Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сучасным сьвеце ў абсалютнай большасьці сфэраў чалавечай дзейнасьці нацыянальнасьць чалавека і месца ягонага народжаньня ня маюць істотнага значэньня. Гэтак, самы папулярны за ўсе часы беларускі гурт «Песьняры» стварыў рускі музыка, які нарадзіўся ў Сьвярдлоўску. Беларуская царква Кірылы Тураўскага ў Лёндане пачынае ўзводзіцца па праекце кітайскага архітэктара. На думку шмат якіх маіх праскіх сяброў, самым лепшым рэдактарам самай аўтарытэтнай сярод чэскай інтэлігенцыі газэты быў габрэй, які нарадзіўся ва Ўкраіне.

Але сёньняшняе прызначэньне мітрапалітам Менскім і Слуцкім мітрапаліта Разанскага і Міхайлаўскага Паўла, не беларуса, народжанага ў Карагандзе, выклікала бурную рэакцыю — пакуль што ў форме зьедлівых камэнтароў у сацыяльных сетках, думаю, наперадзе — доўгія дыскусіі ў грамадзтве.

У апошнія гады праблемы са здароўем мітрапаліта Філарэта не былі асаблівым сакрэтам, і называліся (зразумела, неафіцыйна) імёны ягоных пераемнікаў. Гэтыя іерархі розьніліся паводле ўзросту, блізкасьці да Сіноду, стаўленьня да тых ці іншых праблемаў царкоўнага жыцьця, але ў іх было агульнае: усе яны служылі ў Беларусі. Усе разумелі, што прызначаць мітрапаліта будуць у Маскве, але і думкі не ўзьнікала, што прышлюць некага звонку, напрыклад, з Расеі. Так, беларуская праваслаўная царква, якую ўзначальваў Філарэт, засталася ва ўлоньні РПЦ, але гэта была царква на тэрыторыі дзяржавы, якая ўжо больш як 22 гады незалежная, дзе вырасьлі «свае» іерархі. Ніхто з гэтых іерархаў ніколі і словам не ўсумніўся ў неабходнасьці і надалей заставацца часткаю РПЦ, ніхто і паўсловам не заікнуўся аб аўтакефаліі — словам, служылі і служаць яны маскоўскаму Сыноду аддана.

Пры Сталіну ў сыстэму НКВД набіраліся людзі, адданыя ідэям пралетарскай рэвалюцыі і пабудовы сацыялізму. Але ў рэспублікі наркамамі НКВД прызначаліся выхадцы зь іншых рэспублік — лічылася, што тады яны будуць бяз усялякіх рэфлексіяў і сумневаў зьнішчаць мясцовых дзеячоў (хаця маштабы расстрэлаў вымагаюць іншай фармулёўкі: «зьнішчаць мясцовае насельніцтва»). «Мясцовым» Сталін ня вельмі давяраў. Лукашэнка вось ужо ня першы год на пасады сілавых міністаў прызначае тых, хто нарадзіўся не ў Беларусі — кажуць, баіцца, каб не пачалі прэтэндаваць на ягонае месца і ня зьдзейсьнілі пераварот (паводле Канстытуцыі, прэзыдэнтам можа быць толькі народжаны ў Беларусі).
25 жніўня 1991 году дэпутат ад Старажоўскай выбарчай акругі № 47 Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў (мітрапаліт Філарэт) не галасаваў за незалежнасьць Беларусі

Я ня ведаю матывы прызначэньня мітрапаліта Разанскага і Міхайлаўскага мітрапалітам Менскім і Слуцкім. Я цалкам дапускаю, што гэта — годны чалавек, а ягонае месца народжаньня (Караганда) можа нават указваць на паходжаньне зь сям’і тых, каго мы сёньня называем палітычнымі вязьнямі (Карлаг быў адной з найбуйнейшых лягерных сыстэмаў ГУЛАГу). Зрэшты, з тым жа посьпехам ён можа быць і зь сям’і лягерных дазіральнікаў (хаця ў біяграфіі пазначана — з рабочых). Але ягонае паходжаньне можа і ня мець, і, хутчэй за ўсё, ня мае якога-небудзь значэньня для ягонай царкоўнай дзейнасьці.

Справа, падкрэсьліваю, зусім не ў асобе новага мітрапаліта, а ў тым, што прадэманстраваў Сынод РПЦ гэтым прызначэньнем.

25 жніўня 1991 году дэпутат ад Старажоўскай выбарчай акругі № 47 Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў (мітрапаліт Філарэт) не галасаваў за незалежнасьць Беларусі. І я магу яго зразумець: народжаны ў Маскве і прызначаны ў БССР Масквой, ён мог не ўспрымаць ды проста баяцца самой ідэі беларускай дзяржаўнасьці. Гэта можна было расцэньваць як выбар канкрэтнага чалавека ў той канкрэтны момант. У гады, калі я жыў у Беларусі, у мяне былі сустрэчы зь Філарэтам, і я не сказаў яму ні слова папроку — тым больш што мітрапаліт выказваў павагу да сувэрэннасьці Беларусі.

Але праз больш чым 22 гады Сынод РПЦ, дзе любяць нагадваць пра «Велікую Русь», адмовіўшы беларускім іерархам у даверы, — паказаў, як ён як царкоўны інстытут насамрэч ставіцца да незалежнасьці Беларусі і да беларускага народа.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG