Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова ўкраінцаў прагаласавала б за далучэньне да ЭЗ


Паводле вынікаў дасьледаваньня, праведзенага ў сьнежні 2013 году Цэнтрам сацыяльных і маркетынгавых дасьледаваньняў «Соцыс» і сацыялягічнай групай «РЭЙТЫНГ», 49,1 % апытаных прагаласавалі б на рэфэрэндуме за далучэньне Ўкраіны да Эўрапейскага Зьвязу, супраць прагаласавалі б 29,6 %. Яшчэ 21,3 % — ня вызначыліся або не гатовыя прыняць удзел у такім рэфэрэндуме. Сярод тых, хто вызначыўся, колькасьць прыхільнікаў ЭЗ складае 62,4 %.

Калі б у бліжэйшы час праходзіў рэфэрэндум адносна ўступленьня Ўкраіны ў Мытны саюз, то 32,5 % грамадзян Украіны падтрымалі б такі саюз, 41,9 % — прагаласавалі б супраць. Яшчэ 25,6 % — ня вызначыліся або не гатовыя прыняць удзел у такім рэфэрэндуме.

На пытаньне выбару аднаго з двух асноўных вэктараў у зьнешняй палітыцы Ўкраіны («Уявіце, калі ласка, што цяпер праходзіць рэфэрэндум па пытаньні аб тым, куды ўступаць Украіне? У ЭЗ ці ў Мытны Саюз з Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам?») рэспандэнты адказалі наступным чынам: 46,9 % падтрымалі б ўступленьне ў ЭЗ, а 28,9 % прагаласавалі б за ўваходжаньне ў Мытны Саюз. Яшчэ 24,2 % — ня вызначыліся або не гатовыя прыняць удзел у такім рэфэрэндуме.

Пасьля таго, як у канцы лістапада Ўкраіна не падпісала пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ, стаўленьне да прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча пагоршылася ў 45,7 % апытаных. Сярод 15,7 % рэспандэнтаў стаўленьне да прэзыдэнта палепшылася. Не зьмянілася стаўленьне ў 36,4 %.

Палова ўкраінцаў (49,7 %) у выпадку значнага пагаршэньня ўмоваў жыцьця гатовыя выйсьці на вуліцу з пратэстам. У сваю чаргу, 28,5 % — гатовыя трываць матэрыяльныя і іншыя цяжкасьці дзеля захаваньня парадку ў краіне. Яшчэ 21,8 % ня вызначыліся са сваім адказам на гэтае пытаньне.

На думку большасьці апытаных, грамадзянская актыўнасьць насельніцтва (Майдан) можа паўплываць на сытуацыю, якая склалася зараз ва Ўкраіне. Пры гэтым 41,3 % лічаць, што ў значнай ступені і 29,8 % — нязначна. У той жа час амаль кожны пяты апытаны (18%) лічыць, што грамадзянская актыўнасьць насельніцтва зусім не паўплывае на сытуацыю ў дзяржаве.

Разам з тым, пераважная большасьць апытаных (73,6 %) нэгатыўна ставіцца да разгону мітынгу ў Кіеве спэцпадразьдзяленьнем «Бэркут» у ноч на 30 лістапада.
Пераважная большасьць апытаных (72,6 %) падтрымлівае ідэю кругла стала і правядзеньня перамоваў паміж уладай і апазыцыяй для вырашэньня супярэчнасьцей і палітычнага крызысу ва Ўкраіне. Не падтрымліваюць ідэю перамоўнага працэсу — 13,9 %. Яшчэ 13,4 % — ня вызначыліся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG