Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркмэнскага студэнта, які біўся ў Баранавічах, выслалі зь Беларусі


Грамадзянін Туркмэністану, студэнт юрыдычнага факультэту Берасьцейскага дзяржунівэрсытэту высланы на радзіму за ўдзел у бойцы ў Баранавічах.

Пра гэта БЕЛТА паведаміў начальнік аддзяленьня па грамадзянстве і міграцыі АУС адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасьця Юры Бразінскі.

З санкцыі пракурора маладога чалавека пад канвоем даставілі ў Менск, дзе 24 сьнежня плянавым рэйсам адправілі на радзіму. Цягам трох гадоў яму забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі. У дачыненьні да яго ўжыты артыкул 30 закону «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь», дзе гаворыцца, што замежніку можа быць адмоўлена ў візе на ўезд у краіну, калі яго знаходжаньне супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў грамадзянаў і іншых асобаў.

Гэты чалавек ужо ня раз прыцягваўся да адказнасьці за парушэньне правілаў знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі. Яшчэ калі быў студэнтам Баранавіцкага ўнівэрсытэту, адкуль гэтай восеньню перавёўся ў Берасьце, туркмэнскі маладзён зьбіў дзьвюх беларускіх дзяўчат. Ён жа быў і адным з завадатараў сьнежаньскага канфлікту ў Баранавічах.

13 сьнежня ў Баранавічах здарылася бойка паміж замежнымі студэнтамі і мясцовай моладзьдзю. Непаўналетні жыхар Баранавічаў 1998 году нараджэньня атрымаў закрыты пералом левага перадплечча, а грамадзяніна Туркмэністану 1994 году нараджэньня пакаралі штрафам у памеры 260 тысяч рублёў.

Па факце той бойкі Баранавіцкі раённы аддзел Сьледчага камітэту распачаў крымінальную справу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG