Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

24 сьнежня калегія крымінальных спраў Гомельскага абласнога суду, дзе старшыняваў судзьдзя Анатоль Тозік, паўторна абвясьціла сьмяротны прысуд Аляксандру Грунову. 20 верасьня 2012 году Груноў з асаблівай жорсткасьцю забіў студэнтку Натальлю Емяльянчыкаву.

Помсту за абразьлівае ў крымінальным асяродку слова «пятух» Груноў насіў у сабе каля трох месяцаў. 20 верасьня позьнім вечарам Наташа зь сяброўкай вярталася дамоў на Чачэрскую вуліцу.

Па шляху з падвыпіўшай кампаніяй у аўтобус зайшоў і Груноў, жыхар той жа Чачэрскай вуліцы, які незадоўга да гэтага вызваліўся з турмы. Вёў сябе Аляксандар разьвязана. Заўвагу Грунову за паводзіны ў аўтобусе зрабіла сяброўка. Наташа маўчала, бо, хутчэй за ўсё, памятала пра летнюю сварку ў адной кампаніі, дзе яна й кінула абразьлівае слова на выхадкі Аляксандра.

Даехаўшы да свайго мікрараёну, Груноў кінуўся бягом да дома Наташы. Перастрэў яе — і забіў. Экспэрты налічылі 102 нажавыя раненьні на тулаве, галаве, руках і нагах ахвяры. Груноў душыў дзяўчыну, зламаў ёй рэбры.

21-гадовая студэнтка 4 курсу ўнівэрсытэту, будучы хімік-біёляг, у муках сканала ля свайго дому ад вялікай страты крыві.

Мінулым летам Гомельскі абласны суд ужо выносіў 25-гадоваму Аляксандру Грунову сьмяротнае пакараньне. Аднак у кастрычніку Вярхоўны суд адмяніў той вырак і накіраваў справу назад у Гомель на новы разгляд. У вышэйшай судовай інстанцыі вырашылі, што падчас першага разгляду крымінальнай справы не былі ўлічаны яўка з павіннай Аляксандра Грунова і некаторыя акалічнасьці ягонай біяграфіі. Прынамсі, праца токарам пасьля вызваленьня з калёніі на заводзе «СтанкаГомель».

Пра рэзананснае забойства ў Гомелі пасьля адмены Вярхоўным судом першага сьмяротнага прысуду Грунову выказаўся і Аляксандар Лукашэнка падчас прыёму з дакладам генэральнага пракурора: «Калі ты нягоднік і падонак і ня першы раз учыняеш злачынства, забіваеш чалавека, дык якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі? Я не крыважэрны, але адплата і пакараньне павінны быць адпаведнымі. У іншым выпадку мы ніколі не навядзём парадак і ніколі не панізім гэтую тэмпэратуру ў грамадзтве. Цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы: вінаваты — адказвай на ўсю катушку».

Кіраўнік дзяржавы даручыў тады генэральнаму пракурору ўзяць на кантроль жорсткае забойства студэнткі ў Гомелі.

23 сьнежня на перадапошнім судовым паседжаньні дзяржаўны абвінаваўца Тацяна Жызьнеўская з Гомельскай абласной пракуратуры, падчас выступу ў спрэчках заявіла, што ў дзеяньнях Грунова няма зьмякчальных абставінаў. Нават ягоная яўка з павіннай ня можа разглядацца як такая, бо Груноў напісаў прызнаньне, калі ўжо быў дастаўлены ў міліцыю й калі ў апэратыўнікаў было дастаткова падстаў, каб затрымаць яго ў якасьці падазронага ў забойстве. І нааагул, «хіба ж можа абразьлівае слова „пятух“ каштаваць чалавечага жыцьця?» — услых задавала пытаньне ў зале суду прадстаўніца пракуратуры.
Хіба ж можа абразьлівае слова „пятух“ каштаваць чалавечага жыцьця?

Падчас паўторнага судовага разьбіральніцтва высьветлілася таксама, што, будучы пад наглядам міліцыі пасьля вызленьня з калёніі, Груноў яшчэ да забойства студэнткі Емяльянчыкавай пасьпеў пабіць сяброўку сваёй маці і сваю сужыцельку. Апрача таго, раней ад пабояў Грунова памёр сужыцель маці. За гэта Аляксандар быў пакараны ў 2005 годзе судом Цэнтральнага раёну 9 гадамі турэмнага зьняволеньня — з амністыяй на адзін год. Такім чынам, на рахунку Аляксандра Грунова ўжо два забраныя жыцьці.

Адвакат Грунова Сяргей Красноў падчас спрэчак нагадаў суду, што паводле заканадаўства яўка з павіннай лічыцца, калі яна напісана да вынясеньня пастановы пра затрыманьне ў якасьці падазронага ў забойстве. Менавіта так і было ў выпадку зь ягоным падабаронным. Раскрыцьцё забойства студэнткі наагул адбылося на аснове паказаньняў Аляксандра Грунова, які добраахвотна назваў матывы забойства, паказаў месца, дзе выкінуў у вадаём нож — прыладу забойства.

