Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У амэрыканцаў гонар за краіну зашкальвае, у беларусаў ён роўны нулю


Алесь Вараб’ёў
Алесь Вараб’ёў

Для жыхароў многіх краінаў сьвету Каляды зьяўляюцца самым галоўны сьвятам году. У іх ліку і Злучаныя Штаты Амэрыкі. За акіянам рыхтуюцца сустрэць Каляды і многія беларусы, сярод іх і студэнт Лютэранскага каледжу ў Аёве Алесь Вараб’ёў.

Рознакаляровымі гірляндамі ўпрыгожваюцца цэнтральныя плошчы, дзяржаўныя ўстановы і прыватныя дамы, усталёўваюцца абавязковыя калядныя сымбалі — Санта Клаўс, санкі, фігуркі казачных жывёлаў.

За акіянам рыхтуюцца сустрэць Каляды і многія беларусы, сярод іх і студэнт Лютэранскага каледжу ў Аёве Алесь Вараб’ёў. Паводле яго словаў, фэерычны настрой толькі ўзмацняе патрыятычныя пачуцьці амэрыканцаў: якраз тое, што зусім не характэрна для Беларусі:

«Амэрыканскі мэнталітэт мяне вельмі ўразіў. Я лічу, што ў амэрыканцаў ёсьць вельмі шмат чаму павучыцца, асабліва беларусам. Бадай, ці ня першае, што ўражвае, дык гэта гонар за сваю краіну. Прычым, не дурны гонар — вось ім сказалі, гэта стагодзьдзямі назапасілася і цяпер яны ганарацца сваёй Радзімай — а той гонар, які, патасна кажучы, ідзе ад сэрца. Амэрыканец заўсёды ведае, чаму і чым ён абавязаны. Прыкладам, у кожнага амэрыканца вісіць на доме сьцяг. І гэта не пустая даніна традыцыям. Ён у любы момант патлумачыць, што гэта за сьцяг, чаму яго трэба шанаваць і г. д.

Дарэчы, у Штатах ёсьць закон, які рэгулюе выкарыстаньне дзяржаўнай сымболікі ў дачыненьні да іншай. Прасьцей кажучы, калі побач ўсталяваны сьцяг нейкай іншай краіны, то амэрыканскі мусіць быць вышэй. Скажам, у нас гарадок зь пераважнай колькасьцю выхадцаў з Нарвэгіі, сюды нават нарвэскія кароль з каралевай прыяжджаюць даволі часта. Амаль у ўсіх людзей нарвэскія прозьвішчы, бо іх продкі калісьці сюды мігравалі. Зразумела, што практычна ў кожнай сям’і ёсьць нарвэскі сьцяг. Але ніколі гэты нарвэскі сьцяг ня будзе вісець вышэй за амэрыканскі. Нават на адным узроўні яны могуць вісець толькі раз на год — падчас нацыянальнага сьвята Нарвэгіі».
Калі побач ўсталяваны сьцяг нейкай іншай краіны, то амэрыканскі мусіць быць вышэй

Алесь Вараб’ёў — выпускнік Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Пасьля заканчэньня «партызанскай школы» два гады адвучыўся ў Маастрыхцкім каледжы, які ўваходзіць у міжнародную сетку United World College. З Галяндыі скіраваўся працягваць навучаньне ў ЗША. Кажа, што на кантрасьце адчуў, наколькі амэрыканцы апанаваныя ідэяй зрабіць сваю краіну яшчэ лепшай.

«Ад гэтага пачуцьця гонару, як я заўважыў, у іх вельмі вялікая працавітасьць. Паколькі яны ганарацца сваёй краінай, яны жадаюць яе палепшыць, то нават калі ў чалавека няма добрай адукацыі, ён усё роўна будзе рабіць усё дзеля таго, каб нейкім чынам удасканаліць ня толькі сваё асабістае становішча, але і становішча сваёй дзяржавы. Яскравы прыклад майго начальніка, які ў свой пазапрацоўны час дадаткова працуе прыбіральшчыкам ва ўнівэрсытэце — ад дзясятай гадзіны вечара да сёмай раніцы — пасьля вяртаецца да сябе на фэрму і там зноў працуе. Сьпіць 3-4 гадзіны, прачынаецца, падсілкоўваецца, трошачку яшчэ можа нешта падрабіць і зноў вяртаецца на асноўную працу. І так цэлы тыдзень. То бок, яны вельмі працавітыя, і гэта вельмі адметная рыса. Прынамсі ў Эўропе я з такой рысай сустракаўся надзвычай рэдка, зусім ня так часта, як у Амэрыцы».

Як кажа Алесь Вараб’ёў, у ЗША мала што ведаюць пра Беларусь, а многія амэрыканцы да сустрэчы зь ім нават не падазравалі пра існаваньне такой краіны. А калі ўсё ж зацікавяцца і пачынаюць шукаць нейкія зьвесткі ў інтэрнэце, як правіла, абмяжоўваюцца спачуваньнем: «Бедныя вы людзі...». Ці шмат у каго хопіць патрыятычнага запалу даказваць іншае?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG