Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля крыжа ксяндзу Гадлеўскаму арганізавалі сьметніцу


У Трасьцянцы ва ўрочышчы Благоўшчына ля крыжа ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму напярэдадні дня яго памяці невядомыя арганізавалі звалку.

Гэта канстатавалі дэмакратычныя актывісты, якія 24 сьнежня, у дзень гвалтоўнай сьмерці легендарнага ксяндза ад рук нацысцкіх карнікаў, прыехалі ў Трасьцянец, каб ушанаваць яго традыцыйнай мэмарыяльнай акцыяй.

Як зазначыў адзін з удзельнікаў акцыі, актывіст руху «Разам» Яўген Батура, тыдзень таму ён быў на гэтым месцы, і ўсё было чыста. Гэта значыць, сьметнік ля крыжа зьявіўся літаральна апошнімі днямі. Такім чынам, нехта падрыхтаваўся да традыцыйнай акцыі, якую штогод у гэты дзень ладзяць актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, руху салідарнасьці «Разам» ды іншых ініцыятываў.

Дарэчы, недалёка ад крыжа ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму таксама стаіць афіцыйны знак у памяць па расстраляных на гэтым месцы савецкіх ваеннапалонных, менскіх падпольшчыках, мірных жыхарах і габрэях з Эўропы. На ім пазначаная афіцыйная лічба ахвяраў Трасьцянецкага лягеру сьмерці — 150 тысяч чалавек. Такім чынам, зрабілі выснову грамадзкія актывісты, у сёньняшняй Беларусі зьневажаюць ня толькі памяць ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў, але і ахвяраў нацызму.

У Трасьцянцы, ва ўрочышчы Благоўшчына, у непасрэднай блізкасьці ад месца расстрэлаў нацысцкімі карнікамі, пасьля вайны быў пабудаваны буйны сметнік. Некаторыя навукоўцы сьцьвярджаюць, што гэта было зроблена, каб схаваць сьляды даваенных злачынстваў НКУС.
XS
SM
MD
LG