Прагучала ў зале суду і інфармацыя, што з падлеткавага ўзросту Аляксандар стаяў на ўліку ў псыханэўралягічным шпіталі з прычыны «зьмяшанага разладу асобы». На думку адваката, Грунова наагул выхоўвала вуліца, бо ягонага бацьку забілі, калі Аляксандар быў падлеткам — і забойцу не знайшлі. Крыўду на Наташу Емяльянчыкаву ён насіў ледзь ня тры месяцы, і паколькі прабачэньня дзяўчына не папрасіла, то ўрэшце крыўда нібыта й абярнулася трагедыяй.

Судовая калегія не ўзяла пад увагу довады абароны. За наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленьне жыцьця студэнткі Емяльянчыкавай і на падставе пункту 6 часткі 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прымяніла ў дачыненьні да Аляксандра Грунова выключную меру пакараньня ў выглядзе сьмяротнай кары — расстрэлу.

Адразу пасьля абвяшчэньня выраку маці Аляксандра Вольга Грунова заявіла:
Вольга Грунова

Вольга Грунова


«Я паеду сама да Лукашэнкі і буду патрабаваць справядлівасьці. Калі майго мужа, вэтэрана вайны, заслужанага чалавека забілі й забойцу не знайшлі, то дзе ж справядлівасьць? Дзяўчыне я не жадала такога. Сын і сам такога не хацеў. Але ж яна вымусіла на гэта. (Грунова пазьбягае слова «забойства). Таму я сама буду ногі біць да Лукашэнкі і дамагацца справядлівасьці. Сын не заслугоўвае расстрэлу».

Маці забітай студэнткі Ірына Емяльянчыкава, гэтаксама як і Вольга Грунова, апавядае празь слёзы:

«Амаль паўтара году, як няма майго дзіцяці. А мне зноў давялося ўсё перажыць нанова — як ён зьдзекаваўся, забіваў яе, як яна пакутавала. Слава богу, што такіх забойцаў караюць па-справядлівасьці. І такім, як ён, будзе ўрок: за свае дзеяньні трэба адказваць! Трэба ўзгадваць Канстытуцую й судовыя пленумы, калі ты ідзеш забіваць, а ня згадваць пра іх, калі трэба абараняць свае правы. У маёй дачкі таксама было права на жыцьцё па Канстытуцыі. Можа, калі мы пачнем па-справядлівасьці караць, то дзяржаве не давядзецца больш бачыць такія суды. І ня давядзецца трымаць за кратамі такіх груновых. Чаму за тое, што дзяця ў дзіцячым садзе, людзям даводзіцца плаціць, а такія вось груновы павінны за наш кошт, за кошт дзяржавы ўтрымлівацца бясплатна?»
Ірына Емяльянчыкава

Ірына Емяльянчыкава


Ірына Леанідаўна кажа, што пасьля сёньняшняга прысуду ў яе няма аблягчэньня:

«Ёсьць толькі некаторае суцяшэньне, што ад рук такога Грунова больш не пацерпіць ніхто».

Гомельскі праваабаронца, прадстаўнік БХК у рэгіёне Віктар Адзіночанка, які сачыў і за першым, і за цяперашнім судовымі працэсамі, пагаджаецца, што злачынства Грунова надзвычай жорсткае. Але, на думку праваабаронцы, вынясеньне сьмяротных прысудаў не дапаможа зьнізіць колькасьць злачынстваў у краіне. Бо ў Беларусі, дзе захавалася сьмяротнае пакараньне, злачыннасьць вышэйшая, чымсьці ў шэрагу краінаў Эўропы, дзе расстрэлы заменены на пажыцьцёвае зьняволеньне:
Віктар Адзіночанка

Віктар Адзіночанка


«Сьмяротнае пакараньне — гэта, я б сказаў, такое лёгкае вырашэньне праблемы. Замест таго, каб працаваць з грамадзтвам, прадухіляць такія злачынствы, працаваць з моладзьдзю, якая найчасьцей і ўчыняе жорсткія забойствы, прынялі артыкул пра сьмяротнае пакараньне, забілі чалавека й быццам бы праблема вырашана. Такія злачынствы часта не матываваныя і адбываюцца таму, што чалавек маральна дэзарыентаваны. Выпадак з Груновым таму пацьвярджэньне. Бо ён не разумее, што такое каштоўнасьць чалавечага жыцьця, што такое забойства.

Сьмяротнае пакараньне павялічвае настрой жорсткасьці ў грамадзтвае. Калі легальна забівае дзяржава, калі не паважаецца каштоўнасьць чалавечага жыцьця, значыцца, і я магу забіваць. Але забойца існуе ў тым і іншым выпадку».

Ні сёньня, ні заўтра Аляксандра Грунова яшчэ не расстраляюць. Ён мае права цягам дзесяці дзён падаць касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд. Калі ж судовы вырак набудзе законную моц, то Груноў можа яшчэ зьвярнуцца з просьбай пра памілаваньне і да кіраўніка дзяржавы.

На Гомельшчыне, дарэчы, быў прэцэдэнт, калі Аляксандар Лукашэнка наагул вызваліў ад судовага пакараньня маладых жыхароў Жыткавіцкага раёну, якія супольна і надзвычай жорстка забілі свайго аднавяскоўца, аблілі яго бэнзінам і падпалілі, бо падазравалі ў падпалах вясковых пабудоваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG