Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Антон Касцоў, якога міліцыя 24 сьнежня зьвінаваціла ў парушэньні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў, пакараны трыма суткамі адміністрацыйнага арышту. Асудзілі яго 26 сьнежня таемна.

Пра тое, што Антон арыштаваны на трое сутак, паведаміў Радыё Свабода кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Ўладзімер Шанцаў, якому патэлефанавала маці хлопца. Тая пацьвярджае словы партыйца і кажа, што Антону дазволілі патэлефанаваць ёй і паведаміць, што зь ім.

«Ён патэлефанаваў пасьля суду. Сказаў, што яму далі трое сутак і ўжо вязуць у ізалятар. Выйдзе ён у суботу ў 14.30», — сказала Свабодзе маці Антона Касцова.

Адміністрацыйны перасьлед Антона Касцова пачаўся, калі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» зьявілася суполка «Стоп-страх». Міліцыя выставіла актывісту абвінавачаньне, што ён гэтую суполку стварыў. Паводле Антона, яму пагражалі буйным штрафам, калі ён яе ня выдаліць. Актывіст адмаўляў сваю датычнасьць да стварэньня суполкі. Заяўляў, што толькі пакідаў там камэнтары.

Урэшце 24 сьнежня суполка была выдаленая. У той жа дзень міліцыянты забралі ў Антона кампутар і абавязалі прыйсьці 26 сьнежня ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі для прагляду перапіскі ў кампутары. Сёньня з раніцы на тэлефанаваньні хлопец не адказваў.

«Супрацоўнікі спэцслужбаў зусім незаконнымі сродкамі дзейнічаюць. Тое, як абыходзілася з хлопцам міліцыя, выклікае абурэньне. Спачатку пагражалі, потым забралі кампутар і сказалі, каб прыйшоў у міліцыю для прагляду перапіскі. А цяпер высьвятляецца, што ён у турме. Такія паводзіны характарызуюць уладу. Яна дужа напалоханая. Касцова варта было ізаляваць, каб не дапусьціць акцыі пратэсту 27 сьнежня. Чалавек ён ня дужа дасьведчаны, і яго такім чынам вырашылі зламаць. Упэўнены, што праз трое сутак выйдзе ён загартаваным байцом з гэтым рэжымам», — камэнтуе прысуд аднапартыйцу Ўладзімер Шанцаў.

Як было пазначана на інтэрнэт-старонцы «Стоп-страх», суполку стварылі для правядзеньня штотыднёвых акцыяў пратэсту. Першая такая акцыя для аўтамабілістаў плянавалася на 27 сьнежня.
XS
SM
MD
LG