Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскага ўдзельніка суполкі «Стоп-страх» выпусьцілі з турмы


Антон Касцоў

Антон Касцоў

Кастрычніцкім судом Магілёва яго пакаралі трыма суткамі арышту як арганізатара несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

29 сьнежня пасьля трох сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю магілёўскі актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Антон Касцоў. Кастрычніцкім судом Магілёва яго асудзілі як арганізатара несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Актывіста зьвінавацілі ў стварэньні суполкі «Стоп-страх» у сацыяльнай сетцы «уКантакце». У ёй зьмяшчаліся заклікі да правядзеньня штотыднёвых акцыяў пратэсту аўтамабілістаў. Першая мела адбыцца 27 сьнежня.

24 сьнежня на Антона склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня як на ўдзельніка, але 26 сьнежня пратакол перапісалі. У ягоных дзеяньнях супрацоўнікі Кастрычніцкага аддзелу міліцыі Магілёва ўгледзелі арганізацыю масавага мерапрыемства.



Абвінавачваньні Антон Касцоў не прызнае і заяўляе, што не арганізоўваў акцыі, а толькі выказваў сваю грамадзянскую пазыцыю на сайце.

«Арганізоўвалі яе іншыя людзі. Акцыі па сутнасьці і не было. Я не заклікаў людзей выходзіць з транспарантамі. У маіх сказах было напісана, што варта захоўваць грамадзкі парадак і не скандаваць, ня хлопаць, а паводзіць сябе, не парушаючы закон. Я падаваў цытаты на сайце, якія былі напісаныя да мяне ў іншых сацыяльных сетках. Пра тое, што са мной адбылося я не шкадую, але трэба больш абачліва наперад сябе паводзіць. У такой сытуацыі мог апынуцца любы, хто адстойваў пазыцыю бальшыні нязгодных людзей. Я не чакаў, што мяне пасадзяць, але тое, што мяне ўсё ж пасадзілі — гэта цалкам натуральная рэакцыя ўладаў. Судзіла мяне судзьдзя Седальцова. Больш за ўсё яе цікавілі мае адказы па пытаньне пра партыю. Яна заявіла, што АГП — партыя, якая выступае супраць дзейнай улады і я непрымірымы праціўнік улады», — казаў Антон Касцоў пасьля выхаду зь ізалятара часовага ўтрыманьня

24 сьнежня суполка была выдаленая. У той жа дзень міліцыянты забралі ў Антона кампутар нібыта для прагляду перапіскі. Ён застаецца ў Кастрычніцкім аддзеле міліцыі Магілёва. Пра тое, што актывіста судзілі, паведаміла ягоная маці.

Сустракаць актывіста на волі прыйшлі ягоныя бацькі, аднапартыйцы, а таксама ягоныя калегі зь іншых партыяў.
XS
SM
MD
LG