Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сьвяточным стале Міколы Статкевіча будуць лімоны і часнык


Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч, архіўнае фота
Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

26 сьнежня Марына Адамовіч, жонка палітзьняволенага Міколы Статкевіча, сустрэлася з мужам у магілёўскай турме № 4. Пра свае ўражаньні яна апавяла ў інтэрвію Радыё Свабода.

«У турме спатканьні заўсёды аднолькавыя. Так было і гэтым разам. Дзьве гадзіны ў вельмі маленькім памяшканьні са шкляной перагародкай, разьбітым на некалькі ячэек. Размова адбывалася пры дапамозе тэлефоннай трубкі праз двайное шкло і краты. Але ўсё роўна гэта адзіная магчымасьць, якую я маю, каб пабачыць блізкага чалавека. Таму, як толькі яна зьяўляецца, я зазвычай карыстаюся ёй у першы ж дзень. Паведамілі, што з 26 сьнежня можна атрымаць сустрэчу, вось я адразу 26-га і паехала. Да таго ж у перадсьвяточныя дні існуе верагоднасьць, што будзе вельмі шмат наведнікаў, таму я вельмі рана прыехала і сустрэлася зь Міколам.

Стан мужа мне вельмі спадабаўся. Я магу ахарактарызаваць свае ўражаньні так: зайшлі зьняволеныя і Мікола. У параўнаньні зь іншымі ў яго іншы твар, іншы выраз на твары. З выгляду ён зусім не памяняўся, нават з улікам трох гадоў зьняволеньня і ўсіх выпрабаваньняў, якія выпалі на ягоны лёс. Такія ж сьветлыя вочы, такая ж сьветлая ўсьмешка, ён гэтак жа заразьліва сьмяецца. Мікола выглядае як чалавек, які мае вялікі патэнцыял трываласьці. Прасіў усім перадаць віншаваньні са сьвятамі, пажадаць усім добрых пераменаў у Новым годзе, проста сказаў: «Ня бойцеся! Усё будзе добра».
Такія ж сьветлыя вочы, такая ж сьветлая ўсьмешка, ён гэтак жа заразьліва сьмяецца

Марына Адамовіч спрабавала распытацца ў мужа пра ўмовы ўтрыманьня, даведацца, якія скаргі ён мае:

«Прагучала тое, што харчаваньне стала яшчэ бяднейшым. Зьнікла аўсянка, якая была для яго больш-менш прымальнай ежай. Замест яе цяпер даюць сечку і проса. Таксама даюць варыва з дробных рыбных адкідаў, там галовы, косьці, кішкі. Гэтую „страву“ ён есьці ня можа. Зьнік апошнім часам і цьвёрда прапісаны ў нормах заканадаўства кавалак белага хлеба. Замест яго даюць шэры хлеб з мукі другога гатунку».

Нягледзячы на беднасьць харчаваньня, Мікола Статкевіч здолеў разнастаіць свой рацыён у сьвяточныя дні:

«Упершыню за тры гады Мікола здолеў на „атаварку“ атрымаць некалькі лімонаў і галовак часныку. Таму ён лічыць, што да сьвята падрыхтаваны. На жаль, ён ня можа атрымаць ні перадачу, ні бандэроль да сьвятаў».

Марыне Адамовіч як жонцы Міколы Статкевіча належацца сама больш два кароткія спатканьні з мужам штогод. Мінулая іх сустрэча адбылася на пачатку ліпеня 2013 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG