Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Люк Олнат: Я намагаўся быць шчырым і пісаць пра "цёмныя" пачуцьці


Люк Олнат падчас хіміятэрапіі
Люк Олнат падчас хіміятэрапіі

Пра хваробу свайго калегі, рэдактара англамоўнага сайта Радыё Свабода Люка Олната я даведаўся сёлета на пачатку красавіка зь ягонай старонкі ў фэйсбуку. Люк напісаў у сваёй звычайнай жартаўлівай манэры:

«Як некаторыя з вас ведаюць, у мяне дыягнаставалі рак кішэчніка. Не ідэальны варыянт, але больш за ўсё я шакаваны тым фактам, што мае кішкі не такія бездакорна чыстыя, як я думаў. Паколькі я крыху зашмат выстаўляю ўсё ў фэйсбуку, дык буду рэгулярна паведамляць пра свае навіны. Таму калі вы яшчэ не схавалі мяне ў сваіх стужках, цяпер напэўна вельмі добры час для гэтага. Але не адфрэнджвайце мяне. Адфрэндзіць кагосьці з ракам неяк ганебна, за гэта трапляюць у пекла. Відавочна, што ў мяне цяпер даволі паганыя часы, але мне пашанцавала мець цудоўных сяброў і сям'ю, якія мяне падтрымліваюць».

Неўзабаве пасьля таго ў Люка Олната адбылася пасьпяховая апэрацыя, а наступныя паўгода ён праходзіў курс хіміятэрапіі. Па яе выніках абсьледаваньне паказала, што хвароба адступіла.

Падчас лячэньня Люк пісаў пра розныя аспэкты хваробы на сваёй старонцы ў фэйсбуку і ў адмысловым блогу пад назвай «One Eyed Dog» (Аднавокі сабака). Такі сабака - любімая цацка яго малога сына, Томі.


«Некаторыя людзі вельмі адкрытыя наконт свайго дыягназу, некаторыя хочуць, каб гэта засталося прыватнай інфармацыяй. Я даволі адкрыты ў такіх пытаньнях і даволі актыўны ў сацыяльных мэдыях, таму для мяне гэта было натуральным рашэньнем. Я асабліва не вагаўся – толькі папярэдзіў сваякоў, каб яны пра гэта ведалі, бо я не хацеў, каб яны даведаліся пра гэта з сацыяльных мэдыяў».

Цягам лячэньня ў блогу Люка Олната зьяўляліся запісы пра тое, як ён спрабуе не спыняць заняткаў спортам, як змагаецца з прыступамі злосьці, як ягоны арганізм рэагуе на хіміятэрапію і як даводзіцца жыць з выведзенай з кішэчніка трубкай. Люк – ангелец, і я спытаўся ў яго, наколькі ў сучаснай ангельскай культуры распаўсюджаная такая адкрытасьць сярод хворых на рак і ці даводзілася яму ў сваім блогу пазьбягаць нейкіх тэмаў.

«Я думаю, што людзі сталі больш адкрытымі і больш арганізаванымі. Сацыяльныя мэдыі ў гэтым дапамаглі – ёсьць інтэрнэт-форумы, групы ракавых пацыентаў ў твітэры, на фэйсбуку. Гэта дае магчымасьць людзям абмяркоўваць свае хваробы між сабой, а ня толькі размаўляць пра іх з дактарамі. Я ня думаю, што я займаўся нейкай самацэнзурай. Калі ў цябе рак, бываюць жахлівыя пачуцьці, якім ня хочацца дзяліцца з людзьмі, і зьяўляецца тэндэнцыя так бы мовіць "захоўваць усьмешку". Але ў сваіх блогах я намагаўся быць шчырым і пісаць пра свае "цёмныя" пачуцьці. Мне здаецца, людзі гэта добра ўспрымалі. Ёсьць шмат блогаў ракавых пацыентаў у гэткай шчасьліва-ружовай стылістыцы. Людзі пішуць пра рак, як падарунак, і пра тое, як ён зьмяніў іх жыцьцё да лепшага. У мяне не было такіх пачуцьцяў, і мне здаецца, што іх няма ў большасьці хворых на рак. Я ня маю нічога супраць такога падыходу, але гэта не была мая рэальнасьць, гэта не было тое, праз што праходзіў я. Таму мне часта пісалі: Дзякуй, мне спадабаўся ваш блог, бо я сябе адчуваю гэтак жа».

Люк Олнат з жонкай Маркетай
Люк Олнат з жонкай Маркетай


На апэрацыю ён паехаў з Чэхіі на радзіму, у Вялікабрытанію, і тамсама праходзіў і хіміятэрапію.

«Галоўная прычына, чаму я паехаў лячыцца ў Брытанію -- гэта мова, бо так для мяне было прасьцей камунікаваць. Для майго дыягназу ў гэтай стадыі хваробы я б атрымаў у Чэхіі абсалютна той жа самы курс хіміятэрапіі. Адзіная розьніца ў камунікацыі».

Люк Олнат мае міжнародную прыватную мэдычную страхоўку. Ці атрымаў бы брытанец без такой страхоўкі аднолькавыя зь ім магчымасьці для лячэньня?

«У Брытаніі зьмяшаная мэдычная сыстэма – мой хірург і анколяг на 95 працэнтаў працавалі ў межах дзяржаўнай сыстэмы – Нацыянальнай сыстэмы аховы здароўя. Мая прыватная страхоўка не давала нейкіх перавагаў у лячэньні, але былі дадатковыя магчымасьці – асобная палата, больш увагі мэдсёстраў, бо ў гэтым выпадку на мэдсястру прыпадае меней пацыентаў. Мэдыкамэнты і хірургічнае лячэньне не зьмяніліся б, калі б у мяне не было прыватнай страхоўкі. У маім выпадку была патрэбная тэрміновая апэрацыя, бо пухліна блякавала кішэчнік, таму тэрміны апэрацыі не залежалі ад страхоўкі. У дзяржаўнай сыстэме, аднак, ёсьць чэргі на лячэньне, якое ня лічыцца тэрміновым. Калі б я, напрыклад, ня меў ніякіх сымптомаў, а проста прафіляктычна хацеў зрабіць калёнаскапію [зонд кішэчніка], дык давялося б чакаць 3-4 месяцы».

Што было найбольш цяжкім досьведам падчас доўгага курсу лячэньня?

«Самым цяжкім напэўна быў эмацыйны бок – адчуваць, што хвароба пагражае твайму жыцьцю. Пасьля апэрацыі мне трэба даволі доўгі час жыць са спэцыяльным мяшочкам, ў які выведзеная трубка з кішэчніка. Гэта даволі нязручна, але эмацыйныя складанасьці напэўна важнейшыя за фізычныя».

З сынам Томі
З сынам Томі


Некалькі гадоў таму ў бацькі Люка Олната ва ўзросьце 67 гадоў знайшлі пухліну ў мозгу. Ён памёр празь некалькі месяцаў. Пра яго апошнія месяцы жыцьця і пра гісторыю сваіх адносінаў з бацькам Люк напісаў кнігу «Unspoken» (Нявымаўленае), якая выйшла ў электронным выглядзе якраз прыблізна ў той час, калі яму самому паставілі дыягназ. Яго ўласны сын, Томі, мае толькі два гады ўзросту, і падчас курсу лячэньня яму проста тлумачылі, што тата ў ад'езьдзе. Пытаюся ў Люка, як рэагавалі на весткі пра ягоны дыягназ сваякі і знаёмыя.

«Некаторыя рэакцыі былі вельмі добрыя і паказалі, наколькі ў мяне цудоўныя прыяцелі. Некаторыя рэакцыі былі не настолькі добрыя. Мне здаецца, што сутыкненьне з ракам прымушае людзей нэрвавацца. І калі ў твайго прыяцеля дыягназ "рак", людзі адчуваюць сябе неабароненымі і, магчыма, хвалююцца за сябе. Таму некаторыя з маіх прыяцеляў не хацелі пра гэта чуць, не хацелі пра гэта ведаць і фактычна рабілі выгляд, што гэтага няма, і мне часам было цяжка гэта ўспрымаць».

Адзін з запісаў у сёлетнім блогу Люка Олната меў назву «Правільны варыянт дзяленьня клетак» – у ім ён расказаў, што ягоная жонка, Маркета, чакае другое дзіця, і напісаў пра радасьці і страхі зьвязаныя з бацькоўствам у ягонай сытуацыі. Ці было гэта сьвядомае рашэньне – мець яшчэ адно дзіця?

«Я нават сам да канца ня ведаю адказу на гэтае пытаньне. Шмат у чым, так, гэта было сьвядомае рашэньне. Мы не казалі «Давай паспрабуем зрабіць дзіця», але напэўна з-за майго дыягназу мы не засьцерагаліся так, як звычайна. Так, у гэтым быў намер стварыць новае жыцьцё».

P.S. 6-га студзеня жонка Люка Олната, Маркета нарадзіла другога сына, Дэніэла.

Дэніэл раніцай 7-га студзеня.
Дэніэл раніцай 7-га студзеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG