Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каралеўскае паляваньне» ў аблвыканкаме


Партрэт Стэфана Баторыя мастака Алеся Сурава

Партрэт Стэфана Баторыя мастака Алеся Сурава

Мы, гарадзенцы, народ з гонарам. Наш горад не аднойчы рабіўся не абы-якой сцэнай гісторыі. Напрыклад, факт ёсьць факт: некалі ў Горадні была рэзыдэнцыя самога Стэфана Баторыя, паходжаньнем князя Сяміградзкага з Трансыльваніі. Вялікага аматара паляваньня. І начальства аб гэтым памятае таксама, аказваецца, але не афішуе.

Перад самым Новым годам колішняя сталоўка аблвыканкаму раптам зьмяніла плястыкавыя дзьверы на мастацкія, з кавальствам. Над імі павесілі рэстаранную шыльду «Королевская охота» і палову кароны Стэфана Баторыя! Установа знаходзіцца ў былым віцэ-губэрнатарскім палацы, які займае сёньня абласная ўлада.
Рэстаран у камяніцы аблвыканкаму

Рэстаран у камяніцы аблвыканкаму


Шыльда рэстарана «Королевская охота»

Шыльда рэстарана «Королевская охота»


Канечне, зімовае паляваньне ў гарадзенскай пушчы самому Баторыю бокам выйшла: захварэў і хутка памёр у сваёй рэзыдэнцыі на Замкавай гары па-над Нёмнам. Але начальства памятае толькі пра станоўчае: пра магчымасьць сытна пад’есьці, «па-каралеўску», само сабой. Праўда, заплянавалі каралеўскую шыльду пры ранейшым «губэрнатару» Шапіру, але яго высокае начальства раптам перакінула на менскі абласны «фронт работ».

Замест яго прыбыў пасланец з Магілёва. У іх там царская стаўка была некалі, «культ цара» своеасаблівы. Хто ведае: можа паступіць загад замяніць шыльду на «царскую»? Хаця ўсім гісторыкам і краязнаўцам у Горадні вядома, што паляваньне царскае адбывалася за мяжой – на Беласточчыне, у Белавескай пушчы, там і драўляны паляўнічы дом Мікалая ІІ захаваўся. Ня будзьма ляўраў забіраць у суседзяў!

Але што я чую?! Аказваецца ў Польшчы прарываецца вонкі схаваная непрыязнасьць да Баторыя, які больш любіў Горадню, чым Кракаў! Па Польскім радыё двубой гісторыкаў: два прафэсары спрачаюцца наконт ягонай ролі. Першы кажа: Баторы перамог Маскву і гэта найгалоўнае. Другі адпрэчвае: ён атрымаў у рукі сьвежасьпечаную Рэч Паспалітую адразу пасьля Люблінскай уніі, але нічога не зрабіў, каб паспрыяць «зрастаньню дзьвюх асобных дзяржаваў – Кароны і Літвы». Больш за тое – ён сваімі рашэньнямі спрыяў «асобнасьці абедзьвюх», пакінуў Вялікаму княству Літоўскаму сэймы, якія былі скасаваныя Люблінскай уніяй!

Ня любяць некаторыя палякі нашага Стэфана Баторыя. Але забралі да сябе ў Кракаў, хоць пахаваны быў напачатку ў Горадні, як жадаў сам асабіста. Абодва польскія гісторыкі ў радыёдвубоі пагаджаюцца ў адным: мысьленьне караля і вялікага князя было рыхтык геапалітычным: у абсягу цяперашніх Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Яго мэтай было нэўтралізаваць Масковію і, магчыма разам зь ёю, ударыць па Турэччыне, каб спыніць турэцкую пагрозу для Вугоршчыны і астатняй Эўропы.

На жаль, як вядома, «каралеўскае паляваньне» ў Горадні стала фатальным для яго. Нагадаю: два італійскія эскулапы ўскрылі нябожчыку чэрава і знайшлі хворыя ўнутраныя органы. Гэта стала першым анатамічным ускрыцьцём на абшарах Вялікага княства Літоўскага. Дзіўны лёс! Чалавек, які спыняў захопніцкія выправы маскоўскага цара-апрычніка, памёр у пакутах. А цар, які любіў катаваць людзей асабіста, хто б мог падумаць, аддаў Богу душу, седзячы за шахматнай дошкай.
«Батароўка», у якой знаходзіцца «Гарадзенская кунцкамэра»

«Батароўка», у якой знаходзіцца «Гарадзенская кунцкамэра»


У былым гарадзкім доме караля Стэфана, у «батароўцы», сёньня вучаць студэнтаў мэдыкаў. У яго лёхах некалькі месяцаў прастаяў саркафаг зь целам Баторыя. Пакуль яго не адвезьлі на Вавэль. Тут жа, у сутарэньнях, і рабілася ўскрыцьцё трупа. Памятаю: нейкі час у нашы дні там працавала аптэка. Сёньня туды перанесьлі «анатамічную экспазыцыю» «Гарадзенская кунцкамэра» (паталёгіі пры нараджэньні: дзеці-ўродцы). Доўгі час яе выкарыстоўвалі толькі для вучэбных мэтаў, цяпер вырашылі адкрыць для экскурсій. Калі ласка, калі ў вас, канечне, моцныя нэрвы.

Падаб’ем бабкі. Як жа ў Горадні адзначылі 480 гадоў з часу нараджэньня славутага манарха? Перш гісторыкі правялі канфэрэнцыю. Была нават «сэнсацыя»: быццам бы Баторы не перабудоўваў Стары замак Вітаўта, як заўсёды лічылася, а збудаваў свой. А значыцца, разам з пазьнейшым – Новым каралеўскім, у Горадні павінны быць тры замкі, а ня два. Вось толькі трэцяга насамрэч няма, ніхто ня бачыў…
Стары гарадзенскі замак пэндзля мастака Андрэя Філіповіча

Стары гарадзенскі замак пэндзля мастака Андрэя Філіповіча


Але гэта яшчэ ня ўсё. Мастакі намалявалі партрэты для «баторыеўскай» выставы ў прыватнай галерэі «Крыга». А толькі што, дзякуючы начальству, паявілася рэстарацыя з каралеўскім «прысмакам». Нарэшце, упершыню партрэт караля з навагоднім віншаваньнем павесілі на дзьвярах гандлёвага дому «Баторыя»: гэта крама ў хрушчоўцы, прыбудаванай да «батароўкі».
Баторы віншуе пакупнікоў з Новым годам!

Баторы віншуе пакупнікоў з Новым годам!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG