Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Павал ня мае беларускага грамадзянства


мітрапаліт Павал
мітрапаліт Павал

Прыступіць да выкананьня абавязкаў кіраўніка Менскай эпархіі і Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Менскі і патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павал (Панамароў) паўнавартасна зможа толькі пасьля атрыманьня беларускага грамадзянства.

Гэта прадугледжана Законам аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях. Згодна зь ім кіраўніком рэлігійнай арганізацыі можа быць толькі грамадзянін Беларусі.

Новага мітрапаліта Менскага і патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі сынод Рускай праваслаўнай царквы прызначыў 25 сьнежня. Ім стаў мітрапаліт Павал (Панамароў), які дагэтуль быў кіраўніком Разанскай эпархіі ў Расеі.

Паводле заканадаўства запрашэньне замежных грамадзянаў для рэлігійнай дзейнасьці ў Беларусі павінна ўзгадняцца з упаўнаважаным па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. Для гэтага існуе пэўная працэдура. Ня менш чым за месяц да плянаванага прыбыцьця замежніка ў Беларусь рэлігійнае аб’яднаньне павінна накіраваць упаўнаважанаму пісьмовы запыт. У ім падаюцца зьвесткі пра замежніка, у тым ліку пра ягонае грамадзянства.

Наталка Васілевіч
Наталка Васілевіч
«То бок заканадаўства патрабуе, каб запыт на ўзгадненьне падаваўся за месячны тэрмін. Калі ён быў пададзены — у чым таксама ўзьнікае праблема — 26 сьнежня, то прыбыцьцё мітрапаліта Паўла для ажыцьцяўленьня служэньня можа адбыцца не раней за 26 студзеня. Мэтай такога служэньня ня можа быць выкананьне функцыяў кіраўніка — ні Менскай эпархіі, ні Беларускай праваслаўнай царквы, ні нават самага маленькага прыходу, манастыра ці брацтва. Адзіным спосабам заканадаўча бездакорнага выхаду з прававых калізіяў можа быць толькі атрыманьне мітрапалітам Паўлам грамадзянства Рэспублікі Беларусь у самыя кароткія тэрміны», — адзначае рэдактарка парталу «Царква» Наталка Васілевіч.

Намесьнік упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Уладзімер Ламека сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Гэта вырашала РПЦ, а ня мы, і ня ведаю, як ён тут будзе працаваць. Нам ніякіх даручэньняў не было. Я ведаю, што ён нібыта прыяжджае сюды пасьля Новага году. Будзем тады разьбірацца, і з грамадзянствам вырашаць, і ўсё іншае. Прыедзе сюды — і пачнём знаёміцца, пытаньні задаваць і ўсё іншае».

Паводле прадстаўніка Менскай эпархіяльнай управы айца Мікалая, у мітрапаліта Паўла пакуль няма грамадзянства Беларусі. Айцец Мікалай адзначыў, што мітрапаліт Павал прыедзе ў Менск на наступным тыдні, магчыма 4 студзеня, да праваслаўных Калядаў.

«Царква ня мае нейкіх дзяржаўных межаў. Гэта адзіная Руская праваслаўная царква, і ён — яе прадстаўнік, як і кожны праваслаўны. І тут ня грае ролі, грамадзянін ён Расеі, Беларусі ці Ўкраіны. Гэта абсалютна не прынцыпова», — сказаў карэспандэнту Свабоды айцец Мікалай.

Што да грамадзянства Беларусі, то, паводле айца Мікалая, складана сказаць, як павядзе сябе тут мітрапаліт Павал.

«Калі параўнаць сытуацыю зь мітрапалітам Філарэтам, то ён грамадзянін Беларусі і даўно ім зьяўляецца, хоць нарадзіўся ў Маскве. Таму мне складана сказаць, як паступіць уладыка Павал. Можа, ён таксама прыме беларускае грамадзянства? Гэтае пытаньне не зусім да мяне. Уладыка сваіх дзеяньняў пакуль не агучыў, бо ён пакуль ня ў Менску», — адзначыў айцец Мікалай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG