Лінкі ўнівэрсальнага доступу

— Хто прыносіць падарункі? — Сьвяты Мікалай!


Сьвяты Мікалай віншуе сіротаў, Гомель. Архіўнае фота

Сьвяты Мікалай віншуе сіротаў, Гомель. Архіўнае фота

25 сьнежня — першы дзень сьвята Нараджэньня Хрыстовага. Мільярд хрысьціянскіх вернікаў у сьвеце, якія трымаюцца грыгарыянскага календара, сёньня сьвяткуюць урачыстасьць Нараджэньня Хрыстовага.

Першы дзень сьвята Божага Нараджэньня — перадусім гэта ўрачыстыя малітвы і віншаваньні ў храмах, а таксама калядныя інсцэніроўкі і канцэрты, галоўныя ўдзельнікі якіх — дзеці і моладзь. Яны ж — галоўныя атрымальнікі сьвяточных падарункаў і частаваньняў:

Карэспандэнтка: «Што самае галоўнае для вас у сьвята Божага Нараджэньня?»

Хлопчык: «Падарункі».

Карэспандэнтка: «А хто іх прыносіць?»

Іншы хлопчык: «Сьвяты Мікалай».

Карэспандэнтка: «І прыносіў?»

Хлопчык: «Так, прыносіў — цукеркі».

Іншы хлопчык: «А мне — жэлятынкі».

Карэспандэнтка: «А вы на сьвята ў касьцёле служыце?»

Хлопчыкі: «Так, мы міністранты».

Карэспандэнтка: «А што гэта значыць быць міністрантам?»

Хлопчыкі: «Міністрант — гэта той, хто служыць Богу».

Карэспандэнтка: «Для вернікаў Божае Нараджэньне — гэта сьвята, а для музыкаў?»

Юначка: «А для музыкаў — гэта перадусім цяжкая праца. Каб упрыгожыць гэтую сьвятую імшу, каб на ёй прыемна было быць».

Іншая юначка: «Гэта цудоўны час, калі мы ня толькі перажываем сьвята, але хочам яго і ўпрыгожваць. Я хачу граць як мага лепш, каб гэтае сьвята было прыемным і прыгожым ня толькі мне, але і ўсім людзям. Каб гэта быў асаблівы час, калі адбываецца цуд у жыцьці кожнага чалавека».

Цудаў на Каляды чакаюць ня толькі дзеці, але і дарослыя. Яны кажуць, што цуды сапраўды здараюцца — трэба толькі іх угледзець:

Спадарыня Яніна: «Для нашай сям’і, для сям’і Карповіч, гэта вельмі вялікае сьвята. Мы ўсе чакаем нейкага цуду, бо Божае Нараджэньне — гэта цуд нараджэньня нечага новага ў жыцьці. У душы адбываецца штосьці незвычайнае, што перамяняе ўсё наша жыцьцё. Штогод мы перажываем гэта па-новаму і штогод, як дзеці, чакаем цудаў на гэтае вялікае сьвята. Вядома, гэта і ёлка, і сьвяточны стол, але галоўным чынам — сьвята ў душы і цуд, які заўсёды ёсьць у сьвята Божага Нараджэньня, трэба толькі ўмець яго разгледзець. І гэта ўзмацняе нашы сілы на ўвесь год».

Спадарыня Алена: «Для кожнага хрысьціяніна сьвята Божага Нараджэньня — гэта найвялікшае сьвята, бо менавіта з нараджэньнем Езуса Хрыста кожны хрысьціянін атрымлівае разуменьне сэнсу свайго жыцьця. Таму я хачу павіншаваць з гэтым сьвятам усіх вернікаў, каб у сэрцы кожнага, хто яшчэ ня верыць, нарадзіўся Езус Хрыстус».

У першы дзень Божага Нараджэньня да каталікоў і ўсіх беларускіх хрысьціянскіх вернікаў зь віншаваньнямі і сьвяточнымі пажаданьнямі традыцыйна зьвяртаецца мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч:

«Віншую вас са сьвятамі, каб Езус Хрыстус заўсёды быў у вашых сэрцах. Каб той, які прынёс праўду ў гэтае жыцьцё, спрыяў, каб вашымі вуснамі гэтая праўда таксама даносілася да людзей. Гэта праўда Эвангельля, а празь яе — сьвятло веры для людзей. І таксама віншую з Новым годам, які надыходзіць. Мы, хрысьціяне, перадусім верым у Эвангельле, але сучасны сьвет цікавіцца ўсім, і мы ведаем, што паводле ўсходняй традыцыі надыходзіць год каня, чамусьці зялёнага. Але для мяне гэта сымбалічна, бо конь — гэта жывёліна, якая шмат працуе і не наракае. Таксама жадаю, каб у вас заўсёды хапала сілаў дастаткова працаваць, а зялёны колер у нашай традыцыі — гэта колер надзеі. Няхай надзея заўсёды спадарожнічае вам — радасных сьвятаў і шчасьлівага новага году».
XS
SM
MD
LG