Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 сьнежня скончыўся чарговы этап кампаніі па правядзеньню мясцовых выбараў — фармаваньне тэрытарыяльных камісіяў.

І хоць вынікі стануць вядомыя толькі 30 сьнежня, ужо сёньня можна канстатаваць — прадстаўнікоў апазыцыі у выбарчых камісіях можна пералічыць літаральна па пальцах.

Тэрытарыяльных камісіяў —1331. А паколькі сёньня і заўтра выходныя дні, то, як паведаміў Свабодзе сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, апрацоўка ўсіх дадзеных скончыцца 30 сьнежня .

Таму мы сёньня вымушаны абмежавацца дадзенымі з партыйных штабоў. А яны для апазыцыі сумныя. Напрыклад, Аб’яднаная грамадзянская партыя вылучала 11 прэтэндэнтаў. Вынік — нулявы. Ні Людмілу Гразнову, ні Сьвятлану Гальдадзэ, ні Льва Марголіна ў склад тэрытарыяльных камісіяў не ўзялі. Партыя БНФ мела 10 вылучэнцаў — 6 па партыйных сьпісах і 4 праз збор подпісаў. З дзесятка пашанцавала толькі Сяргею Алексіевічу, ён увайшоў у склад Берасьцейскай абласной камісіі.

Традыцыйна найбольш актыўна падчас выбраў вядзе сябе партыя «Справядлівы сьвет». Намесьнік партыйнага старшыні Валеры Ўхналёў распавёў Свабодзе:

Валер Ухналёў

Валер Ухналёў

«Партыя вылучала ў тэрытарыяльныя камісіі 52 сяброў, частку па партыйных сьпісах, частку праз збор подпісаў. І на сёньняшні дзень нам вядома. што 4 сябры партыі „Справядлівы сьвет“ увайшлі ў тэрытарыяльныя камісіі. У Віцебскай абласной гэта Мікалай Селівашка, у Баранавіцкай гарадзкой — Рыгор Дружынін, у Хойніцкай раённай — спадар Сьцешыц, і ў Берасьцейскай раённай — Жана Новік».

Валеры Ўхналёў параўноўвае сытуацыю зь мінулымі мясцовымі выбарамі. Чатыры гады таму партыя прапаноўвала нават крыху меней кандыдатаў у тэрытарыяльныя камісіі, чым сёлета. Але тады ў камісіі ўключылі ўтрая болей прадстаўнікоў «Справядлівага сьвету».

«Гэта тэндэнцыя характэрная ня толькі для адной партыі, але і для ўсіх апазыцыйных сілаў»,— падкрэсьлівае палітоляг Юры Чавусаў:

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

«Можна казаць, што апазыцыі ў тэрытарыяльных камісіях няма. І гэта сьведчыць пра тое, што выбары павіны прайсьці па звыклым, кантраляваным уладай сцэнары. І ніякіх зьменаў ў гэтым кірунку не адбываецца».

Пытаюся ў спадара Чавусава, як тады ставіцца да заявы кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што трэба правесьці гэтыя выбары на высокім дэмакратычным роўні? Палітоляг адказвае:

«Гэта толькі рыторыка, якая адрасаваная толькі зьнешнім спажыўцам. І гэта не мае ніякага дачыненьня да сапраўдных працэсаў разьмеркаваньня ўлады ў беларускай сыстэме».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG