Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 cьнежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася цырымонія пачатку праекта па выпуску першага факсымільнага выданьня поўнага збору кніг беларускага і ўсходнеэўрапейскага першадрукара Францыска Скарыны.

Першы том поўнага збору падпісаны ў друк.

Праект прымеркаваны да 500- годзьдзя выданьня Францыскам Скарынам першай кнігі для ўсходніх славян, якое будзе адзначацца 6 жніўня 2017 года.

Праект будзе выконвацца цягам пяці гадоў. За гэты час мяркуецца выпусьціць факсымільнае выданьне 25 кніг у 20 тамах, надрукаваных Скарынам у Празе і Вільні. Аснову складуць электронныя копіі кніг першадрукара, якія ёсьць у бібліятэках і музэях Беларусі, Расеі, Украіны, Нямеччыны й іншых краін. У выданьні будуць захаваны структура, зьмест, асаблівасьці шрыфтоў і гравюр арыгінальных выданьняў, паведамляе БелТА.

Тэксты факсымільных выданьняў будуць суправаджацца камэнтарамі навукоўцаў, перакладамі прадмоў і пасьляслоўяў Скарыны на беларускую, расейскую і ангельскую мовы.

Намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандар Суша адзначыў, што пры рэалізацыі праекта забясьпечваюцца высокі навуковы ўзровень і якасьць паліграфіі, выдавецтва для праекта выбрана на конкурснай аснове. У год плянуецца выпускаць ад 2 да 5-7 кніг накладам кожная 1 тыс. асобнікаў.

Ініцыятарамі і асноўнымі выканаўцамі праекта сталі ААТ «Банк БелЗЭБ» і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG