Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомая спартоўка Аліна Талай зьнялася ў кліпе гурту «AMAROKA»


У апошнія пераднавагоднія дні гурт «AMAROKA» дорыць усім сваім прыхільнікам і аматарам беларускай музыкі сьвяточны кліп на песьню «Разрываеш» з апошняга альбома «Pastka».




«Разрываеш» — пяты афіцыйны кліп гурту. Зьняў яго пры падтрымцы «Арт Сядзібы» кліпмэйкер Аляксандар Крупіна, стваральнік студыі «КапканFilm».

У галоўных ролях — вядомая беларуская спартоўка, прызэрка чэмпіянатаў сьвету і Эўропы па лёгкай атлетыцы Аліна Талай, а таксама сабачка Моніка. Іхнія навагоднія жаданьні і выконваюць у кліпе ўдзельнікі гурту «AMAROKA».Гэта ўжо другі кліп на песьню з апошняга альбома. У кастрычніку гурт прэзэнтаваў відэапрацу на песьню «Губляю каханьне».

Аліна Талай распавяла пра свае ўражаньні ад удзелу ў здымках:

«Мне было вельмі цікава паспрабаваць сябе ў новай ролі ды проста атрымаць асалоду ад працэсу. Дзякуй хлопцам за прапанову! Здымалі ўсё на адным дыханьні, таму і кліп выйшаў вясёлы і пазытыўны, абсалютна з навагоднім настроем».

Ідэя зьняць вясёлы і трошкі камічны кліп зьявілася некалькі тыдняў таму ў саліста гурту Зьмітра Афанасенкі і басіста Міхаіла Шэстака.

Зьміцер Афанасенка кажа:

«Падумалі, што новы кліп будзе добрым падарункам нашым слухачам на навагоднія сьвяты. Я сабраў ідэі і абагульніў іх у сцэнар. Паказаў нашаму кліпмэйкеру Аляксандру Крупіне, які зьняў нам ужо пяты кліп, і хлопцам з гурту. Усім спадабалася, таму вырашылі тэрмінова распачынаць працу. Працавалі па-спартанску, зьнялі за дзень і за тыдзень зрабілі мантаж. Вось і выйшаў навагодні падарунак».

Усе ўдзельнікі гурту дзякуюць Аліне Талай за тое, што пагадзілася на ўдзел і мужна вытрымала здымачны дзень, жыхарам кватэры, у якой здымаўся амаль увесь кліп, а таксама кату Яшу ды сабачцы Моніцы.
XS
SM
MD
LG