдэнцкую кампанію?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і палітоляг Юрый Чавусаў.


Вынікі 2013 году


Валер Карбалевіч: «2013 год ня быў годам выбарчых кампаніяў. Таму быў час спакойна разабрацца, што адбываецца, выпрацаваць нейкую стратэгію працы, нейкія праекты па падрыхтоўцы да выбарчай кампаніі. Што ўдалося? Зь якімі вынікамі апазыцыя заканчвае год?»

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі: «За тры гады пасьля Плошчы апазыцыя нарэшце акрыяла ў арганізацыйным пляне. Калі казаць пра канцэптуальныя, маральныя аспэкты, то сытуацыя больш складаная. Палітычны каляндар прымушае брацца за падрыхтоўку да наступных электаральных кампаніяў.

Адзін з вынікаў гэтага году — пэўнае структураваньне апазыцыі. Аформіліся дзьве асноўныя кааліцыі: «Народны рэфэрэндум» і «Талака». І не відаць прыкметаў, што паміж гэтымі кааліцыямі наладзіцца паразуменьне. Яны створаныя на аснове ня столькі ідэалягічных прынцыпаў, колькі прыватных сымпатыяў. Калі казаць пра праблему адзінага кандыдата, то ідзе спаборніцтва амбіцыяў. Апазыцыйныя лідэры прыводзяць свае аргумэнты на карысьць той ці іншай працэдуры выбару адзінага кандыдата. І ёсьць імавернасьць, што «адзіных кандыдатаў» будзе некалькі.

Карбалевіч: «Цікава, што калі мы разважаем пра апазыцыю, то ўсё зводзіцца да пытаньня: ці змагла яна аб’яднацца і вылучыць адзінага кандыдата. Ці можна з такімі крытэрыямі падыходзіць да ацэнкі вынікаў працы апазыцыі за год?»

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
Юры Чавусаў: «Будаваньне кааліцыяў — гэта тое, што навідавоку. Вось я нядаўна паглядзеў „Мэдыябаромэтар“, які робіць Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў. Зь яго вынікае, што колькасьць узгадак пра апазыцыю для міжвыбарчага пэрыяду даволі высокая. Ёсьць адчуваньне, што апазыцыя выйшла з стану „грогі“ пасьля Плошчы.

Але ўзьнікае іншае пытаньне: што можна рабіць, акрамя прысутнасьці ў мэдыях? Пакуль апазыцыя не дала адказу, як яна зьбіраецца браць уладу. Але цягам 2000-х гадоў (да 19 сьнежня 2010 г.) такі адказ быў. Гэта мадэль „каляровых рэвалюцыяў“ на ўзор Югаславіі ці Ўкраіны. Сутнасьць стратэгіі была такая: наш кандыдат — Плошча. І яна была зразумелая шараговаму актывісту апазыцыі. Цяпер такой стратэгіі ў апазыцыі не назіраецца. Бо досьвед 19 сьнежня паказаў, што сабраць на Плошчы шмат тысяч людзей — недастаткова для перамогі.

Сёньня апазыцыя вырашае бягучыя пытаньні. Як бы гэта цынічна ні гучала, але мэта вызваленьня палітвязьняў дазволіла апазыцыі схавацца ад вырашэньня асноўнага пытаньня: барацьбы за ўладу.

Апазыцыя займаецца нарошчваньнем электаральнай падтрымкі. Але няма адказу на пытаньне: дзеля чаго нарошчваць электаральную падтрымку, калі выбараў у краіне няма?»

Што перашкаджае апанэнтам рэжыму заваяваць падтрымку грамадзтва?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Карбалевіч: «Абвастрэньне сацыяльна-эканамічных праблемаў, зьніжэньне даверу насельніцтва да ўлады, падвышэньне гатоўнасьці да перамен — усё гэта, здавалася б, стварае для апазыцыі спрыяльныя ўмовы. Маўляў, вось ёсьць альтэрнатыва. Ці ўдалося гэта апазыцыі? Слабасьць апазыцыі палягае ў аб’ектыўных фактарах ці ў суб’ектыўных? Што апазыцыя робіць ня так, як трэба было б, на ваш погляд? Можа, апазыцыя больш нічога і ня можа ў цяперашніх умовах, акрамя як толькі самавыжываць і прысутнічаць у мэдыях?»

Класкоўскі: «Ці не трапляем мы ў палон састарэлай схемы, нібыта ўлада і апазыцыя — сувымерныя сілы? Так было да 1996 году. Сёньня для Лукашэнкі апазыцыі ў палітычным сэнсе не існуе як такой. Яго галоўны вораг — эканоміка, замежнапалітычныя выклікі. Грамадзкі пратэст (напрыклад, акцыя „Стоп падатак“) адбываецца без апазыцыі.

Тытульная апазыцыя апынулася ў зачараваным коле. Вось яе абвінавачваюць, што яна разьяднаная, таму ў яе нізкі аўтарытэт у грамадзтве. Але, можа, яна таму і разьяднаная, што ў лідэраў апазыцыі няма веры ў перамогу?

Думаю, што калі створыцца нейкая крызісная сытуацыя, то шанец перахапіць уладу будзе не ў апазыцыі, а ў нейкай іншай сілы, найперш — намэнклятуры. Трэба адысьці ад высновы, што пасьля Лукашэнкі нас чакае перамога дэмакратыі.

Таму ў сёньняшняй тытульнай апазыцыі шанцаў узяць уладу няма пры любым сцэнары. І калі нехта кажа: „У мяне ёсьць цудадзейны сцэнар перамогі апазыцыі на бліжэйшых выбарах“, — то гэта шарлатанства».

Чавусаў: «Хачу выказаць нязгоду амаль з усім, што сказаў сп. Класкоўскі. Але абвергнуць гэта эмпірычна немагчыма. Бо калі б у Беларусі былі свабодныя выбары, то апазыцыя атрымала б электаральную падтрымку. Але ў бліжэйшай пэрспэктыве казаць пра магчымасьць такога экспэрымэнту не выпадае.

Я ня бачу ігнараваньня апазыцыі з боку Лукашэнкі. Наадварот, крытыка Лукашэнкі апазыцыяй, грамадзянскай супольнасьцю, блогасфэрай — гэта для кіраўніка дзяржавы адзінае люстэрка, адзіная адэкватная карціна сьвету, апроч таго лабісцкага атачэньня, якое схіляе яго да таго ці іншага варыянту правядзеньня палітыкі.

Увогуле беларуская апазыцыя прадэманстравала здольнасьць выжываць у самых неспрыяльных умовах і аднаўляцца пасьля нечуваных удараў, якія былі пасьля 19 сьнежня. Што яна здольная рабіць болей, залежыць не ад яе, а ад таго, якія ўмовы пад узьдзеяньнем розных чыньнікаў складаюцца ў грамадзтве. Сёньня ўмовы неспрыяльныя.

Сёньня ў грамадзтве пануе недавер ня толькі да апазыцыі. Насельніцтва не давярае і ўсім інстытутам, якія існуюць у Беларусі. Падае давер да дзяржаўных інстытутаў, незалежных мэдыяў, царквы і інш. Гэта сьведчаньне крызісу ўсёй палітычнай мадэлі. Людзі расчараваныя ўвогуле ў грамадзкай, публічнай сфэры. Усе грамадзкія пратэсты, якія адбываліся апошнімі гадамі, носяць неінстытуцыйны характар. А калі ён неінстытуцыйны, то і ня можа прывесьці да нейкіх кардынальных вынікаў».


Ці ўдасца выпрацаваць адзіны сцэнар на прэзыдэнцкую кампанію?


Карбалевіч: «Ці здолее апазыцыя выправіць хібы ў 2014 годзе? Гэта год мясцовых выбараў і перадвыбарчы год перад прэзыдэнцкай кампаніяй. Як вы ставіцеся да прапановы Севярынца склікаць вясной кангрэс дэмакратычных сіл, каб выбраць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары?»

Класкоўскі: «Лепей кангрэс, чым нічога. Але ці будзе ён прадстаўнічы? Напрыклад, калі кааліцыя „Талака“ яго праігнаруе, то гэта будзе непаўнавартасны кангрэс. І можа атрымацца, што „адзіны кандыдат“ ня мае падтрымкі большай часткі апазыцыі».

Чавусаў: «Важна, каб спрэчкі вакол працэдуры абраньня адзінага кандыдата ня сталі нагодай для большага расколу апазыцыі. Год таму падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у апазыцыйным асяродзьдзі былі зацятыя спрэчкі вакол пытаньня байкоту. А цяпер прыхільнікі і праціўнікі байкоту суіснуюць у адной кааліцыі.

Я аптымістычна гляджу на прапанову Севярынца наконт правядзеньня кангрэсу. Але наўрад ці гэта ўдасца сумясьціць зь мясцовымі выбарамі. Бо пляны кампаніяў і пляны асобных прэтэндэнтаў на статус адзінага кандыдата ўжо зьвярстаныя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG