Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апошні дзень фармаваньня тэрытарыяльных камісіяў для правядзеньня мясцовых выбараў прыпадае на 27 сьнежня, але некаторыя саветы і выканкамы ня сталі адкладаць гэтую працэдуру на пятніцу.

Сёньня ўвечары фармуецца менская гарадзкая камісія і некаторыя абласныя. Шанцы апазыцыі трапіць у іх — як і раней, невысокія.

Тэрытарыяльных камісіяў сёлета стварылі 1331. Гэта больш як на сотню меней, чым на папярэдніх мясцовых выбарах. Як патлумачылі «Свабодзе» ў Цэнтравыбаркаме, скарачэньне адбылося за кошт пасялковых і сельскіх саветаў— за чатыры гады частку зь іх узбуйнілі.

Апазыцыя паставілася да вылучэньня сваіх кандыдатаў у тэрытарыяльныя камісіі стрымана. Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі так тлумачыць Свабодзе партыйную пазыцыю:

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Мы ня бачым у гэтым канкрэтнага сэнсу. Нават калі кагосьці з нашых кандыдатаў да такіх камісіяў і далучаць, то гэта будзе толькі статыстыка для Ярмошынай. Каб паказаць, што адбываецца нейкая дэмакратызацыя заканадаўства ці практыкі выбарчай сыстэмы. Кантраляваць падлік галасоў, як паказала практыка, немагчыма. Іх можна кантраляваць толькі ва ўчастковых камісіях, куды мы і будзем вылучаць сваіх прыхільнікаў».

Адзіная партыя, якая адносна актыўна вылучыла сваіх кандыдатаў у тэрытарыяльныя камісіі, —"Справядлівы сьвет«. Намесьнік старшыні партыі Валеры Ўхналёў кажа, што пэўны сэнс у тым, каб мець сваіх прадстаўнікоў у такіх камісіях, усё ж ёсьць:

Валеры Ухналёў

Валеры Ухналёў

«Мы і раней, на ўсіх іншых выбарах, падавалі прэтэндэнтаў са сваіх прадстаўнікоў. І недзе яны нават працавалі. Гэта дае права сябру нашай партыі, калі яго, напрыклад, уключалі ў склад абласной тэрытарыяльнай камісіі, кантраляваць, згодна з Выбарчым кодэксам, камісіі ніжэйшых роўняў. І гэта добра. Бо інакш у тыя камісіі прадстаўнікам апазыцыі вельмі цяжка трапіць.Таму мы гэта і ўлічваем у першую чаргу. Але, вядома, асноўную частку нашых людзей мы будзем вылучаць ва ўчастковыя камісіі».

У цэнтральных офісах палітычных партыяў дакладнага падліку вылучэнцаў у тэрытарыяльныя камісіі, як і чатыры гады таму, не вядуць. Спасылаюцца пры гэтым на дзьве прычыны. Па-першае, гэта — справа рэгіёнаў, там лепш ведаюць людзей. Па-другое, некаторыя партыйцы вылучаюцца праз збор подпісаў, таму немагчыма ўсіх падлічыць.

Інфармацыю тут маюць пераважна пра абласныя і найбуйнейшыя гарадзкія тэрытарыяльныя камісіі. Напрыклад, Аб’яднаная грамадзянская партыя абмежавалася 11 вылучэнцамі. У менскую абласную камісію прапанавалі намесьніка старшыні партыі Льва Марголіна, у менскую гарадзкую — праваабаронцу Людмілу Гразнову.

Калі адкінуць вылучэньне праз збор подпісаў, то паводле партыйных сьпісаў усе апазыцыйныя партыі разам вылучылі толькі каля 50 чалавек.

Такім чынам, падобна, што, як і ў ранейшыя гады, грамадзкія арганізацыі ў камісіях будуць прадстаўляць пераважна сябры праўладных афіцыйных прафсаюзаў, Беларускага саюзу жанчын, «Белай Русі», вэтэранскай арганізацыі і БРСМ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG