Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская СПА рыхтуецца да чэмпіянату сьвету па хакеі


«З 9 па 25 траўня 2014 году трэба будзе забясьпечыць бясьпеку паветранай прасторы над нашай краінай, і ў прыватнасьці над Менскам», — заявіў «Беларускай вайсковай газэце» першы намесьнік камандуючага ВПС і войскамі СПА палкоўнік Сяргей Трус.

Трус заявіў, што войска вылучыць дадатковыя сілы і сродкі для дзяжурства СПА ў дні чэмпіянату.

Беларусь мае пагадненьні пра абмен інфармацыяй аб палётах паветраных судоў паблізу дзяржаўнай мяжы з Украінай, Расеяй, Літвой і Польшчай, нагадвае БелаПАН.

Аляксандар Алесін, беларускі вайсковы аналітык, з гэтай нагоды зазначыў Свабодзе: узмоцненае дзяжурства СПА ў дні буйных спартовых падзеяў — усясьветная практыка:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
«Цяпер, калі тэрарызм набірае абароты, страхуюцца і прыкрываюць паветраную прастору, бо ня выключана ўжываньне бесьпілётніка, куды можна загрузіць некалькі кіляграмаў выбухоўкі, альбо выкарыстаньне самалёта са сьмяротнікам. На Лёнданскай алімпіядзе на дахах дамоў стаялі зэнітна-ракетныя комплексы, каб вельмі шчыльна прыкрыць зону спаборніцтваў. Калі б замест мядзьведзікаў швэдзкі самалёт вёз 800 кіляграмаў выбухоўкі, нішто не перашкодзіла б накіраваць самалёт на важныя аб’екты. Мо прэзыдэнцкія аб’екты ахоўваюцца неяк асобна, але іншыя аб’екты, як паказала практыка, — не. Трэба ўлічыць, што Беларусь пастаўляе вайсковую тэхніку ў краіны, дзе ідзе грамадзянская вайна. Лёгка прадказаць, што ўзброеная апазыцыя можа нейкім чынам адпомсьціць за гэта. Цяперашнім часам такое зрабіць ня надта складана: без праблемаў можна купіць і выбухоўку, і самалёт».

Адказваючы на пытаньне, ці можа паўтарыцца «швэдзкі дэсант», Аляксандар Алесін заявіў:

«Вайскоўцы ўсталявалі радыёлякатары „Раса-РБ“, якія могуць прыкрыць мяжу нізкім радыёлякацыйным полем, каб не прапусьціць самалёты, якія ляцяць нізка. Калі раней ужывалі лякатары, якія знаходзілі аб’екты на вялікай вышыні, то цяпер можна пабачыць аб’ект на ўзроўні дрэва. Верагоднасьць, што швэдзкі палёт паўторыцца, рэзка зьнізілася. Цяпер такое цяжка ўявіць. Таксама вайскоўцы ўсталявалі акустычныя датчыкі, якія манітораць сытуацыю ў тых месцах, якія не праглядаюцца радыёлякатарамі. Ступень абароненасьці мяжы падвысілася».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG