Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены актывіст судзіцца з адміністрацыяй


Анатоль Паплаўны

Анатоль Паплаўны

Суд Чыгуначнага раёну Гомеля разглядае пазоў праваабаронцы, сьлесара-інструмэнтальшчыка прыватнага прадпрыемства «Віпра» Анатоля Паплаўнага.

Дырэкцыя 27 сьнежня спыняе са сьлесарам Паплаўным працоўны кантракт. Рабочы не пагаджаецца, патрабуючы звальненьня з уласнай ініцыятывы і спасылаецца пры гэтым на тое, што дырэкцыя прадпрыемства сыстэматычна парушала ўмовы кантракту.

Два месяцы таму дырэктар прадпрыемства Ігар Шчагельскі падзякаваў лістом сьлесару Паплаўнаму за добрасумленную працу, паведаміўшы адначасова, што пасьля 27 сьнежня кантракт зь ім ня будзе падоўжаны. Прычыну кіраўнік не патлумачыў, бо паводле існуючых у краіне парадкаў наймальнік не абавязаны гэта рабіць.

Анатоль Паплаўны: «У свой час дырэктар Шчагельскі прызнаўся мне, што да яго прыходзіў супрацоўнік КДБ і параіў нейкім чынам на мяне паўплываць. І, я думаю, іншага шляху не знайшоў, апроч таго каб не працягнуць кантракт».

Сьлесар Паплаўны не пагадзіўся з адведзенай яму роляй. Дырэкцыя пэрыядычна парушала ўмовы працоўнага кантракту —затрымлівала выплату заробку і Паплаўнаму, і іншым рабочым. Квіткі на выплату заробку і адпаведную заяву сьлесар падаў у рэгіянальную ўправу Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы, і тая пацьвердзіла факты затрымліваньня заробку.

Аднак на прадпрыемстве «Віпра» добраахвотна не схацелі звольніць сьлесара на ягонае патрабаваньне і пасьля высноваў інспэкцыі працы. Таму Анатоль Паплаўны й зьвярнуўся з пазовам у суд, патрабуючы да таго ж выплаціць яму і трохмесячную кампэнсацыю:

«Дырэкцыя сама, калі можна так сказаць, трапіла ў пастку. Заключыла са мной кантракт, але не выконвала яго па шэрагу кірункаў. Асноўны — несвоечасовая выплата заробку. У кантракце названа дата: 10 і 25 кожнага месяца выплата авансу і заробку. Дырэкцыя з паўдзясятка разоў парушала гэтыя ўмовы кантракту толькі за сёлетні год».

У судзе прадстаўніца прадпрыемства «Віпра» Марыяна Бязборшчная патлумачыла, што тэрміны выплаты заробку нібыта былі зьмененыя ў калектыўнай дамове. Аднак пра такія зьмены ні Анатоль Паплаўны, ні іншыя рабочыя прадпрыемства не былі папярэджаныя. Ня ўнесеныя адпаведныя папраўкі і ў кантракт найманага сьлесара-інструмэнтальшчыка:

«Не пабаюся так сказаць, але цэлае прадпрыемства назірае за гэтай маёй судовай дуэльлю. Зьвярнуўшыся ў суд, я хачу лішні раз паказаць людзям, што ёсьць магчымасьць сябе абараняць. Каб і іншыя людзі не апускалі рукі, а баранілі свае працоўныя правы».

Прадстаўнік сьлесара Паплаўнага ў судзе, рэгіянальны прававы інспэктар Беларускага незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Леанід Судаленка кажа, што далёка ня ўсе рабочыя ведаюць пра сваё права звальняцца на ўласнае патрабаваньне і не карыстаюцца ім:

Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

«У працаўніка ёсьць права звальняцца на ўласнае патрабаваньне, калі наймальнік парушае ўмовы кантракту. У дадзеным выпадку наймальнік сапраўды сыстэматычна парушаў тэрміны выплаты заробку, што і пацьвердзіла дзяржаўная інспэкцыя працы. І за што дырэктар прадпрыемства „Віпра“ Шчагельскі прыцягнуты інспэкцыяй да адміністрацыйнай адказнасьці — у выглядзе шасьці базавых адзінак штрафу».

Вырак па пазове сьлесара Паплаўнага да дырэкцыі прадпрыемства «Віпра» судзьдзя Віталь Козыраў, якія разглядае справу, сёньня ня вынес. Гэта будзе зроблена ўжо ў студзені — пасьля таго як іншы суд разгледзіць скаргу дырэктара Ігара Шчагельскага наконт правамоцнасьці накладзенага на яго адміністрацыйнага штрафу за несвоечасовую выплату заробку рабочым прадпрыемства, у тым ліку й Анатолю Паплаўнаму.
XS
SM
MD
LG