Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі забаранілі ўезд ва Ўкраіну


Міхаіл Саакашвілі на Эўрамайдане 7 сьнежня 2013 году

Міхаіл Саакашвілі на Эўрамайдане 7 сьнежня 2013 году

МЗС і Служба бясьпекі Ўкраіны задаволілі запыт дэпутата Вярхоўнай Рады аб забароне ўезду ў краіну 36 чалавек, сярод іх экс-прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, паведаміў сёньня «Коммерсант Украіна».

Як распавёў выданьню аўтар запыту, дэпутат ад фракцыі Партыі рэгіёнаў Алег Цароў, усе яны падазраюцца ў «кансультацыях апазыцыі для дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне». На думку парлямэнтара, іх прысутнасьць ва Ўкраіне ўяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы. У сьпісе 30 грамадзян Грузіі, пяцёра амэрыканцаў і адзін грамадзянін Сэрбіі. Сярод пэрсон нон-грата палітыкі, журналісты, прадпрымальнікі, навукоўцы.

У прэс-цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны «Інтэрфаксу» заявілі, што пакуль не камэнтуюць гэтую інфармацыю.

Паводле зьвестак брытанскай Financial Times, адзін з фігурантаў сьпісу – прадпрымальнік Георгі Кіквадзэ – у суботу ня змог перасекчы мяжу Ўкраіны. Член экспэртнай рады парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі Андрэас Умланд зьдзіўлены, што апынуўся ў гэтым сьпісе. Ён адзначыў, што не займаецца палітычнай дзейнасьцю, а працуе ва ўнівэрсытэце. Калі інфармацыя аб забароне пацьвердзіцца, экспэрт мае намер аспрэчыць у судзе рашэньне ўкраінскіх уладаў.

12 сьнежня ва ўезьдзе ва Ўкраіну было адмоўлена расейскаму апазыцыянэру Барысу Нямцову. Пра гэта яму паведамілі проста ў кіеўскім аэрапорце. Расейскі апазыцыйны палітык раней заяўляў аб падтрымцы Эўрамайдана, а 2 сьнежня ён і дзесяць актывістаў руху «Салідарнасьць» былі затрыманыя за несанкцыяваную акцыю каля амбасады Ўкраіны ў Маскве.

У Кіеве з 21 лістапада праходзяць масавыя акцыі прыхільнікаў эўраінтэграцыі, незадаволеных рашэньнем ураду адкласьці працэс збліжэньня з ЭЗ. Дэманстранты патрабуюць датэрміновых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG