Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Івашчанка — пра суб’ектыўна лепшае ў «Дзеяслове» ў 2013-м


Анатоль Івашчанка

Анатоль Івашчанка

На днях з друкарні быў забраны шосты і апошні ў гэтым годзе нумар «Дзеяслова». Напэўна, час падводзіць вынікі. Рэдакцыйныя «дзеяслоўскія» вынікі будуць падведзеныя традыцыйнай прэміяй «Залаты апостраф», ляўрэаты якой стануць вядомыя празь некалькі месяцаў. Пакуль жа, — суб’ектыўны погляд чалавека, які цягам году ўважліва чытаў «Дзеяслоў» ад выходных дадзеных да біяграфіяў аўтараў, на тое, што вАРТага зьявілася ў часопісе (і, чаго ўжо тут, — у літаратурным працэсе) за гэты год. Што зачапіла найбольш і чым хацелася б падзяліцца з шаноўнымі чытачамі свабодаўскага сайту.

Паэзія

З паэтычных нізак найболей запомніліся і зачапілі тры — «Мы дзеці аднаго Бога» Ірыны Бельскай (№ 66), «Казкі пра вар’ятаў» Вольгі Гронскай (№ 67) і «Прага размовы» Натальлі Русецкай (№ 62).

Цалкам адказна магу заявіць: абсалютна клясныя і ўшчэнт вежазносныя тэксты!
Гэтых зусім розных паэтак аб’ядноўвае тое, што ў кожным выпадку маем усьцешлівую й даволі рэдкую рэч: тут «паэзія пераўзыходзіць нават майстэрства» (А. Разанаў). То бок з тэхнікай тамака ўсё ок. Але па-за тэхнікай (ці, можа, па-над ёй) ёсьць абсалютна невытлумачальная ніякімі бартамі, бахцінымі й лотманамі здольнасьць так расставіць словы ў радку ці страфе, каб... Зрэшты, няхай вершы гавораць самі за сябе. Прычым, як той пісаў, не пра штосьці гавораць, а штосьці.

***
Ён маліўся Алагу,
Але часам быў ня супраць
Закусіць самагонку сьвежанінай.

А я любіла Ісуса
І не любіла танцаваць,
А ён любіў,
А я любіла пісаць
Свае вершыкі.
А закусваць сьвежанінай самагонку
Мне і так можна.

Але мы любілі адно аднога
І верылі, што мы дзеці аднаго
Бога.
Я прасіла яго ў Ісуса,
І пазьней высьветлілася, што атрымала
Менавіта так, як сфармулявала.
І ён прасіў мяне ў Алага,
Але таксама, відаць,
Сфармуляваў блага...

Але мы любілі адно аднога
І верылі.

Тыя родныя, што асуджалі,
Ну, пачытаюць яны, можа, вершы —
Ну ўджаляць яшчэ
Але мне — што?
Нічога — верыце?
Я ад пчалінага джала
Тут толькі магу памерці.

Мы так любілі адно аднога,
У нас саміх паверыўшы,
Што нам было на ўсіх напляваць.
Але нядоўга.

Хіба можна пісаць вершы,
Калі нават ня ўмееш фармуляваць
Просьбы да Бога?..

(Ірына Бельская)

Пяць
А калісьці надыдзе дзень,
і ён табе скажа: «Ма,
гэта ня шапка, а сьмех адзін!
Хочаш — насі сама».
Кіне яе на канапу,
пойдзе ў свой пакой і
ўключыць там Muse, ці Coldplay,
ці нешта яшчэ такое
(што будуць слухаць у дваццаць трэцім
гэтыя дзеці?)

А неяк убачыць дзіцячае фота
на сайце і скажа: «Ну вы далі!
У мяне там зуба няма, і ўвогуле — выдалі.
Павесь лепш туды Далі».
Кіне ў заплечнік рыдэр
(плэер, айфон, тамтам)
і — «Не чакайце, мам!»
Махне рукой, усьміхнецца
ды апынецца там,
дзе побач зь дзяўчынкай-скерца
стане сэрца шалёна біцца.
Як і тваё, дарэчы:
ты з гэтага часу штовечар
пачнеш класьціся позна, правяраць тэлефон...
Звоніць. Гэта ня ён?

Цяпер ты таксама ня сьпіш. Пакуль —
таму, што кашляе, прачынаецца, просіць тваю руку
(ведае: ад любога цмока і ведзьмака
абароніць гэта рука).
І ты закідаеш дэдлайны і важныя прапановы —
на гарышча, у куфар, дзе цень.
Бо калісьці надыдзе дзень,
і ён сыдзе — дарослы — жыць.
А пакуль — верабейкам сонным — папросіць піць,
і яму яшчэ толькі пяць.
Можна гладзіць па валасах,
трымаць за руку,
сьцерагчы яго сон
і самой
ня спаць.

(Вольга Гронская)

* * *
Сьвечка
маёй
малітвы
нясьмелай
успыхне
і гасьне,
зьдзьмухнутая
сумневам.
Скажы:
і Табе
так
балела
першае
слова —
уздоўж
усяго
цела?

(Натальля Русецкая)

Дадам, што аўтар гэтага агляду меў сёлета гонар і прыемнасьць пісаць рэкамэндацыі на ўступленьне ў Саюз пісьменьнікаў (а робіць ён гэта выключна і толькі па любові) для дзьвюх вышэй цытаваных аўтарак. Трэцяя ж, Ірына Бельская, покуль самотная — бо кнігі ня мае. Але, хочацца верыць, што гэтае непаразуменьне як мага хутчэй выправіцца.


Проза

Часьцяком даводзіцца чуць развагі пра тое, што сапраўдная проза церпіць паразу. Пра паразу прозы. Ня толькі беларускай, але наагул. Неяк паважаны Анатоль Сідарэвіч на старонках «Нашай Нівы» (ці гэта «Наша Ніва», па вядомай завядзёнцы, перадрукавала ягоны допіс з сацсеткі? — богведама) наракаў, робячы міні-агляд аднаго з нумароў «Дзеяслова», на бракаваньне фікшну поруч з засільлем нон-фікшну... Як на мяне, дык акурат фікшну-экшну — ня толькі ў «Дзеяслове», а й наагул — акурат вышэй за дах. Прычым, у эпоху татальнае алергіі на многабукавасьць, — буйных жанраў. У кожным нумары (!) «Дзеяслова» за 2013-ты друкаваліся ці аповесьць, ці частка раману, ці і тое, і другое разам. Гэта раман Алеся Усені «Грэх» (№ 63-64), дзеяньне якога адбываецца ў эпоху кіраваньня рымскага імпэратара Адрыяна (другое стагодзьдзе новае эры). Дэтэктыўная аповесьць Макса Шчура «Газэтчык» (№ 62), дзеяньне якой адбываецца ў наш час з нашымі суайчыньнікамі, што эмігравалі ў Швэцыю. Гістарычны раман Эрнэста Ялугіна «Перад Патопам» (№ 65-66) — працяг прыгодаў бортніка і, па сумяшчальніцтве, ведзьмака Зыха ў часе кіраваньня вялікага князя літоўскага й караля польскага Жыгімонта Аўгуста...

Іншая рэч, ці трэндавыя тое былі тэксты. Ці, так бы мовіць, канкурэнтаздольныя з тым, што разьмятаецца нашымі суайчыньнікамі ў пераднавагодні час на кніжных развалах...

Асабіста для мяне найбольш прыемнай чытанкай былі аповесьці «Паветраны шар (1984)» Ігара Бабкова (№ 65) і «Дзядзька Адольф» Андрэя Федарэнкі (№ 67). «Паветраны шар» — працяг «рамана-павуты», за першую частку якога аўтар летась атрымаў «Залаты апостраф» — тэкст, пра які ў трох аглядавых сказах ня скажаш. Больш за тое, пры даволі празрыстай манэры выкладу гэтага твору, не вазьмуся сказаць, што я ў ім усё цалкам і да рэшты разгадаў. (Верагодна, шчэ й праз тое, што ня бачыў усіх складнікаў гэтага пазлу, то бок павуты). Ігар Бабкоў — у большай ступені, чым хтосьці яшчэ аўтар адной Кнігі, і, здаецца, ён ня моцна гэта хавае. Твору, які ён, ня моцна шыфруючыся, піша ўсё жыцьцё. Са скразнымі героямі, мейсцамі, кантэкстамі... Кнігі, у якую, як па-мэтэрлінкаўску зазначана на задніку першага выданьня культавага «Клакоцкага», «можна ўвайсьці праз чатыры розныя дзьверы. Выйсьця зь яе няма аніякага».

Аповесьць Андрэя Федарэнкі, калі параўнаць яе з папярэдне згаданай, традыцыйная. Нават ушчэнт традыцыйная. Пісаць гэтак сёньня, як бы сказаў аглядальнік рэсурсу куку.орг ні разу ня ў трэндзе. Між тым, у межах жанру — аповеду пра вечную, як сьвет, трагедыю чалавека з крызісам сярэдняга ўзросту — усё бездакорна. Ніводнае лішняе фразы ці рэплікі. Выдатны псыхалягізм. Прачытаўшы гэта, Станіслаўскі без ваганьняў сказаў бы: веру!

З публіцыстычнае часткі часопісу, дзе цягам году было нямала добрага й лепшага, раю зьвярнуць увагу перадусім на палеміку, што друкавалася ў 65-м нумары пад назваю «„Мастацкі густ“ vs „безгустоўнасьць“ — хто каго?» Віктар Жыбуль і Эдуард Дубянецкі займаюцца, на першы погляд, недарэчнай справаю — спрачаюцца аб густах. Але робяць гэта віртуозна, баронячы кожны сваю эстэтычную сыстэму безь пераходу на асобы, але пераканаўча й дзідаламальна.

Сярод перакладаў, якімі сёлета цешыў чытача «Дзеяслоў» (а гэта і Віслава Шымборска ў перастварэньні Андрэя Хадановіча, і Уршуля Радзівіл ад Натальлі Русецкай, і нечаканая аповесьць старшыні Нацыянальнай сьпілкі пісьменьнікаў Украіны Віктара Баранава, і Тадэвуш Міціньскі, і Рышард Крыніцкі, і Тарас Шаўчэнка...) самай значнай падзеяй, як на мяне, была паэма Льюіса Кэрала «Снаркаловы» (арыгінальная назва The Hunting of the Snark), бліскуча перакладзеная Максам Шчурам (№ 66).

Перад Новым годам «Дзеяслоў» рыхтуе сваім чытачам сюрпрыз — адноўлены сайт часопісу, дзе, акрамя ўласна тэкстаў, зьявяцца новыя рубрыкі.

І яшчэ. Да нас рэгулярна даходзяць зьвесткі, што дырэктараў рэгіянальных бібліятэк (якія, дарэчы, выпісваюць часопіс не за бюджэтныя, а за ўласныя сродкі!) чыноўнікі ад ідэалёгіі прымушаюць пісаць тлумачэньні, чаму яны выпісваюць незалежнае выданьне. Праз гэта ведамасная падпіска адчувальна скарацілася. Карыстаючыся з нагоды, хачу нагадаць, што на «Дзеяслоў» можна падпісацца ў любым паштовым аддзяленьні Беларусі (індэкс 74813). Калі вы цікавіцеся актуальным літаратурным працэсам і жадаеце апэратыўна даведвацца пра літаратурныя навінкі, зрабіце сабе і блізкім калядны падарунак — падпішыцеся на «Дзеяслоў»!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG