Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На патрабаваньне міліцыі з сацыяльнай сеткі выдаленая суполка «Стоп-страх»


24 сьнежня на магілёўскага актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Антона Касцова складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. У ягоных дзеяньнях міліцыя ўгледзела парушэньні пры арганізацыі масавых мерапрыемстваў. У актывіста забралі кампутар. З сацыяльнай сеткі «уКантакце» на патрабаваньне міліцыі выдаленая суполка «Стоп-страх», якая і стала нагодай для адміністрацыйнага перасьледу Касцова. У суполцы былі заклікі да правядзеньня штотыднёвых пратэстных акцыяў.

Са словаў актывіста сёньня раніцай да яго прыехаў намесьнік начальніка Кастрычніцкага раённага аддзелу міліцыі і запатрабаваў выдаліць суполку. Касцова папярэдзілі, калі да вечара гэтага ня будзе зроблена, то яго пакараюць штрафам да 50 базавых велічыняў.

«Суполку выдалілі і я прыехаў у міліцыю, каб пра гэта сказаць, але на мяне ўсё роўна склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. Потым мяне павезьлі да хаты. Са мной быў сам начальнік райаддзелу міліцыі. Забралі ў мяне кампутар. У чацьвер я мушу прыйсьці зноў у міліцыю. Мне сказалі, што пры мне ноўтбук адчыняць, азнаёмяцца зь перапіскай у суполцы і аддадуць тэхніку назад», паведаміў «Свабодзе» Антон Касцоў.

Акрамя праблемаў зь міліцыі, паводле актывіста, сёньня ж яму патэлефанавалі з ваенкамату і загадалі прыйсьці да іх 26 сьнежня.

Антон Касцоў адмаўляе сваю прыналежнасьць да стварэньня суполкі «Стоп-стах». Зазначае, што на старонцы пакідаў толькі свае камэнтары.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG