Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крэдытаваньнем беларускіх і ўкраінскіх уладаў Расея вырашае свае стратэгічныя праблемы ў рэгіёне», — мяркуюць экспэрты.

Канец году для беларускага кіраўніцтва стаўся багаты на падарункі. Расея паабяцала выдаць крэдыт да 2 мільярдаў даляраў на надзвычай спрыяльных умовах. Ужо вядома, што першыя 450 мільёнаў Беларусь атрымае пад 4 працэнты гадавых на 10 гадоў.

Аляксандар Лукашэнка з азначэньнем крэдыту як «падарунку» не пагадзіўся, а запэўніў расейскага калегу, што грошы пойдуць на разьвіцьцё «эканомікі абедзьвюх краінаў».

Для посьпеху беларускага прэзыдэнта ў Маскве склалася спрыяльная палітычная каньюнктура: раптоўнае непадпісаньне Ўкраінай асацыяцыі з ЭЗ і Майдан, які выбухнуў пасьля гэтага, змусілі Расею тэрмінова ратаваць сытуацыю ў рэгіёне. Першым крокам у гэтым кірунку стаў надзвычайны крэдыт Украіне ў 15 мільярдаў даляраў і зьніжэньне для яе цаны на газ на траціну.

Посьпехі беларускага прэзыдэнта на гэтым фоне могуць падацца больш сьціплымі, але толькі на першы погляд.

Па словах палітычнага аналітыка Кірылы Коктыша, Аляксандар Лукашэнка падчас паседжаньня Вышэйшай дзяржаўнай рады Саюзнай дзяржавы добра скарыстаў сытуацыю і прадэманстраваў уменьне таргавацца.

Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш

«Лукашэнка ўчора патрабаваў, каб арганізацыя была цалкам міжнародная. Фактычна гэта азначала б стварэньне наднацыянальнага органа, бо згодна з расейскай Канстытуцыяй міжнародныя пагадненьні маюць прыярытэт перад унутранымі законамі. У такім выпадку Лукашэнка атрымліваў бы кантроль над пэўнай часткай расейскай рэчаіснасьці».

«Калі параўноўваць з маштабамі Ўкраіны, то Беларусь атрымала нават болей, — кажа эканамічны аналітык Дзьмітры Балкунец. — Гэта салідная сума пад нармальны працэнт. Крэдыт недарагі. Зь іншага боку, кіраўнік дзяржавы хітруе, калі кажа, што гэтыя грошы ня будуць „праедзеныя“. Яны дакладна будуць праедзеныя, бо будуць адпраўленыя не на мадэрнізацыю эканомікі, а якраз на „праяданьне“ і падтрыманьне валютнага курсу».

На думку Кірылы Коктыша, двух мільярдаў якраз хопіць, каб закрыць наяўныя праблемы ў беларускай эканоміцы. Такім чынам, Расея вырашыла ў рэгіёне свае стратэгічныя задачы, якія дазваляюць ёй далей рухацца ў кірунку ўзмацненьня Эўразійскага саюзу. Але беларускую эканоміку гэтыя грошы не ўратуюць, — сьцьвярджае дырэктар ІПМ Аляксандар Чубрык.

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык

«Гэтыя грошы — гэта не рэформы, якія патрэбныя, каб вярнуцца на шлях устойлівага эканамічнага росту, — кажа эканаміст. — Па-другое, гэтыя грошы недастатковыя для таго, каб бесклапотна пражыць наступны год без пагрозаў для сытуацыі на валютным рынку».

Чубрык асьцерагаецца, што гэтыя грошы могуць нават пашкодзіць справе, бо ў беларускіх эканамічных уладаў можа скласьціся ўражаньне, што сытуацыя стабілізавалася.

«Тады яны могуць вярнуцца да мякчэйшай грашова-бюджэтнай палітыкі, — мяркуе эканаміст. — І нашай эканоміцы на карысьць гэта ня пойдзе».

Пра тое, што Расея выдае крэдыты з палітычнымі мэтамі, сьведчыць і адсутнасьць выразна прапісаных умоваў вяртаньня грошай.

«Ніхто насамрэч ня верыць, што грошы будуць вяртацца», — кажа Кірыл Коктыш.

Дзьмітры Балкунец

Дзьмітры Балкунец

«РФ паступае ня вельмі карэктна. Гэтыя грошы павінны давацца пад канкрэтныя бізнэс-праекты. Цяпер яны адпраўленыя ў нікуды. Гэта вялікі мінус. Думаю, што Расея гатовая і будзе гатовая плаціць любую цану за падтрыманьне эканомік Беларусі і Ўкраіны, бо для Расеі гэта стратэгічныя партнэры. Мы з гэтым ужо зьмірыліся, — пацьвярджае Дзьмітры Балкунец.

Ён апасаецца, што ў выніку Расеі давядзецца сьпісаць беларускую пазыку, як гэта было з Кубай, шматмільярдную пазыку зь якой сьпісалі «проста так».
XS
SM
MD
LG