Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пасьля вострай барацьбы старшынём Саюзу мастакоў абраны Рыгор Сітніца


Зьезд Беларускага саюзу мастакоў у Менску

Зьезд Беларускага саюзу мастакоў у Менску

У плянах абноўленага Беларускага саюзу мастакоў — стварэньне на базе Палаца мастацтва вялікага сучаснага арт-цэнтру нацыянальнага маштабу.

Учора на ХХІ зьезьдзе Беларускага саюзу мастакоў шляхам таемнага галасаваньня абралі новага старшыню. Ім стаў мастак-графік і паэт Рыгор Сітніца, які вось ужо два тэрміны (агулам 6 гадоў) зьяўляўся намесьнікам былога старшыні саюзу — Уладзіміра Савіча.

Зьезд, які праходзіць раз на тры гады, адбываўся ў Палацы мастацтваў і цягнуўся больш за 10 гадзінаў. За апошнія гады сытуацыя ў творчым саюзе надзвычай абвастрылася: было мноства прэтэнзіяў да працы старшыні і прэзыдыюму ды да іх палітыкі. Мастакі, якія сабраліся на зьезд з усёй Беларусі, відавочна раскалоліся на некалькі лягераў.
Пытаньне арэнды і атрыманьня майстэрняў недарэмна стаіць галоўным на парадку дня ўсіх сходаў і зьездаў Саюзу.

Так, старшыня суполкі «Пагоня» Генадзь Драздоў адзначыў, што Саюз замест таго, каб падтрымліваць мастакоў, дапускае тое, што дзяржава душыць іх падаткамі; зачыняюцца беларускія школкі; пад пагрозай закрыцьця знаходзіцца музэй Максіма Багдановіча; дзяржаўныя замовы разьмяркоўваюцца па нейкай цьмянай сыстэме — ёсьць мастакі, якія атрымліваюць замовы на 20 млн руб. у месяц, а ёсьць тыя, хто анічога не атрымлівае; незразумелай застаецца схема, па якой сябрам Саюзу вылучаюцца майстэрні ды іншае. Па сутнасьці, усе незадаволеныя кіраваньнем Уладзіміра Савіча агучвалі прыблізна сугучныя гэтым недапрацоўкі.

Мастакі, якія сабраліся на зьезд з усёй Беларусі, відавочна раскалоліся на некалькі лягераў.
Пытаньне арэнды і атрыманьня майстэрняў — галоўнае на парадку дня ўсіх сходаў і зьездаў Саюзу. Многія мастакі стаяць у чарзе на майстэрню шмат гадоў. Арэнда майстэрняў, якія знаходзяцца ва ўласнасьці Саюзу мастакоў, альбо якія ён наймае ў горада, нічога не каштуе для мастакоў. Але ім даводзіцца аплачваць камунальныя паслугі. Узімку гэта складае 200 даляраў штомесяц. Ня ўсе мастакі, паколькі гэта людзі зь непастаяннай занятасьцю, могуць сабе гэта дазволіць.

На пасаду старшыні Саюзу мастакоў вылучылі 5 кандыдатаў: скульптара Уладзіміра Слабодчыкава, мастака Мікалая Бушчыка, графіка Рыгора Сітніцу, скульптара Генадзя Буралкіна і мастака Алеся Сушу. Мікола Бушчык зьняў сваю кандыдатуру. У выніку зь невялікай перавагай перамог Рыгор Сітніца. Ён набраў больш за 130 галасоў з прысутных 300. Уладзімір Слабодчыкаў набраў 101 голас. Сваім намесьнікам новы старшыня, каб зьняць усе прэтэнзіі да тандэму Савіч-Сітніца і пераразьмеркаваньня сілаў, абвясьціў скульптара Алеся Дранца, вядомага па скульптуры Францішка Скарыны ля Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску. Уладзімір Савіч цяпер будзе старшынём сэкцыі графікі.

Рыгор Сітніца. Фота Радыё Свабода

Рыгор Сітніца. Фота Радыё Свабода

Склад Рады, якая зьяўляецца другой вырашальнай сілай у Саюзе пасьля Прэзыдыюму, і галасаваньнем якой вырашаюцца многія ўнутрысаюзныя пытаньні, таксама перавыбраны. Цяпер туды ўваходзяць многія мастакі з больш наватарскімі поглядамі, напрыклад, Руслан Вашкевіч і Сяргей Рымашэўскі. Многія мяркуюць, што гэта можа даць станоўчыя вынікі.

Новы старшыня паабяцаў, што будзе дабівацца асабістых сустрэчаў на найвышэйшым дзяржаўным узроўні для абмеркаваньня пытаньняў аплаты майстэрняў. Таксама Сітніца паабяцаў скончыць рамонт Палаца мастацтваў, які зьяўляецца галерэяй Саюзу мастакоў і знаходзіцца на яго ўтрыманьні. Шмат увагі будзе надавацца абласным арганізацыям саюзу, там таксама трэба давесьці да ладу офісы арганізацыі і некаторыя галерэі.



«У нас ёсьць магутная інвэстыцыйная прапанова адносна Палаца мастацтваў, — адзначыў Рыгор Сітніца. — Ад самага буйнога інвэстара ў нашай краіне. Ёсьць ідэя на базе палаца стварыць новы магутны арт-цэнтар агульнанацыянальнага значэньня».

Сярод іншых плянаў: стварэньне майстэрні дакладнага ліцьця для скульптараў і ўдасканаленьне матэрыяльна-тэхнічнай базы графічнай майстэрні.
Ёсьць ідэя на базе палаца стварыць новы магутны арт-цэнтар агульнанацыянальнага значэньня

Адным з галоўных недахопаў працы Саюзу мастакоў адзначалася закрытасьць арганізацыі і дрэнна наладжаныя сувязі з мэдыямі. Абяцаюць, што гэта таксама будзе паступова выпраўляцца. Нагадаем таксама, што пэўны час таму ў Беларускага саюзу мастакоў нарэшце зьявіўся свой сайт. Цяпер агульнадаступнай стала, напрыклад, інфармацыя пра абласныя сэкцыі Саюзу мастакоў, а таксама пра ўнітарныя прадпрыемствы, якія ўваходзяць у структуру грамадзкага аб’яднаньня.

Рыта ЛЁН
Фота аўтара

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG