Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьніжак ня будзе — нават пэнсіянэрам


Belarus -- In the automotive shops of Homel cars are not bought, 09Jan2010

Belarus -- In the automotive shops of Homel cars are not bought, 09Jan2010

Усе фізычныя асобы, якія маюць у сваім распараджэньні аўтамабільны транспарт, у тым ліку і пэнсіянэры, будуць бязь зьніжак плаціць падатак за дазвол да ўдзелу ў аўтамабільным руху.

Пра гэта заявіла сёньня на прэсавай канфэрэнцыі намесьніца міністра па падатках і зборах Беларусі Эла Сяліцкая.

Яна паведаміла, што падатак будзе налічвацца зыходзячы з трох крытэраў. Першы — каму належыць аўтасродак. Для юрыдычных асобаў ён будзе большы, чым для фізычных. Другі — від аўтасродку: легкавік, грузавік, аўтобус альбо прычэп. Трэці — вагавая маса аўтасродку.

На пытаньне журналістаў, чаму ня робіцца зьніжак пэнсіянэрам, якія звычайна выяжджаюць толькі на лецішча ўлетку, намесьніца міністра спаслалася на складанае эканамічнае становішча ў краіне.

Эла Сяліцкая адказала і на некалькі канкрэтных пытаньняў. Напрыклад, хтосьці заплаціў падатак, а праз тыдзень-другі прадаў сваю машыну. Ці вернуць яму падатак? Не. Колькі будуць плаціць уладальнікі машынаў, якія праходзяць тэхагляд адзін раз на два гады? Падвойны падатак.

А вось для юрыдычных асобаў ёсьць выключэньні. Яны распаўсюджваюцца на грамадзкі транспарт, акрамя маршрутных аўтамабіляў, і на машыны спэцыяльнага прызначэньня, кшталту «Хуткай дапамогі», транспарту Міністэрства абароны ды некаторых іншых. За іх плаціць падатак непатрэбна.

Спадарыня Сяліцкая падкрэсьліла: адпаведны законапраект прайшоў праз абедзьве палаты Нацыянальнага сходу. Аднак яго пакуль не падпісаў Аляксандар Лукашэнка. "Калі кіраўнік дзяржавы яго падпіша, то закон пачне дзейнічаць ад 1 студзеня 2014 году",— заявіла намесьніца міністра.
XS
SM
MD
LG