Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выбух у Валгаградзе ўдвая мацнейшы, чым у менскім мэтро ў 2011 г.


На месцы тэракту знойдзеная галава сьмяротніцы і вызначаная магутнасьць выбуху. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Расеі Уладзімір Маркін.

Магутнасьць выбуховага прыстасаваньня, якое спрацавала на вакзале ў Валгаградзе, склала ня менш за дзесяць кіляграмаў у тратылавым эквіваленце. Магутнасьць выбуху ў менскім мэтро ў красавіку 2011 году была 5-7 кг.

Ён таксама паведаміў , што на месцы выбуху знойдзеныя парэшткі сьмяротніцы, якая, як мяркуецца, прывяла ў дзеяньне бомбу. Прызначаная генэтычная экспэртыза, каб вызначыць яе асобу.

Для аказаньня дапамогі пацярпелым з Масквы ў Валгаград вылецеў самалёт МНС Расеі са спэцыялістамі- мэдыкамі і неабходным медычным рыштункам/

Паводле паведамленьняў, выбух зьдзейсьніла сьмяротніца на падыходзе да рамкі мэталашукальніка, усталяванага на вакзале.



Паводле словаў афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэту Расеі Уладзіміра Маркіна, крымінальная справа па факце выбуху распачата па двух артыкулах — тэракт і незаконны абарот зброі і боепрыпасаў.

Як заявіў Маркін, ахвяраў магло б быць нашмат больш. «Загараджальная сыстэма, усталяваная на вакзале, перашкодзіла тэрарыстцы прайсьці ў залю чаканьня, тым самым удалося пазьбегнуць большай колькасьці ахвяраў», — сказаў Маркін.

Зь 1 па 3 студзеня ў Валгаградскай вобласьці Расеі плянуюць абвясьціць жалобу па загінулых.

Напрыканцы кастрычніка ў Валгаградзе сьмяротніца актывавала бомбу ў салёне рэйсавага аўтобуса. Тады загінулі шэсьць чалавек..
XS
SM
MD
LG